У беларускай сталіцы актывісты міжнароднага грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) сумесна з камандай «Ды-джэі Адраджэння» (нефармальная адукацыйная праграма для моладзі) павіншавалі беларусак з Днём жанчын, паведамляе Naviny.by.

8 сакавіка яны расклеілі ў цэнтры Мінска плакаты з фотаздымкамі і кароткай інфармацыяй пра восем вядомых ва ўсім свеце беларусак і жанчын, якія паходзяць з Беларусі.

Сярод іх святая Ефрасіння Полацкая, удзельніца паўстання 1830 года Эмілія Плятэр (беларуская Жанна д'Арк, графіня-рэвалюцыянерка), вучоная Соф'я Кавалеўская, паэтка Ларыса Геніюш, плыўчыха Аляксандра Герасіменя, біятланістка Дар'я Домрачава, галівудская зорка Скарлет Ёхансан і нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч.

Іх выявы суправаджаюцца надпісамі «Беларускі, з якіх варта браць прыклад» і «Жанчыны, прыйшоў і ваш час! З 8 Сакавіка, вясною і абуджэннем!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0