Партыя БНФ заклікае ўрад абмежаваць паток мігрантаў у Беларусь з Сірыі. Адпаведная заява прынята 19 сакавіка на сойме арганізацыі ў Мінску.

У дакуменце адзначаецца, што за час вайны ў Сірыі ў Беларусь прыбыло больш за 300 бежанцаў з гэтай краіны. «Урад Беларусі вядзе інтэнсіўныя перамовы з Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у кірунку павелічэння патоку перамяшчэння асоб сірыйскага паходжання, якім прадастаўляецца жыхарства ў Беларусі, — гаворыцца ў ім. — Адначасова прымаюцца заканадаўчыя захады ў кірунку спрашчэння атрымання статусу бежанца і прыстанішча ў Беларусі. Нягледзячы на тое што колькасць прынятых мігрантаў пакуль невялікая, створаны прэцэдэнт і рыхтуецца прававая база для перамяшчэння ў Беларусь вялікіх груп з Сірыі».

Таксама партыя адзначае, што большасць мігрантаў з Сірыі прыбывае ў Беларусь з тэрыторыі тых краін, дзе для іх ужо няма пагрозы для жыцця і бяспекі. Адзначаецца пры гэтым, што Беларусь прымае вялікую колькасць бежанцаў з Украіны.

Партыя БНФ лічыць, што дэмаграфічны крызіс у Беларусі, выезд за мяжу на працу вялікай колькасці суайчыннікаў, а таксама «не да канца сфарміраваная нацыянальная самасвядомасць» беларусаў з`яўляюцца фактарамі, пры якіх «недапушчальнае масавае прыняцце эканамічных мігрантаў з іншага цывілізацыйнага кола».

Партыя БНФ патрабуе спыніць «практыку запрашэння ў краіну мігрантаў, якія не маюць рэальнай неабходнасці ў прытулку і пераразмяркоўваюцца ў Беларусь з краін, дзе не маюць пагроз сваёй асабістай бяспецы».

Партыя БНФ лічыць мэтазгодным, каб урад накіроўваў бюджэтныя сродкі на заахвочванне вяртання суайчыннікаў з-за мяжы. Арганізацыя прапаноўвае распрацаваць і прыняць закон «Аб пасведчанні (карце) суайчынніка», які з`яўляецца спосабам абароны правоў такіх асоб, а таксама садзейнічае працэсу вяртання іх на радзіму, як гэта робяць Польшча і Венгрыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?