Інтэрнэт-рытэйлер «Еўраопт» паведаміў аб закрыцці двух з пяці размеркавальных цэнтраў кампаніі — у Мінску і ў Гродне. Інфармацыю пра гэта пацвердзіў дырэктар інтэрнэт-крамы Дзяніс Мароз.

«У выніку закрыцця размеркавальных цэнтраў у Гродна пазбавіліся працы больш за 100 чалавек, у Мінску — больш за 500. Акрамя таго, кампанія страціла сродкі, інвеставаныя ў стварэнне і абсталяванне складоў: у Гродне страты склалі больш за 1,1 млн даляраў, а ў Мінску — 1, 2 млн даляраў», — сказаў Мароз. Ён растлумачыў, што ў сувязі з закрыццём складоў замовіць асартымент харчовых і прамысловых тавараў у Гродна цяпер можна будзе толькі праз сэрвіс «Гіпермол», але дастаўка будзе ажыццяўляцца з Мінска толькі па сістэме «сёння на заўтра» або «сёння на паслязаўтра».

Паводле яго слоў, інтэрнэт-гандаль прадуктамі харчавання ў нашай краіне працуе не толькі без прэферэнцый, як у многіх іншых краінах, дзе разумеюць неабходнасць развіцця анлайн-гандлю, але і з істотнымі абмежаваннямі, якія перашкаджаюць развіццю гэтага віду гандлю.

«Бізнэс не можа бясконца доўга інвеставаць у стратную дзейнасць і ажыццяўляць сацыяльны праект без неабходнай падтрымкі і разумення. Таму мы вымушаныя зачыняць размеркавальныя цэнтры і скарачаць людзей», — заявіў Мароз.

На думку кіраўніка інтэрнэт-гіпермаркета, паколькі ўсе суседнія краіны, у тым ліку і Расія, не маюць абмежаванняў у сферы анлайн-гандлю, рана ці позна дзяржаўныя органы вымушаныя будуць перагледзець заканадаўчыя абмежаванні ў гэтай сферы, але, хутчэй за ўсё, развіваць гэты від гандлю у нашай краіне будуць ўжо не нацыянальныя, а расійскія аператары.

«Анлайн-гандаль нашай краіны будзе манапалізаваны значна больш буйнымі расійскімі аператарамі, пры гэтым адрэгуляваць асартымент у рамках Адзінай эканамічнай прасторы ў нацыянальных органаў ужо не атрымаецца — беларусы будуць вымушаныя купляць тое, што прапануюць ім прадаўцы з Расіі. Гэта ў асноўным будзе ці расійская, ці імпартная прадукцыя, што негатыўна адаб'ецца як на сферы гандлю, так і на вытворчых прадпрыемствах Беларусі», — рэзюмаваў Дзяніс Мароз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?