Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка разглядае тры варыянты развіцця падзей з прызначэннем новага ўрада.
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook прэс-сакратар прэзідэнта Святаслаў Цаголка.
Паводле яго слоў, сёння Парашэнка правёў сустрэчы з лідарамі фракцый, таксама ён сустрэўся з лідарам партыі «Самапомач» Андрэем Садавым.
«Мэта ўсіх сустрэч прэзідэнта з палітычнымі лідарамі — паскарэнне выхаду з палітычнага крызісу. Для ўсіх зразумела, што для фарміравання новага ўрада патрэбная новая кааліцыя. Яе галоўнымі крытэрамі павінна стаць захаванне праеўрапейскага курсу і паскарэнне рэформаў», — напісаў Цаголка.
Ён адзначыў, што ёсць тры варыянты развіцця падзей.
Першы — гэта тэхнакратычны ўрад на чале з Наталляй Ярэська «ў выпадку аб'яднання ўсіх праеўрапейскіх фракцый» вакол такога ўрада.
Другім з'яўляецца «палітычны ўрад (напрыклад, на чале з А. Садавым)».
«Мэта гэтага ўрада, як і папярэдняга — паскарэнне тэмпу рэформаў», — дадаў прэс-сакратар.
Трэцім варыянтам з'яўляецца ўрад на чале з іншым чалавекам.
«Калі парламенцкія сілы маюць іншыя кандыдатуры, хай прапаноўваюць іх і знаходзяць 226 галасоў у Вярхоўнай Радзе. Прэзідэнт гатовы працаваць з любым кандыдатам, якога прапануе кааліцыя», — адзначыў Цаголка.