Адсутнасьць знакаў прыпынку непазьбежна стварае адчуваньне недагаворанасьці і шматзначнасьці. Так і ў назьве зборніка Леры Сом — «Свабода Слова Зіма». Піша Аляксандар Фядута.

Пра існаваньне недзе ў глыбіні полацкіх паэтычных завадзяў паэткі Леры Сом я даведаўся ў 1993 г. у Данецку ад тагачаснай жонкі майго прыяцеля Аляксея Паніча. Сьвятлана, жанчына рэлігійная і экзальтаваная, гаварыла пра Леру з захапленьнем. А паколькі пра геаграфічныя абшары «Рэспублікі Беларусі» яна мела надзвычай апасродкаванае ўяўленьне, то папрасіла мяне пры сустрэчы (Полацак для яе — недзе ўжо зусім блізка ад Менску) перадаць Леры прывітаньне. Карыстаючыся нагодай, перадаю.

Полацкія паэты выклікаюць павагу сваёй кланавай культурай, натуральнай для людзей, што адчуваюць прыгажосьць полацкай Гісторыі, — Бураўкін, Арлоў, Сом. Праўда, няма роду без выроду, і, чытаючы струганіну чарговага набору радкоў Навума Гальпяровіча, разумееш, што гэтая рыбіна даўно пратухла: ніводнай сьвежай думкі, ніводнага незацяганага вобразу. Лера Сом тут хутчэй пацьвярджае правіла. Як і яе папярэднікі па полацкай галіне беларускай паэзіі (гэта калі адлічваць са Скарыны), яна ня схільная да надуманага экспэрымэнтатарства, затое фарсіць адценьнямі рыфмаў і сугуччаў.

Ты шыбуеш штодзённа

У напрамку да сьмерцi,

Пад бязладнае скерца

Ты шыбуеш штодзённа.

Не твая завядзёнка,

I пячатку ня зьдзерцi:

У напрамку да сьмерцi

Ты шыбуеш штодзённа.

Падвяргаючыся небясьпецы быць у сямідзясяты раз абвінавачаным у паэтычнай прадузятасьці, дазволю сабе прыгадаць бураўкінскага «Салаўя» як прыклад ідэальнага спалучэньня алітарацыі і асанансу. Але калі ў Генадзя Мікалаевіча гукі звонкія, мужчынскія, якія ўзнаўляюць клёкат закаханага сэрца, то ў Леры Сом у радках чуваць шорах шаўковых сукенак беларускіх шляхцянак, што аднекуль з XIX ст. даносіцца — якраз перад тым, як паны зьмянілі іх на мундзір і запісаліся ў кагорту Эміліі Плятэр.

Даўгакосая Панна! Калi б я толькi ведаў,

Што чакаеш мяне да апошняе зоркi…

Я прыеду — ты чуеш? — аднойчы прыеду,

Грукну ў дзьверы на золку.

Даўгакосая Панна! Калi б я толькi верыў,

Што ты помнiш мяне безь нiякай надзеi…

Я прыеду. Аддзячыш мне мерай за меру —

За бязьдзейнасьць i дзеi.

Не з рамантызму пачалася беларуская паэзія, маюць рацыю мае апанэнты, але сёньня ёй менавіта рамантычнага пачатку не стае. Толькі рамантызм — не барока, не клясыцызм, тым больш не рэалізм — здольны заражаць людзей прагай дзеяньня, весьці за сабой. Так што праславуты сацыялістычны рэалізм у найлепшых сваіх праявах быў сацыялістычным рамантызмам, у найгоршых — сацыялістычным клясыцызмам.

Лера Сом рамантычная ў найлепшых сваіх вершах, бо ў іх адчуваецца імкненьне да дзеяньня. Бо спакой — форма несвабоды. Дзеяньне — доля свабоднага чалавека. І паэтцы Сом хочацца дзеяньня.

Каханьне нараджае несвабоду,

А я да волi прывiднай iмкнуся.

Я болей да цябе не дакрануся:

Каханьне нараджае несвабоду.

I памяць пра яго я зьнiшчыць мусiў,

Што перад тым самота i нягоды…

Каханьне нараджае несвабоду,

А я да волi прывiднай iмкнуся.

Паэтка і вершы піша, часам не зразумееш — ці то ад свайго імені, ці то ад імені мужчыны, бо, як ёй здаецца, мужчыну больш уласьціва дзеяньне, больш пасуе яно яму. Ці то ад імені народу, несвабоднага ў сваёй любві. Кажуць, што народы самі сябе занявольваюць, улюбляючыся ў харызматычных палітыкаў. З гэтага пункту гледжаньня любоў сапраўды спараджае несвабоду. Пытаньне ў тым, як вызваліць народ ад гэтай любві.

Прывіднасьць свабоды, што паўстае за добра адмеранымі і клясычна выбудаванымі радкамі Леры Сом, — як адсутнасьць знакаў прыпынку. Сэнсы выстройваюцца на адсутнасьці косак, кропак, працяжнікаў. Тры словы ў назьве зборніка — «Свабода Слова Зіма». Паспрабуй разьбярыся, пра што яна гаворыць. Ці то слова «зіма» ў яе свабоднае, ці то свабода слова зьледзянела недзе на паўдарозе ад любві да вызваленьня ад любві? Ці то, нарэшце, свабода прыходзіць разам зь зімой?

Зіма пануе на старонках апошняга зборніка паэткі. Сом зачараваная яе разьмеранасьцю, ляканічнасьцю.

Зіма, якая адбылася, — час двухколерны, чорна-белы, амаль безь нюансаў. І вершы Сом — не палотны, а менавіта графічна дакладныя, вывераныя лініі, якія працінаюць прастору чытацкай сьвядомасьці.

Кожны мае свой страх,

Як атрутную кветку,

Колькi ўласную волю

Ты нi дакарай.

Я баюся прачнуцца

Рускамоўнай паэткай,

Опевающей

Северо-Западный край.

Гэты страх — той, зімовы, які выразна працінае сьвядомасьць, што дзеліць сьвет на сваё і чужое. Як працяг спрэчкі наконт мовы вяшчаньня «Нямецкай хвалі». Шматтыднёвыя дыскусіі — нішто ў параўнаньні з гэтым паэтызаваным страхам, гэтай апетай жыхаркай самага міталягізаванага зь беларускіх гарадоў небясьпекай страты сваёй ідэнтычнасьці, чалавечай і жаночай. Так чытаеш аб’явы на апошняй старонцы «Нашай Нівы»: «Мужчына шукае дзяўчыну-беларуску для стварэньня сям’і». Не пра этнічнае паходжаньне гаворка ідзе, не пра чысьціню крыві — а менавіта пра ўсьвядомленую ідэнтычнасьць. Таму, дарэчы, аб’явы гэтыя не раздражняюць, а навяваюць некаторую мэлянхолію. Так па-шчамялёўску сінім зімовым вечарам навявае мэлянхолію, раптоўна набыўшы колеравыя нюансы, сьнег.

Бо на самай справе ідэнтычнасьць — яшчэ адзін міт, яшчэ адна Атлянтыда, якой ужо не падняцца зь мінулага ў наша мітусьлівае «сёньня». Пра што будуць размаўляць вечарамі гэтыя мужчына-беларус і дзяўчына-беларуска? Пра Беларусь? Першы час — напэўна. А потым?

І шчасьце аказваецца эфэмэрным, як першы сьнег кожнай зімы, што надыходзіць зноў.

Мы з табой — не звычайныя людзi,

Ты — з герояў, я — слова на шкле.

Пераводу ў рэальнасьць ня будзе:

Казцы доўга ня жыць пры сьвятле.

I нiхто табе выдаць ня змусiць

Мой адзiны i жорсткi сакрэт:

З сонцам я да рэалiй вярнуся,

Нелюбiмы рэальным паэт.

Гэта — маніфэст зімовай паэтычнай творчасьці. Слова на шыбе — запаветны вензель па паэтычнай шэрані, які яшчэ Тацяна пушкінская гарачым пальчыкам сваім малявала. І вяртаньне да рэалій штодзённага жыцьця — з расталай зімовай казкі. Сонца зьнішчае прывідную выразнасьць ліній. Камень уцалець ад яго прамянёў здольны, лёд — не.

Тужлiва, балюча, млосна,

Сьняжынкi перад вачыма…

Ня быць там — амаль невыносна.

Застацца там — немагчыма.

Немагчыма — таму што зіма не бывае вечнай. І выразнасьць ліній, уласьцівая зіме, зьнікае па меры адтаваньня чалавечай душы і дрэвавых сокаў. Жывому ўласьціва невыразнасьць — свабода, калі вяртацца да назвы зборніка Леры Сом.

Але невыразнасьць — неклясычная. А паэтцы Сом, якая жыве ў акружэньні помнікаў Гісторыі і Культуры, хочацца клясычнасьці. Сказваецца філялягічная адукацыя. І ажываюць напаўзамерзлыя паэтычныя формы, накшталт вянка санэтаў, ужо ў каторы раз дабітага Соф’яй Шах, — але гэты, сомаўскі (ці сомскі — даруйце, Лера, ня ведаю, як дакладней) вянок раптоўна ажывае, як ажываюць у танцавальным карагодзе сьняжынкі.

Кожны радок — клясычнай формы, як сьняжынка. Але разам завірухай яны праносяцца па белай прасторы кніжнай старонкі, каб застацца ў памяці — Сьнежнай Каралевай, чыя фігура і складаецца ў асьляпляльнай начной цемры з танцу сьняжынак.

Так нараджаецца Казка — таксама клясычны жанр.

Але даносіцца строгі голас абуранай паэтэсы:

— Не пiшы пра мяне нiчога,

Бо нiчога i не было…

Што звадзiла, што разьвяло —

Не пiшы пра мяне нiчога.

Цi зрасьцецца тваё крыло?

Цi адолеецца зьнямога?..

Не пiшы пра мяне нiчога,

Бо нiчога i не было.

Даруйце, Алена Ўладзімераўна, больш пісаць ня буду. Як загадаеце, Ваша Засьнежаная Вялікасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?