Калі яшчэ 10 гадоў таму ў асяроддзі моладзі можна было пабачыць уплыў пэўных субкультур, то мяжу нулявых і дзясятых можна назваць момантам, калі ў гэтым спектры настаў поўны вакуум.

Смерць старых субкультурных тусовак невыпадкова супала з момантам заканчэння падлеткавых гадоў дзяцей 90-х. І як гэта заўжды бывае, на пустынным полі пачалі прабівацца кветкі новай генерацыі. Час мінае, і можна сказаць што новыя субкультурныя рухі маюць якасна і структурна зусім іншы характар у параўнанні са сваімі папярэднікамі.

Вялікую ролю ў фармаванні новых субкультурных з’яў стаў граць інтэрнэт. Менавіта адсюль і ўзяла пачатак мегапапулярная сярод падлеткаў эстэтыка Tumblr, некаторыя нават замацоўваюць гэту назву за цэлым пакаленнем. У самой назве, як можна здагадацца, фігуруе блог-платформа tumblr. Яе адметнасцю ёсць шырокі функцыянал блога з магчымасцю публікацыі самых розных тыпаў кантэнту. Дзякуючы гэтаму яна стала вельмі папулярнай першапачаткова ў ЗША і ЕС, а пазней прыйшла і ў нашу краіну.

З часам платформа Tumblr стала ў пэўным сэнсе задаваць масавую моду, перш за ўсё сярод зусім юнай аўдыторыі, дзякуючы таму, што на ёй месцілася шмат блогаў модных дзяўчат мадэльнага выгляду. Дзяўчаткі-падлеткі, імкнучыся паўтараць і пераймаць вобразы самых вядомых блогерак, рабілі гэта з пэўнымі асаблівасцямі, уласцівымі юнацтву. Адсюль і пачынае сваю гісторыю такая масавая з’ява моладзевага асяродку, як tumblrgirl.

Так, адной з важных ідэй дадзенай эстэтыкі ёсць пошук асаблівага, яскравага вобразу. Адсюль мы можам часта пабачыць tumblrgirl з валасамі самых яркіх колераў, у самым шырокім спектры.

Адметнымі элементамі стылю гэтых дзяўчат з’яўляюцца кароткія шорты або штаны з завышаным станам, свабодныя швэдры, топы і майкі, кеды-конверсы і чаравікі Dr.Martens — элементы, якія выкарыстоўваюцца шырока ў вялікай колькасці субкультур розных пакаленняў, акуляры з масіўнай аправай, доўгія завушніцы, плеценыя бранзалеты, калготкі з малюнкамі ці каляровыя калготкі, доўгія гольфы.

Вельмі станоўча ў рамках эстэтыкі ставяцца да пірсінгу і незвычайных тату.

Адной з асаблівасцей стылю Tumblr з’яўляецца шырокае выкарыстанне фільтраў і вельмі стракатых эфектаў для фота, шмат у чым пазычаных з такой плыні, як вітчхаўс (дэльфіны, крышталі, шумы).

Tumblrgirl — вельмі разнастайныя дзяўчаты, і ўсе прыкметы гэтай субкультурнай з’явы на гэтым не вычэрпваюцца. Што цікава, абсалютная большасць tumblrgirl не адносяць сябе да гэтай плыні, і ніякім чынам сябе з ёй не атаясамліваюць.

Яны могуць слухаць зусім розную музыку — ад абстрактнага хіп-хопу да гранжу 90-х, іх стыль можа быць абсалютна супрацьлеглым у параўнанні з іншымі прадстаўніцамі гэтай плыні. Тое, што іх абагульняе — пошук незвычайнага стылю, культ прыгажосці.

Мы вырашылі паспрабаваць знайсці беларускіх tumblrgirl, прынамсі, тых дзяўчат, што можна аднесці да іх па пэўнай сукупнасці прыкмет і пагаварыць пра гэтую субкультурную плынь.

Нашай гераіняй стала Юля Патапеня, яна вучыцца ў старэйшых класах школы, на прафесійным узроўні захапляецца спевамі.

НН: Юля, чаму, на твой погляд, сёння так папулярная эстэтыка тамблер сярод тваіх аднагодкаў і ўвогуле сярод моладзі?

Юля: Не ведаю, што ў гэтым «папулярнага», але, напэўна, дзяўчынкі, якім не хапае ўвагі, любым спосабам спрабуюць вылучыцца сярод іншых… і вось адзін са спосабаў, відаць. Але не лічу гэта нечым цікавым, не звяртаю на гэта ніякай ўвагі.

НН: Хто для цябе з'яўляецца «тамблергёрл»? Ці адносіш ты сябе да іх, і ці шмат у цябе сябровак, якіх можна аднесці да іх?

Юля: «Тамблергёрл» для мяне вельмі дзіўнае паняцце. Адносіць сябе да такіх не хачу. Сябровак у мяне такіх няма і, напэўна, гэта добра, хоць і складана адмаўляць папулярнасць такой моды.

НН: На фота ты ў вышыванцы, а як сучасная моладзь, на твой погляд, ставіцца да беларускай культуры і мовы, напрыклад, твае сябры?

Юля: Не магу сказаць, што мае сябры такія ўжо патрыёты, але некаторыя з іх любяць пагаварыць на беларускай мове!

Эстэтыка tumblr не пакінула абыякавымі і сучасных хлопцаў. Выявілася гэта з’яўленнем так званых SadBoy (англ. сумны хлопец). Існуе паданне, што кожная тамблергёрл павінна сустракацца са сваім сэдбоем.

Галоўнымі атрыбутамі сэдбоя з’яўляюцца панама з надпісамі, падгорнутыя нагавіцы, модныя красоўкі накшталт Nike, Saucony, Asics.

Сэдбой слухае ў асноўным хіп-хоп, яго новыя модныя адгалінаванні — абстрактны хіп-хоп і клаўдрэп. Тэксты гэтых трэкаў максімальна скіраваныя на самакапанне і самарэфлексію, часта напоўненыя экзістэнцыяй, падлеткавымі праблемамі, разглядаюць узаемадзеянне чалавека з астатнім светам. Папулярнай ў гэтай плыні з’яўляецца таксама экзістэнцыяльная літаратура накшталт Кафкі, Сартра, Камю і т.д. У сацыяльных сетках сэдбоя можна лёгка вызначыць па тых жа прыкметах на фота, што і ў тамблергёрл, а менавіта стракатасць і вялікая колькасць пазычаных элементаў вічхаўса.

Больш разгорнута нам удалося пагаварыць пра беларускіх сэдбояў. Нашым героем пагадзіўся стаць Антон Нарушэвіч.

НН: Антоне, вітаю, раскажы, калі ласка, крыху пра сябе, адкуль ты, чым займаешся?

Антон: Я з невялікага раённага горада Старыя Дарогі. На дадзены момант жыву ў Мінску ў сувязі з навучаннем. Займаюся творчай дзейнасцю, у прыватнасці музыкай. Хачу паспрабаваць сябе ў розных жанрах музыкі.

НН: Як ты ставішся да тамблергёрл? Наколькі, на твой погляд, распаўсюджаная гэта субкультурная з'ява ў Беларусі?

Антон: У мяне змяшанае меркаванне аб тамблер: то нейтральнае стаўленне, то я іх дзіка ненавіджу. Скажу, што тамблер і «сумная» культура развітая ва ўсім свеце, і большасць — у прыватнасці, дзяўчат — закранула гэтая мода. Маё меркаванне станоўчае месцамі па прычыне таго, што выгляд так званых тамблергёрл бывае прыгожым, месцамі нават сэксуальным. А адмоўнае меркаванне ад таго, што дзяўчаты 14—17 гадоў не разумеюць сутнасці і сапраўднага сэнсу гэтага стылю. Яны не разумеюць, навошта і для чаго гэта, яны проста ідуць за нейкай модай, за якой ідуць большасць дзяўчат у Беларусі. Таму, калі бачыш мноства «сумных» дзяўчат, то пачынаеш ненавідзець гэта. У асноўным гэта ненавідзяць людзі, якія ў гэтым нешта разумеюць. Таксама хачу згадаць вялікі распаўсюд тамблер у сацсетцы УКантакце, дзе і набіраюцца «прыгожага» стылю дзяўчаты. У параўнанні з гэтымі «сумнымі» дзяўчатамі-пустадомкамі, сапраўды сумныя і глыбокія людзі адчуваюць злосць ад гэтай досыць мілай, але дурной моды.

НН: Хто такія, у тваім разуменні, сэдбой? Чаму менавіта цяпер пачало з'яўляцца так шмат сэдбояў? Ці можаш ты сам сябе ў нейкай ступені аднесці да гэтай групы?

Антон: На мой погляд, сэдбой — гэта плынь, якая зарадзілася з групы SadBoy, у якой удзельнічаюць 3 чалавекі, узначальвае іх знакаміты Yung Lean, яны выконваюць клаўдрэп. Натуральна, найбольшы рэзананс атрымаўся сярод мужчынскай аўдыторыі, ім спадабаўся гэты жанр незвычайным стылем і выкананнем удзельнікаў групы. Спартыўная і дарагая вопратка, ланцугі і г.д. Многія думаюць што назва sadboys увасабляе нейкі сум у трэках і глыбокі сэнс, але сам Лін ў інтэрв'ю сказаў, што гэта ўсяго толькі рэп, і тыя, хто думаюць, што у іх музыцы ёсць смутак — дурныя. Я сам прыслухаўся да іх тэкстаў і зразумеў, што дзяўчаты, крутыя тачкі, багацце і «касякі» ў сабе ніякага суму не нясуць — гэта звычайны рэп, які вызначыўся толькі спосабам выканання. Людзі, гледзячы на выканаўцаў, спрабуюць пераймаць іх стыль, каб паказаць вонкава сваю адданасць. Выснова ў тым, што сумныя хлопцы — зусім нясумныя, гэта ўсё самападман і няправільнае ўспрыманне пасылу выканаўцы.

Я магу сябе аднесці да гэтага жанру, бо слухаю «сумны бэнд». Па маіх фота можна зразумець, што я з'яўляюся не звычайнай персонай, я ствараю свой і капіюю нейкі іншы стыль для стварэння свайго ўласнага. Пасля таго, як я разабраўся ў гэтым стылі, я таксама пачаў яму сімпатызаваць.

НН: Чаму, на твой погляд, сёння так папулярная эстэтыка тамблер?

Антон: Па прычыне сваёй загадкавасці. Я прымеціў, што хлопцам цікавыя загадкавыя дзяўчаты, а дзяўчаты любяць прыкідвацца (так-так, менавіта прыкідвацца) загадкавымі для прыцягнення ўвагі.

НН: Як да беларускай мовы і культуры ставяцца сучасныя падлеткі, моладзь?

Антон: Беларуская мова гіне.

З кожным днём людзі аддаюцца замежнай культуры з-за яе адметнай крутасці. Патрыётаў становіцца менш, і большасці моладзі начхаць на гэта. Крыўдна на самой справе.

НН: Якія прыкметы сэдбоя ў Беларусі ты бы мог назваць, каго да іх адносіць?

Антон: Большасць сумных хлопцаў любяць насіць спартыўную вопратку, панамы і дарагія красоўкі, натуральна.

Гадзіннік Casio з'яўляецца ідалам стылю, у нейкай ступені.

А наогул гэты стыль незалежны, сэдбой можа выглядаць і як хіпстар, і як звычайны чалавек. Адрозніць іх можна, толькі пагутарыўшы з імі.

Tumblrgirl і SadBoy з’яўляюцца, па сутнасці, прадстаўнікамі новай гарадской моладзі, народжанай новай рэчаіснасцю. Больш модныя, больш прасунутыя — пакаленне людзей, якое глядзіць на свет ўжо зусім іншымі вачамі. Нават калі параўнаць яго з самымі бліжэйшымі іх папярэднікамі, яны проста іншыя. І гэта, напэўна, добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?