Галоўная ваенная пракуратура Генеральнай пракуратуры Украіны (ГПУ) паведаміла пра падазрэнні экс-міністру абароны Украіны за неналежнае выкананне службовых абавязкаў. Міхаіла Ежаля падазраюць у спробе незаконна прадаць Расійскай Федэрацыі бамбавікі.

zn.ua

zn.ua

Як паведамляе прэс-служба ГПУ, дапушчаная халатнасць мела месца пры ўзгадненні ў 2011 годзе пераліку ваеннай маёмасці Узброеных сіл Украіны, якая падлягае адчужэнню.

«У далейшым гэта рашэнне дазволіла Міністэрству абароны Украіны ажыццявіць неправамернае адчужэнне двух цяжкіх стратэгічных бамбавікоў ТУ-95МС суб'екту прадпрымальніцтва, якое пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе матэрыяльнай шкоды дзяржаве ў асабліва буйным памеры на суму больш за 24 мільёны грыўняў», — паведамляе ГПУ.

Падчас дасудовага расследавання выяўленае месцазнаходжанне бамбавікоў і іх камплектуючых, на іх накладзены арышт.

«Была прадухіленая далейшая рэалізацыя самалётаў і іх камплектуючых у Расійскую Федэрацыю», — адзначылі ў Генпракуратуры.

Міхаіл Ежаль быў прызначаны паслом у Беларусі 3 красавіка 2013 года ўказам Віктара Януковіча, які тады быў прэзідэнтам Украіны. Да гэтага займаў пасаду дарадцы прэзідэнта Украіны, у 2010-2012 гадах быў міністрам абароны, яшчэ раней — галоўнакамандуючым Ваенна-марскімі сіламі Узброеных сіл Украіны.

У жніўні 2014 года Генеральная пракуратура Украіны распачала супраць Міхаіла Ежаля больш за 50 крымінальных спраў за актыўны ўдзел у знішчэнні тылавога забеспячэння ўкраінскай арміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?