Бабак Занджані называў сябе «эканамічным апалчэнцам» Ірана, вадзіў чорны Mercedes 500 SL і насіў гадзіннік за $30 тыс., як і належыць чалавеку з маёмасцю $13,5 млрд. Пачынаў свой бізнэс з продажу аўчыны, а ў выніку ён стаў ключавым трэйдарам іранскага Міністэрства нафты і ўладальнікам бізнэс-імперыі з 64 кампаній, пісала ў 2013 годзе The New York Times.

З таго года ў жыцці прадпрымальніка пачалася чорная паласа — ЗША і ЕС увялі супраць Занджані і яго кампаній санкцыі, а на радзіме новыя ўлады, западозрылі бізнэсмэна ў абслугоўванні інтарэсаў набліжаных былога прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада, прад'явілі яму абвінавачванні ў прыўлашчванні $2,7 млрд дзяржаўных сродкаў.

У нядзелю, 6 сакавіка, іранскі суд прыгаварыў Занджані да смяротнага пакарання праз павешанне. Ён утрымліваецца ў тэгеранскай турме Эвін, дзе ў маі 2014 года пакаралі смерцю іншага іранскага бізнэсмэна Махафарыда Аміра Хасраві, абвінавачанага ў прысабечванні $2,8 млрд. Смяротны прысуд Занджані яшчэ можа быць заменены на іншае пакаранне, дапускае міністр унутраных спраў краіны Мастафа Пур-Махамадзі, — калі бізнэсмэн верне дзяржаве прысвоеныя сродкі. «Пакуль ён не выказаў такога жадання», — прывёў Bloomberg словы чыноўніка.

Ад аўчыны да банкаў

Дакладныя дадзеныя пра ўзрост, сям'ю і першыя камерцыйныя поспехі Занджані адсутнічаюць. Па звестках еўрапейскіх чыноўнікаў, Занджані нарадзіўся 12 сакавіка 1971 года, Мінфін ЗША паказвае іншую дату — 12 сакавіка 1974 года. Сям'я Занджані жыла сціпла, распавядаў бізнэсмэн іранскім СМІ ў адным з сваіх рэдкіх інтэрв'ю, якое цытуе «Радыё Свабода». Бацька будучага прадпрымальніка працаваў на чыгунцы, яго ж першым працадаўцам адразу стаў старшыня Цэнтрабанка Ірана — у яго Занджані працаваў асабістым кіроўцам.

Праз нейкі час малады чалавек вырашыў заняцца ўласнай справай — ён стаў прадаваць у Турцыю аўчыны і завозіць у Іран спажывецкія тавары: шампуні, безалкагольнае піва, каву і алей. Яго бізнэс імкліва развіваўся, ён пачаў засноўваць кампаніі ў Іране і за яго межамі. Толькі за два гады ён адкрыў 11 фірмаў, распавядаў прадпрымальнік, у тым ліку фінансавую арганізацыю ў ААЭ, каб мець магчымасць напрамую працаваць з замежнымі банкамі. Пазней бізнэсмэн адкрыў банк у Грузіі, а таксама купіў пакет акцый малайзійскага Першага ісламскага інвестыцыйнага банка (First Islamic Investment Bank).

Па дадзеных «Радыё Свабода», вялікія грошы бізнэсмэн зрабіў у Турцыі, куды ў нейкі момант перабраўся з Ірана.

Дадзеныя аб дакладным памеры багацця Занджані адрозніваюцца — у інтэрв'ю іранскаму штотыднёвіку Aseman у 2013 годзе ён ацэньваў сваю маёмасць у $10 млрд, BBC паведамляла, што яна складае $13,5 млрд, а FT пісала, што падчас аднаго судовага працэсу прадпрымальнік ацаніў толькі наяўныя сродкі у памеры €22 млрд.

Аснова бізнэс-імперыі Занджані — холдынгавая структура Sorinet Group, адзін з найбуйнейшых іранскіх кангламератаў, якім ён кіраваў як дырэктар.

Пад кіраваннем холдынгу знаходзяцца 64 кампаніі, якія працуюць у вытворчасці касметыкі, банкаўскай справе, гасцінічным бізнэсе, камерцыйнай авіяцыі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, інфармацыйных тэхналогіях і нерухомасці. Група працуе ў Іране, ААЭ, Турцыі, Таджыкістане, Малайзіі, Кітаі і іншых краінах рэгіёну.

Паводле звестак Цэнтра за дэмакратычны Іран, Занджані валодаў долямі ў турэцкай авіякампаніі Anvar Airlines, фінансавай кампаніі Financial and Credit Institute ў ААЭ, таджыцкім банку Arzish Bank. Яму таксама належала іранская авіякампанія Qeshm Airlines і футбольны клуб «Рах Ахан» (гуляе ў чэмпіянаце Ірана па футболе). Таксама Занджані належыць комплекс па вытворчасці дызельнага паліва ў Іраку, які пастаўляе яго з іракскага Курдыстана ў Афганістан. Прадпрымальнік таксама інвеставаў у іранскі кінематограф. Замежны доўг яго холдынгавай кампаніі складае €11—12 млрд, і яна штогод плаціць 1,5—2% за яго абслугоўванне.

Як адзначае радыё «Свабода», у апошнія гады прадпрымальнік бавіў шмат часу ў Таджыкістане. У Душанбэ ў мільярдэра некалькі інвестпраектаў: аўтавакзал, гіпермаркет і будаўнічы бізнэс. На відэа, распаўсюджаным іранскімі апазіцыйнымі СМІ, Занджані танчыць на мерапрыемстве ў мястэчку Нурэк каля Душанбэ.

Містэр пасярэднік

Праз нейкі час рост багацця Занджані прыцягнула да прадпрымальніка ўвагу не толькі кіруючых колаў, але і грамадскасці. «Калі хто-небудзь становіцца занадта багатым — што выклікае грамадскае незадавальненне, — рэжым пачынае ціснуць на яго слабыя кропкі і ставіць яго на месца, — тлумачыць FT неназваны аналітык. — Занджані стаў занадта заўважнай фігурай».

«У Іране ўсе, хто раптоўна становяцца багатымі, падпадаюць пад падазрэнне, — тлумачыць Махамад Хашчэхрэ, эканаміст і былы член іранскага меджліса. — Паклаўшы руку на сэрца, мы і самі не ведаем, герой Занджані або злачынец».

З 2010 года, як бізнэсовец тлумачыў часопісу Aseman і інфармагенцтву ISNA, ён дапамог прадаць Ірану мільёны бараляў нафты, прынёсшы Міністэрству нафты, Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі і Цэнтрабанку Ірана $17,5 млрд валютнай выручкі, атрымаўшы пры гэтым нікчэмную камісію 0,007%. Для гэтага спатрэбілася здзейсніць 9 тыс. банкаўскіх транзакцый. «У Цэнтрабанка канчаліся грошы, і ў 2010 годзе яны папрасілі мяне дапамагчы краіне атрымаць нафтадаляры, гэта я і зрабіў», — распавядаў мільярдэр.

Ён стварыў схему, каб схаваць паходжанне іранскай нафты, і арганізаваў яе продаж на адкрытым рынку.

Занджані перапампоўваў яе з танкера ў танкер, часцяком у малавядомай гавані малайзійскай выспы Лабуан, сцвярджаюць у ЕС. У цэлым, па словах бізнэсмена, ён прадаў 24 млн бар. іранскай нафты пакупнікам з Сінгапура, Малайзіі і Індыі, пасля чаго адмыў валютную выручку праз Першы ісламскі інвестыцыйны банк, які ў выніку трапіў у санкцыйныя спісы ЗША і ЕС.

Што вядома пра бізнэс Бабака Занджані

У €22 млрд ацаніў Занджані сродкі на рахунках сваіх кампаній падчас судовага працэсу

64 кампаніі налічвае бізнэс-імперыя прадпрымальніка

$2,7 млрд Занджані прысвоіў, па версіі следства, на продажах іранскай нафты за мяжу

У 1980-я мільярдэр заснаваў свае першыя кампаніі

24 млн бар. іранскай нафты бізнэсмэн прадаў купцам з Сінгапура, Малайзіі і Індыі

2 дні спатрэбілася, каб абысці санкцыі і вярнуць будаўнічаму падраздзяленню Корпуса Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі сродкі, якія захраснулі за мяжой з-за санкцый

Па 272 эпізодах ЕС і ЗША абвінавацілі Занджані ў парушэнні санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да Ірана

$17,5 млрд валютнай выручкі за прададзеную іранскую нафту мільярдэру ўдалося прынесцi Міністэрству нафты, Корпусу Вартавых і Цэнтрабанку Ірана

Крыніца: Financial Times, The New York Times, радыё «Свабода», Trend News Agency

У 2010 годзе да Занджані звярнулася Khatam-al Anbiya, будаўнічае падраздзяленне Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, якое з-за санкцый не магло вярнуць на радзіму сродкі. З дапамогай свайго банка прадпрымальнік за пару дзён перавёў у Іран $40 млн, сцвярджае сам Занджані.

З тых часоў дзяржструктуры пачалі звяртацца да прадпрымальніка па дапамогу, і гэта дапамагло яму стаць самым уплывовым пасярэднікам нафтавага сектара Ірана. «У сваім кабінеце ён сустракаўся з былым міністрам нафты краіны Растамам Касемі», — распавядала The New York Times дасведчаная крыніца.

«Менавіта гэтым я і займаюся — антысанкцыйнай дзейнасцю, — адзначаў мільярдэр. — Я бізнэсмен, які добра вырашае пытанні». «З таго часу, як у дачыненні да мяне ўвялі санкцыі, яны не змаглі прадаць і 3 млн бар. нафты», — казаў ён пра іранскія ўлады.

У мінулым свой дзелавы поспех прадпрымальнік тлумачыў дапамогай Усявышняга і поспехам, якія, падобна, канчаткова адвярнуліся ад яго ў 2013 годзе.

З дабрадзеяў ў злачынцы

Восенню 2013 года парламент Ірана пачаў расследаванне здзелак, учыненых падкантрольнымі Занджані кампаніямі. На двары былі ўжо іншыя часы — за месяц да гэтага пакінуў сваю пасаду прэзідэнт краіны Махмуд Ахмадзінежад, які паспеў сур'ёзна пасварыцца з вярхоўным кіраўніком Ісламскай Рэспублікі Алі Хаменеі. У апошні год праўлення Ахмадзінежада на яго паплечнікаў пачаліся ганенні, кіраўнік ягонай адміністрацыі трапіў у турму, прэзідэнту нават не было дазволена прапанаваць на вызваленую пасаду свайго вылучэнца. Непрыемнасці пачаліся і ў Занджані.

Ён быў арыштаваны ў снежні 2013 года, праз пяць месяцаў пасля выбрання на пасаду прэзідэнта Хасана Раўхані. Новы свецкі лідэр паслядоўна заклікаў перамагчы карупцыю, каб павысіць канкурэнтаздольнасць краіны пасля зняцця з яе санкцый, і даручыў праваахоўнікам ўзяцца за «прывілеяваных асоб, што атрымалі выгаду з эканамічных санкцый».

Прадпрымальніка абвінавацілі ў крадзяжы $2,7 млрд у дзяржаўнай нафтавай кампаніі National Iranian Oil, якая даручыла Занджані арганізаваць экспарт нафты на суму $ 3 млрд, сцвярджаў кіраўнік Вярхоўнага аўдытарскага суда Ірана Амін Хасейн Рахімі.

Следства выявіла, што крадзяжы адбыліся пры спробах абысці якія дзейнічалі ў дачыненні да Ірана міжнародныя санкцыі, якія тычацца экспарту нафты, паведамлялі мясцовыя СМІ. Працэс па справе бізнэсоўца пачаўся ў 2015 годзе.

Абвінаваўчае заключэнне па справе Занджані склала 50 тыс. старонак, і яго поўны тэкст давялося прывозіць у суд на грузавіку.

Яшчэ да свайго арышту Занджані казаў, што гатовы выплаціць належныя з яго даўгі. «Я расплачуся з дзяржавай, калі мне дадуць рэквізіты рахунку, на які фізічна можна залічыць €1 млрд, — распавядаў ён у інтэрв'ю аднаму з іранскіх часопісаў. — Я не магу пералічыць грошы, бо і Міннафты, і Цэнтрабанк знаходзяцца пад санкцыямі. Мы не можам іх пералічыць, але яны ляжаць на нашых рахунках». Паводле яго слоў, $700 млн яму ўсё ж такі ўдалося вярнуць дзяржаве.

У пошуках заступніка

Міністр нафты Ірана Біжан Намдар Зангане, які даў абяцанне не адступаць, пакуль усе «народныя грошы» не вернуцца на радзіму, настойвае на тым, што Занджані дапамагалі высокапастаўленыя саўдзельнікі. Калі FT спытала ў міністра, чаму ён не назаве іх імёны, ён адказаў, што ва ўрада і так з'явілася «дастаткова непрыемнасцяў з-за ўказання на прозвішча Занджані», — відавочнае сведчанне высокага статусу партнёраў прадпрымальніка.

Адвакат бізнэсмэна Расул Кухпае-задэ заяўляў, што ў яго падабароннага няма сувязяў з іранскімі палітыкамі. «Мой кліент — геній міжнароднага гандлю і банкінгу і не атрымліваў падтрымкі ад ніводнай палітычнай групы, — казаў Кухпае-задэ. — Калі б ён не знаходзіўся ў турме апошнія два гады, ён бы зарабіў значна больш, чым $2 млрд, [якія ён вінны]». Грошы, якія суд вырашыў спагнаць з Занджані, знаходзяцца ў сусветнай банкаўскай сістэме і будуць пераведзены ў Іран, як толькі са краіны здымуць санкцыі, тлумачыў адвакат FT ў снежні 2015 года.

Падчас судовага працэсу Занджані казаў, што ў Іране ёсць бізнэсмены і багацейшыя за яго, якія карыстаюцца імунітэтам у дзяржавы. Сярод іншага, ён здзіўляўся, чаму імя аднаго з іх, які завінаваціўся Міннафты $5 млрд, так і не было агалошана. Міністр нафты адказаў на гэта, што названая сума знаходзіцца ў бяспечным месцы.

У ходзе працэсу прадпрымальнік адмовіўся прызнаць, што яго структуры служылі падстаўнымі кампаніямі для аперацый ўрада. Але, тым не менш, ён раскрыў сваю сувязь з Khatam-al Anbiya.

«Народ хоча ведаць, хто яму дазволіў прадаваць нафту і куды дзелася ўся выручка, — пракаментаваў прысуд Раўхані ў панядзелак, 7 сакавіка. — Калі мы выявілі карупцыянера, трэба ўсталяваць першакрыніцу карупцыі і ліквідаваць яго; мы не зможам разлічваць на аднаўленне эканомікі ў грамадстве, у якім прысутнічае карупцыя».

Пасля таго як Занджані выслухаў свой смяротны прысуд, ён у чарговы раз заявіў, што яго адзінай задачай было служэнне «палітычнаму кіраўніцтву» краіны, перадавала агенцтва Tasnim. Адвакат прадпрымальніка абяцае абскардзіць прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?