10 сакавіка на ютубе з’явіўся ролік пра намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігара Барысава. Заліта відэа з фэйкавага акаўнту «Лёва з Магілёва».

Невядомы аўтар спрабуе скампраметаваць Барысава. У кадры з’яўляюцца не надта прывабныя здымкі Ігара, а таксама нібыта распіскі на атрыманне грошай. Раней такія фільмы пра актывістаў апазіцыі часта дэманстравалі на дзяржаўных тэлеканалах. Цяпер жа проста «выкідваюцца» ў інтэрнэт.

«Год таму супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў мяне камп’ютар, на якім і быў архіў фотаздымкаў за апошнія 10 гадоў. Тады міліцыя высвятляла, ці не я абразіў у артыкуле аднаго дырэктара магілёўскага прадпрыемства. Справа скончылася, да мяне ніякіх прэтэнзій няма.

У пачатку лютага скончылася праверка, якую супраць мяне праводзілі падаткавікі – ніякіх прэтэнзій да мяне яны не маюць. Я не баюся, бо я чысты. У процілеглым выпадку сядзеў бы ўжо як Бяляцкі.

Гэта старыя метады кампраметацыі, адпрацаваныя ўжо шмат гадоў. Мясцовая «кантора» кіно здымае. Ёсць яшчэ ў Магілёве адзін такі сайт, дзе я пастаянны герой. Пісалі там нядаўна, што ў мяне тры кватэры, у тым ліку ў Вільні, супераўтамабіль. Усё гэта трызненні.

Цяпер гэта актывізавалася перад з’ездам БСДП, які адбудзецца ў нядзелю. Напэўна, камусьці вельмі хочацца, каб партыя прагнулася пад «Гавары праўду», а не працягвала дэмакратычнае развіццё», — сказаў Ігар Барысаў у каментары «НН».

Ігар Барысаў нарадзіўся ў 1982 у Магілёве. Скончыў Беларуска-Расійскі універсітэт (Магілёў) і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук. Ад 2001 года ў БСДП. Ад 2010 – намеснік старшыні БСДП. Рэдактар сайта «Наш Магілёў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?