«Манрэаль» у Бостане прайграў мясцовым мядзьведзям зь лікам 4:5.

Квэбэкскі клюб вёў па ходу паядынка тройчы, але ўтрымаць перамогу ня здолеў. Самым выніковым аказаўся трэці пэрыяд, прайграны «Канадыенс» зь лікам 2:4. Два асыстэнцкія балы на рахунку з малодшага зь беларусаў, што выступаюць за клюб, – Сяргея Касьціцына.

Лік у сэрыі стаў 3:3, і цяпер усё вырашыцца ў заключным матчы, што пройдзе ў Манрэалі ў ноч на аўторак. Гульня пачнецца, калі ў Беларусі будзе другая гадзіна ночы.

Цікава, што напярэдадні 1/8 фіналу большасьць экспэртаў сыходзілася на тым, што «Манрэалю», каб перамагчы «Бостан Бруінз» спатрэбіцца максімум пяць матчаў. У рэгулярным чэмпіянаце «Бостан» прайграў усе восем гульняў «Канадыенс», але ў плэй-оф цудоўным чынам зьмяніўся і паказваю мядзьвежы характар.

Учора ва Ўсходняй канфэрэнцыі прайшоў яшчэ адзін матч: «Вашынгтон» выйграў у «Філадэльфіі» зь лікам 3:2, і цяпер лік у сэрыі 3:2 на карысьць філадэльфіскага клюбу.

Дзьве каманды з гэтай канфэрэнцыі ўжо выйшлі ў наступны раўнд: гэта «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» і «Пітсбург».

***

«Каларада Эвэланш», за які выступае беларускі абаронца Руслан Салей, сёньня ўначы перамог на сваёй пляцоўцы «Мінэсоту Ўайлд» зь лікам 2:1. Лік у сэрыі стаў 4:2 на карысьць «лавінаў», і яны выйшлі ў наступны раўнд.

Супернік «Каларада» яшчэ невядомы. Паводле рэглямэнту каманда зь ніжэйшым рэйтынгам (месцам у канфэрэнцыі) будзе гуляць з камандай з найвышэйшым рэйтынгам.

Г. зн. у наступным раўндзе «Каларада» сустрэнуцца або з «Дэтройтам» (1-е месца ў канфэрэнцыі) ці «Сан-Хасэ» (2), калі яны перамогуць у сваіх сэрыях, а калі прайграюць, то з пераможцам сэрыі «Анахайм» (4) – «Далас» (5).

Магчыма, нешта праясьніцца сёньня ноччу, калі згуляюць усе тры пары з Заходняй канфэрэнцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?