Македонія заявіла, што больш не будзе прапускаць мігрантаў праз сваю мяжу з Грэцыяй. Такім чынам, будзе заблакаваная асноўная дарога, па якой мігранты трапляюць у Паўночную Еўропу.

Улады Македоніі прынялі гэтае рашэнне, пасля таго як кантроль на межах узмацнілі Славенія, Сербія і Харватыя. Славенія, напрыклад, прапускае праз мяжу толькі бежанцаў, якія аказаліся ў адчайным становішчы, а таксама тых, хто плануе папрасіць прытулку ў краіне. У выніку мігранты збіраюцца ў Македоніі.

Паводле дадзеных агенцтва Рэйтэр, якое спасылаецца на міністэрства ўнутраных спраў Македоніі, у аўторак ні адзін мігрант не перасёк грэчаска-македонскую мяжу.

На мяжы Грэцыі і Македоніі сабралася прыкладна 14 тысяч чалавек, якія не могуць трапіць у краіны Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы. Яны знаходзяцца з грэчаскага боку мяжы. Македонія да ўвядзення забароны прапускала толькі невялікую колькасць мігрантаў, у асноўным выхадцаў з Сірыі і Ірака.

Улады Грэцыі ў сераду спрабавалі ўгаварыць мігрантаў пакінуць лагер на мяжы з Македоніяй, санітарныя ўмовы ў якім становяцца ўсё больш дрэннымі, перадае Франс прэс.

Лагер пачаў фарміравацца ў лютым, калі Аўстрыя пачала рабіць больш жорсткім міграцыйны кантроль. Многія мігранты знаходзяцца ў ім ужо некалькі тыдняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?