У нядзелю, 20 красавіка, на сядзібе Партыі БНФ прайшоў чарговы ХІ зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Улады так і ня выдзелілі вялікай залі для правядзеньня чарговага справаздачна-выбарчага зьезду АГП. Партыйцы зьвярталіся ў некалькі дзесяткаў установаў, але сутыкнуліся з адмовамі. Найбольш гарачыя галовы нават прапаноўвалі правесьці зьезд пад сьценамі Адміністрацыі прэзыдэнта, але пастанавілі спыніцца на звыклым альтэрнатыўным варыянце – Сядзібе Партыі БНФ. Заля ўправы не такая ўжо вялікая, таму сядзячыя месцы былі гарантаваныя толькі жанчынам, а таксама пэнсіянэрам. Іншым дэлегатам рыхтаваліся адолець шматгадзінны задушлівы зьездаўскі маратон на сваіх нагах.

Месца ў прэзыдыюме занялі юрыст партыі Сяргей Альфер і прадпрымальнік з Барысава Леў Марголін. Менавіта яны, імкнучыся размаўляць па-беларуску, і вялі працу ХІ зьезду.

Ва ўступным слове старшыня АГП Анатоль Лябедзька сканцэнтраваўся на трох асноўных палажэньнях: удзел у выбарах у палату прадстаўнікоў адзіным сьпісам дэмакратычных сілаў, распрацоўцы працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на наступныя прэзыдэнцкія выбары, а таксама ініцыяваньня правядзеньня чарговага Кангрэсу дэмсілаў.

Да апошняга не выключалася, што выбары новага старшыні АГП могуць прайсьці на безальтэрнатыўнай аснове. Толькі за пару тыдняў да самога мерапрыемства канкурэнцыю дзейснаму старшыню вырашыў скласьці малавядомы фэрмэр зь Лельчыцаў Мікалай Гаўрыленка. Былы ліквідатар катастрофы на Чарнобыльскай АЭС спрабаваў гуляць на незадаволенасьці рэгіянальных актывістаў партыйнай вярхоўкай. Абурэньне ў Гаўрыленкі выклікаў хоць бы той факт, што кіраўніцтва АГП так ні разу і не пабывала ў ягоных родных Лельчыцах, не даходзяць да палескага гораду і партыйная друкаваная прадукцыя. «Вярхі партыя жывуць самі па сабе, рэгіёны – самі па сабе», – сказаў Гаўрыленка.

Увогуле, кіраўніцтва АГП і самога Анатоля Лябедзьку падчас выступаў партыйцаў крытыкавалі досыць часта. Жодзінец Аляксандар Ваўчанін пачаў выступ з характэрных словаў: «І хоць на гэтым зьезьдзе хваліць кіраўніцтва не прынята...».

Намесьнік старшыні «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч у сваім выступе адзначыў, што АГП трэба «разьвіваць партыйны нацыяналізм». «Бо што такое АДС?» – задаўся пытаньне маладзён. Ягоныя словы сарвалі добрыя аплядысмэнты ў залі. Зрэшты, Пашкевіча хвалявала яшчэ адно пытаньне. Фігурант «працэсу 14-і» рабіў усё, каб у склад Палітрады партыі ня трапіў старшыня «Маладых дэмакратаў» Аляксандар Шумкевіч. Забягаючы наперад адзначым, што гэта Пашкевічу ўдалося. У выніку рэйтынгавага галасаваньня Шумкевіч і эксцэнтрычная Крысьціна Шацікава аказаліся лішнімі, і ў Палітраду не ўвайшлі.

Актывіста Руху «За Свабоду» Віктара Карняенку хвалявала тое, што АГП ня ёсьць самадастатковай партыяй, а апазыцыя страчвае сваю суб’ектнасьць. Леў Марголін засяродзіўся на тым, што АГП павінна рабіць стаўку на прадпрымальнікаў і моладзь, што пакуль ня робіцца.

Ігар Шынкарык і Ўладзімер Чырвоненка добраахвотна склалі зь сябе паўнамоцтвы намесьнікаў старшыні АГП. Чырвоненка таксама адзначыў у сваім выступе, што з партыі разьбягаюцца людзі. «Многія маладыя людзі прыходзяць у партыю, каб пакаўбасіцца некалькі гадоў, а пасьля зьехаць на Захад. Што да партыйных справаў, то нам трэба больш актыўна разьвіваць міжнародныя адносіны па вэктары Бэрлін – Менск – Масква», – сказаў былы намесьнік старшыні па міжнародных пытаньнях. Пры гэтым ён рэзка крытыкаваў палітыку А. Лябедзькі.

Падчас вылучэньня прэтэндэнтаў на старшынства сэнсацыяў не адбылося – Анатоль Лябедзька і Мікалай Гаўрыленка. Вылучалі таксама і Льва Марголіна зь Людмілай Гразновай, але яны самі ўзялі самаадвод.

Вынікі галасаваньня зноў жа цалкам прадказальныя: за Лябедзьку – 127 дэлегатаў (82 %), за Гаўрыленку – 22 дэлегаты (14 %), чатыры чалавекі супраць усіх, а два бюлетэні палічылі несапраўднымі. Старшыня падліковай камісіі Аляксандар Цацура, калі абвяшчаў канчатковыя вынікі крыху паблытаў лічбы, сказаўшы, што за Лябедзьку прагаласавалі 83%, што выклікала дружны сьмех у залі. Магія лічбы.

Наноў абраны старшыня АГП сказаў, што працягвае заставацца аптымістам. «Я ўзначальваю партыю ў самыя цяжкія для Беларусі часы», – сказаў Лябедзька. Ён адзначыў, што на сёньняшні дзень праходзіць амаладжэньне кадраў партыі. У Палітраду абраныя 13 новых асобаў.

Лябедзька адразу адзначыў, што хацеў бы бачыць у партыі толькі двух намесьнікаў, якія б працавалі больш эфэктыўна, і прапанаваў Яраслава Раманчука і Лява Марголіна, дэлегаты вылучылі яшчэ Людмілу Гразнову, але ейныя шанцы ад пачатку разглядаліся як мінімальныя. Так і выйшла, што намесьніцкія фатэлі занялі ў чарговы раз Раманчук і ўпершыню Марголін. Гразновай, мабыць, так і не прабачылі актыўнага супрацоўніцтва зь Мілінкевічам і Рухам «За Свабоду». Зрэшты, кіраўніцтву АГП усё ж хапіла розуму, каб не праводзіць чысткі шэрагаў.

Былі таксама яшчэ прынятыя зварот да грамадзянаў Беларусі, стратэгія партыі, а таксама рэзалюцыя супраць будаўніцтва ў краіне атамнай АЭС.

Цяпер партыйцы павінны засяродзіцца на падрыхтоўцы і ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Па агульным сьпісе кандыдатаў АДС лібэралам выдзелілі ажно 30 месцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?