10 гадоў таму ў Мінску адбыліся пратэсты на Плошчы. Цяпер Плошча — гэта гісторыя. Давайце ж зірнем на яе з гістарычнай перспектывы.

Раз за разам

Пратэсты на Плошчы ўпісваюцца ў агульны шэраг 1996, 1999, 2010, 2011 гадоў.

Кожны раз у іх удзельнічалі дзясяткі тысяч чалавек. Такім чынам, гэта не выпадковасць, не адзінкавы факт, а гістарычная заканамернасць.

Гістарычныя паралелі

Якое параўнанне напрошваецца ў гісторыі Беларусі? З паўстаннямі XVIII—ХІХ стагоддзя. І тады, і тады быў моцны рамантычны парыў, раз за разам людзі паўставалі, і кожны раз гэта сканчалася нічым.

Не стралялі

У чым адрозненне выступаў апошніх дзесяцігоддзяў ад ХІХ стагоддзя? У тым, што «паўстанні» нашага часу былі мірныя.

У людзей у Мінску ні разу не стралялі — трэба аддаць належнае Аляксандру Лукашэнку. Але і людзі ў спецназ не стралялі.

З гістарычнай перспектывы гэта важны факт, які дае надзею, што пры гэтай палітычнай сістэме ў Беларусі і ў будучыні магчымая бяскроўная палітычная барацьба.

Крытычная маса

Вінавацяць Мілінкевіча, што Плошча 2006 года не дасягнула поспеху. Але вось у 96-м быў Пазняк, а ў 2010-м — Статкевіч і Саннікаў. А вынік — прыкладна той самы.

Факт, што і ў 1996, і ў 2006 і ў 2010 крытычнай масы не сабралася, і гэта абумовіла вынік. Але і да крытычнай масы было не так і далёка — досыць было б, каб сабралася ў 2—3 разы больш людзей, і ўплыў такой падзеі на грамадства быў бы яшчэ большы.

А што трэба для крытычнай масы? Трэба такія ідэі, якія былі б блізкія яшчэ шырэйшаму колу людзей.

І што ўсё гэта значыць?

Перыядычнасць масавых пратэстаў у Беларусі нагадвае польскія падзеі ў 1956, 1968, 1970, 1980. Або паўстанні ў Парыжы ў ХІХ ст.

Перыядычнасць выступаў дае шанец, што аднойчы, калі для таго створацца эканамічныя і геапалітычныя перадумовы, ідэі перамен, ідэі руху за грамадзянскія правы і незалежнасць пераможа і ў Беларусі.

Варта нагадаць, што ні адна з перадавых краін свету не абыходзілася без вулічных пратэстаў, а то і паўстанняў. І ЗША, і Нідэрланды, і скандынавы. Беларусы таксама сваімі пратэстамі засведчылі, што гатовы будаваць грамадства па-іншаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?