Колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі перавышае 2,7 млн. Пра гэта паведаміў міністар сувязі й інфарматызацыі Мікалай Панцялей 21 красавіка ў Менску на ўрачыстым адкрыцьці 15-га міжнароднага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналёгіях «tibo-2008».

Міністар зазначыў, што доступ у інтэрнэт як па камутуемых, так і па выдзеленых лініях сувязі зьяўляецца ў краіне самай папулярнай паслугай перадачы даных. Гэтыя паслугі аказваюць больш за 150 апэратараў электрасувязі.

Паводле слоў сп. Панцялея, за апошнія гады значна ўзрасла ёмістасьць абсталяваньня і колькасьць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт. Цяпер абанэнтамі такой паслугі зьяўляюцца больш за 170 тыс. чалавек. У Менску і абласных цэнтрах арганізаваны бяспровадны доступ у інтэрнэт па тэхналёгіі Wi-Fi. Цяпер дзейнічае больш за 100 такіх пунктаў доступу.

У 2006—2007 гадах Міністэрства сувязі й інфарматызацыі надавала вялікую ўвагу пашырэньню зьнешняга інтэрнэт-шлюзу, зазначыў М.Панцялей. Яго шырыня ўзрасла больш чым у шэсьць разоў і на пачатак 2008 году склала 3,1 Гб/с.

Як праінфармаваў міністар, у Беларусі абанэнтамі сотавай рухомай электрасувязі зьяўляюцца звыш 7 млн. чалавек. Забясьпечана пакрыцьцё 89% тэрыторыі краіны, дзе жыве больш чым 97% насельніцтва.

Колькасьць тэлефонных нумароў АТС у Беларусі знаходзіцца на ўзроўні 3,5 млн. На 100 чалавек прыпадае 37,3 тэлефоннага апарата. Тэлефанізавана 96% сельскіх населеных пунктаў. У цяжкадаступныя і аддаленыя населеныя пункты тэлефонная сувязь праводзіцца з дапамогай тэхналёгіі WLL. У 2007 годзе падключана каля 4 тыс. абанэнтаў, у 2008-м плянуецца падключыць ня менш як 30 тыс.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0