Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) плануе вылучыць на парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца не пазней за 11 верасня, як мага больш партыйных кандыдатаў у дэпутаты.

Пра гэта заявіла старшыня партыі Ірына Вештард, выступаючы ў Мінску на XVI чарговым з'ездзе арганізацыі, які праходзіць 13 сакавіка ў Мінску.

«На сёння ў спісе патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты — 26 чалавек. Як мінімум пажадана гэтую колькасць прэтэндэнтаў павялічыць у два разы», — сказала яна.

Пры гэтым Вештард лічыць важным, каб кандыдаты ў дэпутаты, вылучаныя БСДП (Грамада), не прадстаўлялі іншыя арганізацыі. «Не трэба даваць магчымасці паразітаваць на нашых структурах», — падкрэсліла яна.

Вештард зазначыла, што партыя павінна браць удзел у выбарах як у палітычнай кампаніі, якая дазваляе прапагандаваць сярод насельніцтва ідэі сацыял-дэмакратаў, працаваць на станоўчы імідж партыі. У той жа час яна лічыць, што дэмакратычным кандыдатам на маючых адбыцца выбарах неабходна будзе абмеркаваць мэтазгоднасць зняцця сваіх кандыдатур перад галасаваннем.

Таксама Вештард заявіла, што ўжо адразу пасля з'езду БСДП (Грамада) павінна пачаць падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яна лічыць, што партыя павінна выставіць на іх свайго кандыдата ў прэзідэнты. Пры гэтым, падкрэсліла яна, гэта не адмаўляе магчымасці перамоў з іншымі дэмакратычнымі структурамі наконт вылучэння адзінага кандыдата.

XVI справаздачна-выбарны з'езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) праходзіць 13 сакавіка ў Мінску. У ім бяруць удзел больш як 80 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

На з'ездзе будуць абраныя старшыня партыі, яго намеснікі, члены цэнтральнага камітэта, плануецца абмеркаваць змены і дапаўненні ў статут і выбарчы рэгламент.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?