Міністэрства культуры Беларусі адмовіла некамерцыйнай арганізацыі «Арт-сядзіба», якая папулярызуе нацыянальную культуру, у супрацоўніцтве ў рэалізацыі шэрагу культурных праектаў. Пра гэта на форуме «Арт-сядзібы» 18 сакавіка ў Мінску паведаміў дырэктар арганізацыі Павел Белавус. 

Паводле яго слоў, раней сябры «Арт-cядзібы» звярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай аб`яднаць высілкі, каб зладзіць у межах Года культуры такія імпрэзы, як «Дзень вышыванкі», «Свята роднай мовы», «Спеўны сход», якія раней арганізацыя праводзіла самастойна. 

«Сёння нам адказала намесніца міністра культуры Ірына Дрыга. Фактычна адказала, што ў міністэрства запланаваныя свае мерапрыемствы і мы ім не падыходзім», — зазначыў Белавус. 

Сёлета ў канцы студзеня Савет міністраў пастановай № 51 зацвердзіў план мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года культуры. Да дакумента, які быў апублікаваны на сайце ўрада, прыкладаўся пералік мерапрыемстваў, сярод якіх ёсць «Дзень вышыванкі». Выканаўцамі праекта «Дня вышыванкі», які запланавана правесці ўлетку, пазначаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Мінгарвыканкам. 

У той жа час «Дзень вышыванкі» — гэта фестываль, канцэпцыю і фармат якога распрацаваў каардынатар «Арт-сядзібы» Мікіта Броўка. Першыя два «вышыванкавыя дні» прайшлі ў кастрычніку і снежні 2014 года ў Мінску пад эгідай «Арт-сядзібы» і Асамблеі НДА. 

Раней Броўка адзначаў, што ніхто з дзяржаўных органаў або рэспубліканскіх грамадскіх аб`яднанняў не звяртаўся да сяброў арганізацыі як да ініцыятараў «Дня вышыванкі» ў Беларусі з прапановай разам правесці гэтае мерапрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?