Фінансавая разведка ЗША (FinCEN — падраздзяленне Мінфіна ЗША) вырашыла вывесці з-пад санкцый беларускі банк InterPay («ІнтэрПэй»).

Паводле паведамлення, апублікаванага ва ўрадавым весніку Federal Register, яна больш не лічыць яго установай, якая выклікае «асаблівы непакой» з пункту гледжання «адмывання» сродкаў, паведамляе ТАСС.

Як вынікае з публікацыі, банк раней называўся Credexbank. Пад амерыканскія санкцыі ён трапіў у маі 2012 года.

Гаворка ідзе пра ЗАТ «ІнтэрПэйБанк». Як паведамляў БелаПАН, праўленне Нацыянальнага банка Беларусі 8 мая 2015 года адклікала ў гэтага банка спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці.

Як тлумачылі ў Нацбанку, такое рашэнне было прынятае ў сувязі з невыкананнем «ІнтэрПэйБанкам» лiцэнзiйных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу, адсутнасцю выразных перспектыў па яго нарошчванні, невыкананнем іншых ліцэнзійных патрабаванняў, устаноўленых Банкаўскім кодэксам Беларусі, што «магло прывесці да стварэння пагрозы інтарэсам ўкладчыкаў і іншых крэдытораў банка».

На той момант па памеры актываў «ІнтэрПэйБанк» займаў 28-е месца сярод 31 беларускага банка.

У канцы мая пазачарговым агульным сходам ЗАТ «ІнтэрПэйБанк» было прынятае рашэнне аб яго ліквідацыі. Праўленне Нацбанка дало згоду на ліквідацыю банка.

Гэты банк быў прадстаўлены на банкаўскім рынку Беларусі з 2001 года. Першапачаткова быў зарэгістраваны ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск» як «Паўночны інвестыцыйны банк». З прыходам у банк новага акцыянера ў 2007 годзе адбылося змяненне назвы на ЗАТ «Крэдэксбанк». У 2013 годзе банк змяніў назву на ЗАТ «ІнтэрПэйБанк». Раней паведамлялася, што асноўнымі акцыянерамі банка з'яўляліся ААТ «Альянс Іпатэка» (Расійская Федэрацыя) і ЗАТ «СтарБанк» (Расійская Федэрацыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0