Грунтовыя воды, узрост і нядобрасумленнасьць будаўнікоў ХІХ стагодзьдзя. Гэтыя чыньнікі АНТ назвала асноўнымі прычынамі абвалу часткі будынку сьледчага ізалятару № 1 у Менску.
Адна з чатырох вежаў славутай «Валадаркі» прастаяла амаль 200 гадоў і рассыпалася за 17 сэкунд. Паваліцца на разьмешчаны побач жаночы корпус СІЗА вежы не дала мэталічная арматура.
У нешчасьлівай вежы сядзелі яшчэ месяц таму. Але пасьля агляду будынку спэцыялістамі зьняволеных перавялі ў іншыя камэры.
Цяпер жа, пад грукат цэглы, Міністэрства ўнутраных спраў актывізавала дзейнасьць па перадачы будынку. Бюджэтнаму ведамству не па кішэні належным чынам утрымліваць гістарычную рэліквію. Адпаведныя дакумэнты ў міжведамасную камісію будуць накіраваныя да 1 траўня.