Руіны вялікакняскага замка ў Крэве. Паводле фота Яна Булгака.

Руіны вялікакняскага замка ў Крэве. Паводле фота Яна Булгака.

Крэва. ХІІІ стагоддзе. Стары бацька пакахаў жонку сына. І яна адказала яму ўзаемнасцю. Такая завязка новага апавядання Уладзіміра Някляева «Лапаціна», надрукаванага ў «Дзеяслове» №1’2016.

Бацька лічыць, што яму пара «пад лапаціну» — нямоглых людзей у Крэве па іх жаданні забівалі на ахвярніку на святой гары.

Паводле звычаю, забіваць бацьку мусіў малодшы сын. І рабіць тое лапацінай, на якой садзяць хлеб у печ. Але меншы сын старога Ціта аднарукі, і жонка сярэдняга сына, Мілава, не хоча адпускаць старога — у каханні ён спадабаўся ёй больш за мужа.

Бацька і ягоныя сыны — паганцы, Мілава — хрысціянка. А тут яшчэ свае інтарэсы маюць вайдэлот, агент Міндоўга, і Крыва-Крывэйта.

Пісьменнік скруціў у тугі вузел сюжэт з гісторыі ВКЛ, беларускія «праклятыя пытанні», шэкспіраўскія страсці і імамураўскую легенду пра Нараяму.

Уладзімір Някляеў. Фота Сяргея Гудзіліна.

Уладзімір Някляеў. Фота Сяргея Гудзіліна.

Гістарычны антураж у «Лапаціне» — на другім плане. На першым — чалавечая псіхалогія, падобная ва ўсе часы. Таму аўтар і называе свой твор прыпавесцю.

Цікава таксама, як пісьменнік апісвае логіку «пацанскага гонару» Міндоўгаў і да іх падобных. У іх лёгка прачытваюцца некаторыя законы палітычнага дзеяння альфа-самцоў нашага часу.

Дарэчы, сыноў у старога ўладарнага Ціта — тры… Апавяданне, сапраўды, шматслойнае.

Захапляльны, непрадказальны сюжэт, паэтычная містыка Старой Літвы і аўтарская няўмольнасць робяць апавяданне маленькім шэдэўрам.

Пастаўлены па ім фільм таксама мог бы стаць вялікім поспехам.

Апавяданне спадабаецца нават тым, хто не надта любіць мастацкую літаратуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?