07.03.2016 / 18:19

8 Сакавіка — святкаваць ці не?

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаецца ў шэрагу краін як «жаночы дзень». Сэнс, які ўкладаецца ў гэтае вызначэнне, змяняецца ад дня ўшанавання жанчын, да дня барацьбы за іх грамадзянскія і сацыяльныя правы. Што ж насамрэч хаваецца за гэтай датай?

Дзень шанавання жанчын узнік яшчэ ў Старажытным Рыме. Тады гэтае свята адзначалі «матроны» — жанчыны, якія нарадзіліся свабоднымі і ўступілі ў шлюб. Яны атрымлівалі ў гэты дзень ад сваіх мужоў падарункі і былі акружаныя ўвагай і клопатам. У гэты дзень рабыні вызваляліся ад сваіх абавязкаў, а рымлянкі апраналіся ў найлепшыя строі і накіроўваліся ў храм багіні Весты.

Пасля падзення Рымскай Імперыі жанчыны надоўга пазбавіліся свайго свята. Толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя жанчыны дасягнулі некаторых поспехаў у барацьбе супраць саслоўнага, маёмаснага і расавага прыгнёту. Што праўда, жанчыны па-ранейшаму не мелі права голасу, не маглі займаць дзяржаўныя пасады і былі абмежаваныя ў праве на працу.

Менавіта з XIX ст. звязаныя першыя згадкі аб свяце 8 Сакавіка. У свой час шырокае распаўсюджанне атрымала версія, згодна з якой традыцыя адзначаць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка была пакладзена дэманстрацыяй, праведзенай ў гэты дзень у 1857 годзе работніцамі тэкстыльнай прамысловасці і фабрык па пашыве адзення ў Нью-Ёрку. Жанчыны пратэставалі супраць жудасных умоў працы і нізкай заработнай платы. Яны патрабавалі скарачэння працоўнага дня, паляпшэння ўмоваў працы, роўную з мужчынамі заработную плату.

Што праўда, пазней гэтая версія была прызнаная фальсіфікацыяй. Шмат хто хацеў аддзяліць традыцыю свята ад камуністычнай ідэалогіі, што было надзвычай важна для барацьбітоў за правы жанчын у Заходняй Еўропе і ЗША падчас халоднай вайны.

Насамрэч дэманстрацыя, якая стала пачаткам святкавання 8 Сакавіка, адбылася значна пазней — амаль на 50 гадоў. 8 сакавіка 1908 па прызыву Нью-Йоркскай сацыял-дэмакратычнай жаночай арганізацыі адбыўся мітынг з лозунгамі аб роўных правах жанчын. У гэты дзень больш за 15 тыс. жанчын прайшлі маршам праз увесь горад, патрабуючы скарачэння працоўнага дня і роўных умоў аплаты працы. Акрамя таго, было вылучанае патрабаванне прадастаўлення жанчынам выбарчага права. У 1910 годзе, на Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канферэнцыі, было прынятае рашэнне аб святкаванні Міжнароднага жаночага дня менавіта 8-га сакавіка.

За год да гэтага Сацыялістычная партыя ЗША абвясціла нацыянальны жаночы дзень, які адзначаўся аж да 1913 года ў апошнюю нядзелю лютага.

У 1910 годзе нямецкая сацыялістка Клара Цэткін на Другой Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канферэнцыі прапанавала заснаваць дзень барацьбы за правы жанчын. На прапанову члена Сацыял-дэмакратычнай партыі Алены Грынберг, датай святкавання было зацверджанае 19 сакавіка. Яна прыгадала, што 19 сакавіка 1848 года кароль Прусіі даў абяцанне правесці рэформы, у тым ліку ўвесці выбарчае права для жанчын.

Упершыню Міжнародны жаночы дзень адзначаўся ў Германіі, Аўстрыі, Даніі і Швейцарыі 19 сакавіка 1911 года. Падчас святкаванняў праходзілі шматлюдныя мітынгі. У 1912 годзе ён адзначаўся 12 траўня ў тых жа краінах.

Потым надышла блытаніна. У 1913 годзе ў Германіі жанчыны мітынгавалі 12 сакавіка, у Аўстрыі, Чэхіі, Венгрыі, Швейцарыі, Галандыі – 9 сакавіка, у Францыі і Расіі – 2 сакавіка. Толькі у 1914 годзе Міжнародны жаночы дзень правялі 8 сакавіка адначасова ў шэрагу еўрапейскіх краін.

Міжнародны жаночы дзень быў папулярны ў свеце ў 1910-я і 1920-я гады, але потым яго папулярнасць знізілася і зараз у свеце ён практычна не адзначаецца.

Сёння гэты дзень абвешчаны выхадным днём у былых рэспубліках СССР, а таксама ў Анголе, Буркіна-Фасо, Гвінеі-Бісау, Камбоджы, Кітаі, Конга, Лаосе, Македоніі, Манголіі, Непале, Паўночнай Карэі і Угандзе. Ва Узбекістане 8 Сакавіка называецца Днём маці; у Арменіі Дзень мацярынства і прыгажосці адзначаюць 7 красавіка.

У Беларусі 8 Сакавіка па-ранейшаму для большасці застаецца святам жанчын. Нагодай павіншаваць блізкіх, родных і нават незнаёмых. Аб рэвалюцыйным мінулым гэтага свята сёння амаль ніхто не задумваецца. Чаму б тады проста не скарыстацца гэтай нагодай для віншаванняў?

Артыкул упершыню надрукаваны ў 2010.

АП