Андрэй Полій — студэнт-трэцякурснік Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта. Ён вучыцца на факультэце фундаментальнай і прыкладной лінгвістыкі, выступае з дакладамі на канферэнцыях. Антон Сомін — малодшы навуковы супрацоўнік Лабараторыі лінгвістычнай канфлікталогіі Школы філалогіі НДУ ВШЭ, выкладчык Інстытута лінгвістыкі РГГУ. Тэма іх даследаванняў — балючае пытанне для большасці беларусаў: чаму расейцы кажуць не Беларусь, а Белоруссія? І чаму мы на гэта крыўдзімся?

Антон Сомін. Фота з асабістага архіва

Антон Сомін. Фота з асабістага архіва

— Адразу скажу, я нарадзіўся ў Маскве, бацькі таксама масквічы, так што ніякай сувязі з Беларуссю ў мяне няма, — пачынае Андрэй Полій. — Думка працаваць над тэмай «Беларусь vs. Белоруссія» нарадзілася з размовы з маім выкладчыкам Антонам Соміным: ведаючы, што сам ён родам з Беларусі, я спытаў у яго, якая назва краіны будзе правільнай. Ад яго і пачуў пра двайную норму. У выніку мы вырашылі, што пра гэта разам можам напісаць цікавую працу, асабліва калі разглядаць не толькі сухія факты, але і саму спрэчку вакол іх. У рэшце рэшт, у рускай ёсць яшчэ некалькі назваў краін з падобнай гісторыяй: напрыклад, Малдавія і Малдова — аднак з-за таго, што расейцы выбіраюць «савецкі» варыянт, спрэчак у інтэрнэце значна менш.

Андрэй правёў два апытанні: першае — у інтэрнэце, з удзелам 418 расейцаў. Заданне простае: вызначыць дзесяць дзяржаў, іх мову і назву жыхароў — для таго, каб даведацца, як без роздумаў, «на аўтамаце» удзельнікі назавуць тую ці іншую краіну. У выпадку з нашай дзяржавай большасць выбрала «Белоруссию» (67,2%), «белоруса» (88,3%) і «белору(с)ский» (93,1%). Цікавая, але лагічная заканамернасць: чым вышэйшы узровень адукацыі і ўзрост, тым імаверней расеец аддасць перавагу варыянту «Белоруссия».

Для другога апытання Андрэй спецыяльна прыехаў у Мінск — і два дні камунікаваў з наведвальнікамі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

— Вуснае апытанне было цікавейшае тым, што я мог адсачыць і асабістую рэакцыю. Магу сказаць, што самымі «баявымі» можна лічыць маладых людзей да 30 гадоў: яны асабліва эмацыйна даводзілі, што правільна менавіта «Беларусь» і ніяк інакш. Старэйшае ж пакаленне, увогуле, паводзіла сябе дастаткова спакойна: называйце, як вам падабаецца, галоўнае, да краіны добра стаўцеся.

Антон Сомін апытаў яшчэ 71 беларуса анлайн, і 52 з іх (73,2%) свае пачуцці ў адносінах да «Белоруссии» выказалі так: ад нянавісці да лёгкага раздражнення. Больш за палову з іх заявілі, што будуць выпраўляць суразмоўцу, які ўжывае гэтае слова, таму што ён альбо непісьменны, альбо іх не паважае.

У працы Андрэя Полія і Антона Соміна ёсць яшчэ мадэль тыповай спрэчкі ў інтэрнэце. Звычайна ўсё пачынае абураны беларус: назву маёй краіны напісалі няправільна! У адказ на гэта расійскі карыстальнік паведамляе, што па нормах рускай мовы правільна — Белоруссія. Калі спрэчка працягваецца, то ў ход ідзе адзін і той жа набор аргументаў.

Прыхільнікі Беларусі паказваюць на тое, што назвы іншых дзяржаў і гарадоў не транслітаруюцца на рускую мову (Дойчланд, Франс, Рома). Сцвярджаюць, што Беларусь — гэта беларускае слова, а ў рускай мове злучальнай галоснай «а» не бывае. Прыводзяць у прыклад Малдавію, Кіргізію і іншыя краіны, якія пасля распаду СССР змянілі сваю назву — але ў рускай мове гэта не адбілася, таму што адна дзяржава не можа загадаць іншай, як яе зваць (руская мова разглядаецца як уласнасць Расіі). Не абыходзіцца без жартаў, самы папулярны: «Беларусь — гэта трактар, а краіна — Белоруссія». Калі ў ход ідуць спасылкі, то амаль заўсёды гэта ліст Інстытута рускай мовы РАН (дзе паказана, што «абедзьве назвы — Белоруссія і Беларусь маюць права на існаванне і ўжыванне ў сучаснай рускай мове»), фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі, які сядзіць на саміце з таблічкай «Республика Белоруссия», або артыкул у «Вікіпедыі» «Найменне беларускай дзяржавы на рускай мове».

president.gov.by

president.gov.by

Доказы прыхільнікаў Беларусі не менш пераканаўчыя: руская — гэта дзяржаўная мова Беларусі, а гэта дае права беларусам ўплываць на яе нормы. Назва Беларусь замацаваная ў рускамоўнай Канстытуцыі, пазначаная ў пашпартах і законе № 1085-XII 1991 года. Тыя краіны, назвы якіх не транслітаруюцца, проста не маюць рускай у якасці дзяржаўнай. Апаненты нагадваюць аб тым, што Белоруссія — імя савецкай рэспублікі, а Беларусь — незалежная дзяржава. Краіны з назвай Белоруссія больш не існуе: стала ж Бірма М'янмай, а Бераг Слановай Косці — Кот-д'Івуарам. Спасылаюцца звычайна на ліст ІРМ РАН, агульнарасійскі класіфікатар краін свету ці сайт Інстытута геаграфіі РАН. Любімы жарт — гіперспасылка на існаванне краіны Расіі.

Пераканаць адзін аднаго бакам не ўдаецца — як звычайна і бывае са спрэчкамі ў інтэрнэце.

— Мне здаецца, для беларусаў гэтае пытанне важнае таму, што варыянт Белоруссія занадта ўжо савецкі. Народу хацелася б зусім аддзяліць сябе ад СССР, у тым ліку на ўзроўні назвы краіны. Па рэакцыі людзей у Нацыянальнай бібліятэцы я зразумеў, што для многіх гэта вельмі сур'ёзнае пытанне.

І хоць сам Андрэй прызнаецца, што часцей гаварыць Беларусь, чым Белоруссія, добрых навін для нас у яго няма. Расейцы ведаюць, што беларусаў крыўдзіць «няправільная» назва іх краіны, але казаць інакш не спяшаюцца.

— Справа ў тым, што для расейцаў гэта зусім не палітычнае пытанне, а, хутчэй, моўнае. Напрыклад, некаторы час таму ў СМІ трапіла ілжывая інфармацыя: нібыта Міністэрства адукацыі дазваляе ў літаратурнай мове ніякі род слова «кофе». Рэакцыя на форумах і ў сацсетках была досыць бурнай. Тут тое ж самае, расейцы, хутчэй, думаюць нешта накшталт: «А чаму гэта беларусы могуць вучыць мяне рускай мове?». Пераканаць іх будзе складана яшчэ і таму, што ўсе расійскія СМІ аддаюць перавагу «Белоруссіі». Некаторыя нават пішуць, што Аляксандр Лукашэнка — «прэзідэнт Белоруссіі», хоць гэта як раз памылка: словазлучэнне называе афіцыйную асобу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?