Кампанія Google зрабіла даступнай для загрузкі распрацоўшчыкамі прэв'ю-версію сваёй новай мабільнай аперацыйнай сістэмы Android N.

Сярод навінак, дададзеных у прашыўку — палепшаны энергазахавальны рэжым Doze, які цяпер актывізуецца не толькі пры статычным становішчы прылады, але і пры выключэнні яе дысплея, змененая панэль апавяшчэнняў з магчымасцю хуткага адказу на ўваходныя паведамленні і запуск двух праграм на адным экране. Апошняя функцыя, зрэшты, ужо была рэалізаваная ў некаторых абалонках Android іншых вытворцаў.

Прэв'ю-версія Android N таксама дазваляе распрацоўшчыкам эксперыментаваць з незамацаванымі праграмамі, якія можна свабодна перамяшчаць па дысплеі. Акрамя таго, у Google заяўляюць, што дапрацавалі комплекс алгарытмаў Project Svelte, які дазваляе сістэме працаваць хутчэй на прыладах са слабымі тэхнічнымі характарыстыкамі.

Выхад Android N стаў сюрпрызам для карыстальнікаў і распрацоўшчыкаў, паколькі звычайна кампанія Google анансуе праграмныя абнаўленні ў маі ў рамках канферэнцыі Google I/O.

Android N — рабочая назва новай аперацыйнай сістэмы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, фінальная версія будзе выпушчаная пад брэндам Android Nutella.

На бягучы момант актуальнай агульнадаступнай версіяй мабільнай АС з'яўляецца Android Marshmallow, раней вядомая як Android M.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?