10 сакавіка ў Менску пройдзе міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная сьмяротнаму пакараньню. Праваабарончы цэнтар «Вясна», які ня першы год займаецца пытаньнем адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, не атрымаў запрашэньня на гэтую канфэрэнцыю.

Прадстаўнік «Вясны» Валянцін Стэфановіч так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю: «Гэта працяг палітыкі МЗС, якое прынцыпова не запрашае нас на мерапрыемствы, якія ладзяцца пры іх удзеле, паколькі мы ня маем афіцыйнай рэгістрацыі. Я разумею, што праблема ў гэтым. Бо калі былі кансультацыі па ўнівэрсальным пэрыядычным аглядзе, якія МЗС ладзіў зь няўрадавымі арганізацыямі, нас таксама не запрашалі, хоць мы актыўна ўдзельнічалі ў працэдуры ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду, рыхтавалі альтэрнатыўную справаздачу, распрацоўвалі рэкамэндацыі. З аднаго боку, яны нас не рэгіструюць, а зь іншага — не запрашаюць на розныя мерапрыемствы, бо мы не зарэгістраваныя. Але тое, што міжнародныя арганізацыі таксама фактычна падтрымліваюць такія падыходы падзелу арганізацыяў на «зарэгістраваныя» і «незарэгістраваныя», «дрэнныя» і «добрыя», — гэта нядобра для праваабарончага сэктару».

Сама сытуацыя зь нерэгістрацыяй «Вясны» ненармальная. Бо ў нас ёсьць два рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН адносна ліквідацыі нашай арганізацыі і трох адмоваў у яе рэгістрацыі, дзе ёсьць патрабаваньне да ўладаў аб рэгістрацыі. Але ўлады гэтага не выконваюць.

Дагэтуль дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у нас крыміналізаваная, крымінальная адказнасьць за гэта ёсьць, хоць і не прымяняецца. Але, нягледзячы на ўсё гэта, мы і надалей будзем працаваць у межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня».

Арганізатарам канфэрэнцыі выступае прадстаўніцтва Праграмы разьвіцьця ААН пры фінансавай падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Прэсавы сакратар Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі так патлумачыў сытуацыю:

«Прынцып запрашэньня на мерапрыемства такі — арганізацыя павінна існаваць і быць зарэгістраванай. Калі Беларускі Хэльсынскі Камітэт зарэгістраваны ў Беларусі, ён запрошаны для ўдзелу. Гэтак жа з «Прававой ініцыятывай» і БАЖ. Таму такі прынцып, іншага ня дадзена. «Вясна» не зарэгістраваная, таму яе і не запрашалі».

Аднак удзельнікі канфэрэнцыі плянуюць сустрэцца па-за рамкамі канфэрэнцыі таксама з праваабаронцамі «Вясны». У прыватнасьці, на сустрэчу іх запрасіў спэцыяльны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, які наведае Беларусь з працоўным візытам з 8 па 11 сакавіка. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі таксама значыцца дакладчык па Беларусі камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па палітычных пытаньнях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?