У Беларусі прыняты меры па змяншэнні цякучасці кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях, зніжэнні колькасці тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На гэта нацэлены нормы ўказа №97, які падпісаў 15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка.

Указ прадугледжвае, што сельгасарганізацыя, прадаючы свайму работніку засяленае ім жыллё, пабудаванае з прыцягненнем ільготнага крэдыту ААТ «Белаграпрамбанк», які не пагашаны, перакладае на грамадзяніна гэты абавязак. Пры гэтым работнік пагашае яго на працягу не больш чым 40 гадоў пад 1% гадавых пры ўмове наступнай працы ў арганізацыі не менш за 15 гадоў.

Незаселеныя жылыя памяшканні прадаюцца грамадзянам, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў у сельскагаспадарчай арганізацыі. У выпадку адсутнасці асоб, якія маюць патрэбу ў жыллі, продаж такога жылля можа адбывацца на аўкцыёне.

Мінімальны кошт жылля пры прамым продажы грамадзянам павінен быць не меншым за балансавы (аднаўленчы) кошт жылых памяшканняў на 1 студзеня года, у якім яны прадаюцца.

Работнікі сельгасарганізацый, арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, органаў унутраных спраў, якія пастаянна пражываюць і працуюць у сельскіх населеных пунктах, а таксама звольненыя з гэтых арганізацый у сувязі з выхадам на пенсію, могуць плаціць за жыллё да 20 гадоў штомесяц роўнымі долямі без індэксацыі плацяжоў і ўнясення першапачатковага ўнёску.

Сродкі ад продажу жылых памяшканняў паступаюць у распараджэнне сельскагаспадарчых арганізацый (акрамя сумы перакладанага доўгу па льготным крэдыце і сумы, выдзеленай з бюджэту на будаўніцтва гэтых памяшканняў). Сельгасарганізацыі могуць прымаць рашэнні аб продажы жылых дамоў без правазасведчвальных дакументаў (тэхнічнага пашпарта, акту на зямлю, пасведчання аб рэгістрацыі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй).

Мясцовыя Саветы дэпутатаў надзяляюцца паўнамоцтвамі вызначаць парадак прыняцця рашэнняў аб продажы жылых памяшканняў, якія знаходзяцца як у камунальнай, так і ў рэспубліканскай уласнасці.

Згодна з указам №97, мясцовыя Саветы дэпутатаў і орган кіравання сельскагаспадарчай арганізацыі вызначаюць неабходны для набыцця жылога памяшкання стаж працы грамадзяніна і членаў яго сям'і ў сельскагаспадарчай арганізацыі (але не больш за 15 гадоў), а таксама падставы для адмовы грамадзянам у набыцці жылля і іншыя ўмовы. Чакаецца, што рэалізацыя норм указа паспрыяе замацаванню кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях на тэрмін не менш за 15 гадоў, паменшыць закрэдытаванасць сельскагаспадарчых арганізацый і нагрузку на іх па змесце і абслугоўванні жылога фонду.

Указ дазволіць улічваць інтарэсы работнікаў сельгасарганізацый, арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, органаў унутраных спраў, а таксама звольненых з іх грамадзян у сувязі з выхадам на пенсію. Дакумент вызначае адзіны парадак продажу жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду на тэрыторыі адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?