13 сакавіка ў адной з вайсковых часцей Гродзенскага гарнізона атрымаў траўму ваеннаслужачы тэрміновай ваеннай службы. Камандаваннем вайсковай часці неадкладна была прызначана і праведзена праверка, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
«Падчас праверкі выяўлена, што траўма атрымана ў выніку неправамерных дзеянняў у дачыненні да пацярпелага з боку яго саслужыўца, які з`яўляецца таксама ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы. У дачыненні да апошняга камандзірам вайсковай часці распачата крымінальная справа», — гаворыцца ў паведамленні.
«У Міністэрстве абароны любое парушэнне старанна правяраецца з мэтай выяўлення яго прычын і іх ліквідацыі, а таксама прыцягнення вінаватых да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь… Пазіцыя ваеннага ведамства да парушальнікаў закона і надалей будзе бескампраміснай», — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што, толькі з афіцыйных паведамленняў Мінабароны, за апошнія паўгода стала вядома як мінімум пра тры факты дзедаўшчыны ў беларускай арміі.