Жыхар Мінска Уладзімір Падгол звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Беларусі з запытам адносна гісторыі, калі ДАІшнік з Брэста паслаў зацятага кіроўцу на тры літары. І атрымаў вось такі адказ:

«Паважаны Уладзiмiр Мiхайлавiч!

Ваш зварот, якi паступіў на афіцыйны інтэрнэт-сайт Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, разгледжаны.

Па сутнасці зададзеных пытанняў паведамляю, што размешчаны на інтэрнэт-сайце артыкул выказвае суб'ектыўны погляд яе аўтара і ў прыведзеным выпадку не адпавядае рэальнай рэчаіснасці.

Праведзенай праверкай устаноўлена, што ў адказе намесніка начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама была выкарыстана не поўная інфармацыя, якая ўтрымоўваецца ў заключэннi лінгвістычнай экспертызы, што стварыла ўмовы для яе няправiльнага разумення.

Пры праглядзе відэазапісу размовы супрацоўніка ДАІ з кіроўцам нецэнзурных выказванняў зафіксавана не было, што пацвярджаецца высновамi экспертызы.

Гэты факт у сукупнасці з іншымі доказамі, паслужылi падставай для спынення ў дачыненні iнспектара ДПС справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, адказнасць за якія прадугледжана артыкуламі 9.3 і 17.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць органаў унутраных спраў і іх структурных падраздзяленняў, пры ўзаемаадносiнах супрацоўніка ДАІ з удзельнікамі дарожнага руху праява фамільярнасці і нетактоўных паводзін недапушчальна.

Па выніках праведзенай праверкі дзеянням iнспектара ДПС дадзена адпаведная ацэнка і ў дачыненні да названага супрацоўніка прыняты меры ўздзеяння.

У выпадку нязгоды з адказам Вы можаце абскардзіць яго ў судзе.

Намеснiк начальнiка ўпраўлення ДАI МУС Рэспублiкi Беларусь В.Н.Гаркун».

Нагадаем, што брэсцкі кіроўца напісаў заяву, у якой прасіў аб прыцягненні да адказнасці інспектара ДПС: той… паслаў кіроўцу «на х…й», што трапіла на запіс відэарэгістратара. А яшчэ звяртаўся «малыш» і «Андруша».

Адказ прыйшоў за подпісам намесніка начальніка абласной міліцыі Вячаслава Максімука. Максімук сцвярджае, што была праведзеная лінгвістычная экспертыза.

Паводле яе, словы «малыш» і «Андруша» не з'яўляюцца наўмысным прыніжэннем гонару і годнасці асобы. Абразай не з'яўляецца і выраз «ідзі на х…й», хоць неназваны эксперт і прызнае, што гэта «непрыстойная форма выразу».

З адказу Гаркуна вынікае, што цяпер ужо «нецэнзурных выказванняў зафіксавана не было».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?