У Брэсце затрыманы 15-гадовы навучэнец аднаго з прафесійных ліцэяў горада, які страляў у школьнікаў з пнеўматычнай зброі.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова 12 сакавіка прыблізна ў 16.15 падлетак з балкона першага паверха кватэры, дзе пражывае, зрабіў некалькі стрэлаў з пнеўматычнага пісталета.

Ад супрацьпраўных дзеянняў зламысніка пацярпелі трое школьнікаў, якія знаходзіліся паблізу будынка. Яны атрымалі ўдары ад металічных куль. Акрамя таго, у выніку страляніны пашкоджанае лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля «Рэно», які стаяў на аўтастаянцы побач з домам.

У ходзе ператрусу па месцы жыхарства ліцэіста канфіскаваны пнеўматычны пісталет Borner. Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце распачатая справа па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

Устаноўлена, што з пацярпелымі ў ліцэіста канфліктаў не было, у той момант ён быў цвярозы. Для высвятлення ўсіх абставінаў здарэння, у тым ліку таго, як зброя апынулася ў падлетка, праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні.

Прызначаныя судова-медыцынскія і балістычная экспертызы. Стралок змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?