Мар'ян Котлеба з паплечнікамі адзначыў на днях 87-годдзе з дня смерці славацкага генерала Мілана Стэфаніка.

Мар'ян Котлеба з паплечнікамі адзначыў на днях 87-годдзе з дня смерці славацкага генерала Мілана Стэфаніка.

З аднаго боку, парламенцкія выбары, якія прайшлі ў суботу ў Славакіі, завяршыліся прадказальна. Прэм’ер-міністр Роберт Фіца прыступае да складанай задачы фармавання новай кіруючай кааліцыі. Але тым не менш, іх вынікі выклікалі сапраўдны шок. Прычына — поспех ультранацыяналістаў Марыяна Котлебы і яго Народнай партыі «Наша Славакія».

Марыян Котлеба прымусіў пра сябе загаварыць ў 2013 годзе, калі ён выйграў выбары ў Банска-Быстрыцкім краі і стаў яго губернатарам.

А на сёлетніх выбарах у парламент яго партыя атрымала 8% галасоў і будзе мець 14 дэпутатаў.

Тэрмін «неанацысцкі» часта вельмі вольна ўжываецца для апісання тых палітыкаў, чые погляды выглядаюць правей за пазыцыю Марын Лё Пэн, лідара Нацыянальнага фронту ў Францыі.

Але Марыян Котлеба сапраўды да нядаўніх часоў быў неанацыстам. Ён любіў з'яўляцца на публіцы ва ўборы, які нагадвае форму фашысцкіх апалчэнцаў з арганізацыі «Глінкава гвардыя», якая існавала ў Славакіі ў гады Другой сусветнай вайны.

500 рэйхсмарак за кожнага яўрэя

Ён і яго паслядоўнікі ўзялі на ўзбраенне ўсю сімволіку і рыторыку «Глінкавай гвардыі». Яны лічаць сябе нашчадкамі Першай Славацкай рэспублікі, першага эксперыменту са славацкім суверэнітэтам, які рэалізаваўся ў гады вайны пры падтрымцы нацысцкай Германіі.

Ёзэф Ціса і яго фашысцкі рэжым былі саюзнікамі нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.

Ёзэф Ціса і яго фашысцкі рэжым былі саюзнікамі нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.

Не трэба мець ніякіх ілюзій. Славацкая дзяржава была клерыкальнай-фашысцкім рэжымам, створаным на ўзор нацысцкай Германіі. «Глінкава гвардыя» заўзята пераследавала ворагаў рэжыму, перш за ўсё яўрэяў.

У 1941 годзе было заключана беспрэцэдэнтнае па сваім цынізме і жорсткасці пагадненне з Нямеччынай аб дэпартацыі яўрэяў. Славакія прапанавала тады плаціць па 500 рэйхсмарак за кожнага яўрэя, дэпартаванага ў рамках сваіх абавязанняў па адпраўцы ў Нямеччыну 120 тысяч працоўных — пры ўмове, што гэтыя яўрэі ніколі не вернуцца ў краіну.

І яны не вярнуліся.

У выніку каля 75 тысяч славацкіх яўрэяў, 83% ад колькасці яўрэйскай грамады Славакіі ў перадваенны пэрыяд, загінулі ў нацысцкіх лагерах смерці — нават пасля таго, як славацкі дыктатар Ёзэф Ціса на патрабаванне Ватыкана неахвотна спыніў дэпартацыі.

І вось гэтым рэжымам захапляюцца Марыян Котлеба і 13 новых дэпутатаў парламента ад Народнай партыі «Наша Славакія». Пра гэты рэжым Котлеба сказаў аднойчы, што тады было «райскае жыццё».

У 2014 годзе, калі адзначалася 75-годдзе заснаваньня Славацкай дзяржавы, мясцовая газета ў горадзе Банска-Быстрыца абвясціла, што губернатар Котлеба «вызваліў» гарадскую ратушу, зняўшы з яе сцяг Еўрасаюза. Котлеба ненавідзіць і ЕС, і НАТА, называючы апошнюю арганізацыю тэрарыстычнай.

«Момант вялікай ганьбы»

З таго часу, як Марыян Котлеба стаў губернатарам, ён змяніў форму ў стылі «Глінкавай гвардыі» на пінжакі з тоўстага карычневага вельвету.

Але як адзначаюць славацкія каментатары, змена ўніформы не прывяла за сабой змену поглядаў.

Антыімігранцкая праграма Котлебы і яго партыі відавочна прыцягнула нямала маладых выбарцаў у тых раёнах Славакіі, якія пакутуюць ад беднасці і сацыяльнага расслаення.

Марыян Котлеба назваў здраднікамі тых славацкіх дэпутатаў Еўрапейскага парламента, якія прагаласавалі за ўвядзенне ў ЕС сістэмы квот на прыём мігрантаў.

Котлеба — лідар славацкіх неанацыстаў.

Котлеба — лідар славацкіх неанацыстаў.

«Славакія перажывае момант вялікай ганьбы», — кажа Том Нікалсан, брытанска-канадскі журналіст газеты SME, які пражыў у краіне 23 гады.

«Партыя Котлебы не падобная да французскага Нацыянальнага фронту, які можна назваць вельмі правай партыяй. Гэта — нацысты», — лічыць Нікалсан.

«У яе шэрагах — скінхэды, яны прылюдна зігуюць адзін аднаму і праводзяць сходкі ў Браціславе, на якія збіраецца да 2 тысяч чалавек. Там яны выкрыкваюць абразы на адрас уцекачоў і мігрантаў з Бліскага Усходу», — распавёў ён у інтэрвію Бі-бі-сі.

Вынікі толькі што праведзеных у Славаччыне парламенцкіх выбараў мусяць стаць навукай для Цэнтральнай Еўропы і ўсяго кантыненту.

Многія партыі, прадстаўленыя ў славацкім парламенце — у тым ліку памяркоўныя сілы, такія як левацэнтрысцкая партыя прэм’ер-міністра «Курс — сацыяльная дэмакратыя», — падчас перадвыбарчай кампаніі выступалі з падобнымі засцярогамі аб «мусульманскім нашэсці», якое пагражае «захліснуць» гэтую невялікую хрысціянскую нацыю з насельніцтвам усяго 5 мільёнаў чалавек.

Назіральнікі папярэджвалі, што выкарыстанне нацыяналістычных лозунгаў разахвоціць дэманаў Цэнтральнай Еўропы і выпусьціць з бутэлькі джына еўрапейскага нацыяналізму.

На жаль, адзначаюць яны, менавіта гэта і адбылося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?