22-гадовую Любоў Базылевіч проста з радзільні забралі ў ізалятар часовага ўтрымання, а потым перавялі ў СІЗА. Яе нованароджанага сына адправілі ў дзіцячую бальніцу на штучнае гадаванне. Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна збіла кантралёраў у гарадскім аўтобусе. Праваабаронцы лічаць такую меру стрымання для маладой мамы празмерна жорсткай.

Бацькі Любові Базылевіч прыходзяць у дзіцячую бальніцу, каб даведацца пра здароўе ўнука і перадаць памперсы, прысыпкі і сурвэткі. Фота: Юрый Піваварчык

Бацькі Любові Базылевіч прыходзяць у дзіцячую бальніцу, каб даведацца пра здароўе ўнука і перадаць памперсы, прысыпкі і сурвэткі. Фота: Юрый Піваварчык

Любоў Базылевіч жыве з бацькамі і двума маленькімі дзецьмі — двух і чатырох гадоў — у Жыткавічах. У Баранавічы яна прыехала, каб нарадзіць трэцяе дзіця: тут жыве яе грамадзянскі муж, ды і медыцына лепш.

«Каб даравалі ёй, цяжарнай»

17 лютага Любоў Базылевіч разам з маці і свякрухай ехала ў аўтобусе №16 у жаночую кансультацыю.

— На прыпынку «Лядовы палац» у аўтобус зайшлі кантралёры. Адна з іх праверыла нашы талоны і сказала, што адзін прабіты два разы, — кажа Рада, маці Любові Базылевіч. — Дачка адразу прызналася, што гэта яе талон. Мы сталі прасіць, каб ёй, цяжарнай, даравалі.

Але кантралёры настойвалі на штрафе. Па словах Рады, 105 тысяч рублёў у іх з сабой не было. Калі аўтобус пад'ехаў да прыпынку «вуліца Брэсцкая», дзе жанчынам трэба было выходзіць, Любоў Базылевіч накіравалася да дзвярэй. Кантралёр заступіла ёй дарогу. Тады Любоў пайшла да другіх дзвярэй, але там яе спыніў кантралёр-мужчына.

— Ён яе адштурхнуў, і Люба ўпала ў праход паміж сядзеннямі, — кажа Рада. — Мы яе паднялі і сталі сароміць кантралёра: як мужчына можа так абыходзіцца з жанчынай, тым больш цяжарнай?

Канфлікт разгараўся. Рада запэўнівае, што мужчына абразліва адзываўся аб іх цыганскай нацыі — з-за ўсяго таго, што адбывалася, жанчыны не маглі кантраляваць свае эмоцыі.

— Дачка рвалася да кантралёра, але я яе ўтрымлівала. Праз маё плячо яна ўсё-ткі ўдарыла яго па твары, а свацця сцягнула з яго шапку. Мы і не думалі, што з-за гэтага завядуць крымінальную справу, — кажа Рада.

Паводле яе слоў, жанчына-кантралёр здымала тое, што адбываецца, на тэлефон з таго моманту, калі Рада і яе свацця кінуліся абараняць цяжарную дзяўчыну. Знерваваная Люба спрабавала выхапіць ў яе тэлефон.

— Хай бы зняла тое, як кантралёр штурхаў дачку, якія словы страшныя казаў, — абураецца Рада.

Даведацца версію іншага боку канфлікту не ўдалося: абодва кантралёры адмовіліся ад каментароў. Па словах следчага, яны сцвярджаюць, што дзяўчыну не штурхалі і не зневажалі. Атрымаць аператыўны каментар у кіраўніцтва аўтапарка не ўдалося.

«У яе ж швы толькі знялі!»

Жанчын адвезлі ў ГАУС, а потым на агляд у наркадыспансер.

— Калі я выйшла з кабінета, дачкі ў калідоры ўжо не было. Аказалася, што ёй стала кепска і хуткая адвезла яе ў радзільню, — распавядае Рада. — Увечары я даведалася, што дачцэ зрабілі экстраннае кесарава.

Маці дзяўчыны кажа, што хлопчык нарадзіўся слабенькім, неданошаным, а ўжо на другі дзень пасля аперацыі да дачкі ў радзільню прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі, што ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа па артыкуле «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак». Пад гэты ж артыкул трапіла і свацця Рады, якую змясцілі ў ІЧУ, а потым у СІЗА.

Раніцай 24 лютага Рада збірала рэчы для сустрэчы дачкі з радзільні. Выпіска павінна была адбыцца ў 12 гадзін дня.

— Але гадзін у 10 тэлефануе Люба і кажа, што яе арыштоўваюць, — распавядае Рада. — Я ўсё кінула, выклікала таксі і хутчэй у радзільню. Дачку забралі ў халаце i ў тапках. А ў яе ж швы толькі знялі!

Немаўля Любові Базылевіч перавялі ў дзіцячую гарадскую бальніцу. Лекары кажуць, што ў дзіцяці ёсць паталогіі, праводзіцца лячэнне.

Калі малога вылечаць, яго лёс будуць вырашаць органы апекі. Каб хлопчык не трапіў у дзіцячы дом і з лякарні яго змагла забраць бабуля, ёй трэба аформіць апякунства.

— Так, дачка вінаватая, але яна ж не злосны злачынец, не забойца, каб яе з радзільні ў СІЗА зачыняць, з дзіцём разлучаць. Як ён, слабенькі такі, выкараскаецца на штучным гадаванні і без мамы? Усё праз тое, што мы — цыганы, і нас за людзей не лічаць, — упэўненая Рада.

«Мы не дзелім людзей па нейкай прыкмеце, а паступаем ў адпаведнасці з законам»

У праваахоўных органаў свой пункт гледжання на тое, што адбылося.

— На відэа, знятым на мабільнік, відаць, як жанчыны паводзілі сябе ў адносінах да кантралёра, які выконваў свае прафесійныя абавязкі. Такія дзеянні пасажыраў крымінальна каральныя, — кажа Святаслаў Бармоцін, намеснік начальніка Баранавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта РБ. — Што тычыцца арышту і скіравання ў СІЗА, гэтая мера стрымання была абраная таму, што падазраваная — не тутэйшая. Былі падставы меркаваць, што яна можа ўцячы. Нейкіх змякчальных абставінаў для жанчын, якія нарадзілі дзіця, заканадаўства ў дадзеным выпадку не прадугледжвае.

Сітуацыі, калі пасажыры без квіткоў збіваюць кантралёраў, не рэдкасць. Супраць такіх парушальнікаў заводзяцца крымінальныя справы. І гісторыя з дзяўчынай, на думку следчых, нічым не адрозніваецца ад іншых падобных.

— Ні дзяўчына, ні яе родныя не жадаюць усведамляць, што яна здзейсніла злачынства. І тое, што яна была цяжарная, на мой погляд, не апраўдвае яе. Мала таго, дзеянні праваахоўных органаў і ўсю гэтую сітуацыю яны ўспрымаюць як уціск цыган. На самай справе, мы паступаем у адпаведнасці з законам, — растлумачыў Святаслаў Бармоцін. — Летась за падобнае злачынства было асуджана каля дзясятка жыхароў нашага рэгіёну — не цыганы. Дык пра якую дыскрымінацыю можа ісці гаворка?

Занадта жорсткая мера для менш цяжкага злачынства

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што СІЗА — занадта жорсткая мера стрымання для любога чалавека, які падазраецца ў здзяйсненні менш цяжкага злачынства. Тым больш для жанчыны, якая мае нованароджанае дзіця.

— Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, заключэнне пад варту прымяняецца, калі падазраваны не з'яўляецца ў следчыя органы, ёсць падазрэнне, што ён можа ўцячы, ці не мае пастаяннага месца жыхарства ў Беларусі, — растлумачыў Валянцін Стэфановіч. — У дадзенай сітуацыі я не бачу падстаў для такой жорсткай меры стрымання. На мой погляд, яе цалкам можна замяніць, напрыклад, на хатні арышт ці падпіску аб нявыездзе.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і адвакат Любові, якая накіравала скаргу ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы з просьбай улічыць абставіны арыштаванай: у яе трое малалетніх дзяцей, адзін з якіх — нованароджаны, і змяніць меру стрымання. Скаргу не задаволілі. Адвакат звярнулася ў Брэсцкі абласны суд, які 11 сакавіка, па яе словах, пастанавіў вызваліць Любоў Базылевіч з-пад варты.

Сітуацыю пракаментавалі іншыя спецыялісты.

Алена Ярсой, псіхолаг: «У жанчын у перыяд цяжарнасці змяняецца гарманальны фон, адбываюцца змены ў псіхіцы, жанчыны становяцца больш эмацыйнымі. Людзям трэба быць больш цярплівымі да цяжарных і разумець, што яны ў гэты перыяд знаходзяцца ў іншым, змененым стане».

Іна Тарасюк, эксперт па грудным выкормліванні: «Разлука з мамай — гэта стрэс для нованароджанага: як у цэлым для яго арганізма, так і для псіхічнага стану. Па-першае, немаўляці даводзіцца прывыкаць да штучнага гадавання, якое для яго чужароднае, але галоўнае — побач з ім няма мамы, і ён эмацыйна адчувае сябе як дзіця, ад якога адмовіліся. Праз усё гэта выздараўленне дзіцяці можа зацягнуцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?