Плошча-2006 была кароткім, але ўсё ж нашым карнавалам. Такім, відаць, які мы заслужылі. Удары па гарбе і 10 сутак у вельмі некамфортнай камеры далёка не самы моцны ўспамін.

Найбольш запомнілася пачуццё адзінства з сябрамі, нават радасць. А таксама разуменне таго, што сістэма быццам бы і страшная, але і сама трымаецца на страху тых, дзякуючы каму яна існуе. І што ў іх у саміх, як казалі ў нас у школе: ачко, боўць-боўць.

На Плошчы сядзіць пару соцень маладзёнаў з гітарамі, а гэтыя оркі з біноклямі праз дарогу выцікоўваюць, нешта там па рацыях перамаўляюць, нібыта плануюць захоп групы тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». У дзень суда АМАПавец, які цягнуў мяне ў аўтобус, падскоквае і нешта там трызніць. Кажу яму, што ў пратаколе куча недакладнасцяў і што абавязкова пра гэта будзе гаворка падчас «суду». Ці то нейкі новенькі, ці што іншае, але замест таго, каб паказаць, які ён таф гай, АМАПавец робіць вялікія вочы: «Только попробуй, малой, вот только, вот посмотріш». І гэты смешны суддзя, у якім нуль годнасці, які паводзіць сябе як школьнік, які пукнуў пры ўсім класе.

У камеры гэты спевы са спадаром Уладзімера Юхо, якога асудзілі на 10 сутак за тое, што ён вынес бюлетэнь з кабінкі. Мы спяваем, а тыя грукаюць у дзверы, маўляў, цішэй. А мы працягваем далей, за сцяной нам падпяваюць «Случчакоў», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Пагоню».

Гэтыя мяшкі з ежай і цёплымі рэчамі ад невядомых людзей і крык на калідоры: Б…дь, сколько ещё. Я зае…. ся, там внизу уже нету места на эти ёб…ые мешки.

А 7 адчыняцца дзверы і нейкі гуманоід з пісклявым голас пачынае раўці: так, б…ь, почему пол не помыт? У адказ заўсёды стрыманы Зміцер Салаўёў, нават не расплюшчваючы вачэй, пасылае яму такія пялёсткі руж, пасля якіх у парасячым візгу можна было пачуць словы «я, б…, сука, вернусь і разберусь». Але лёс склаўся так, што разлука была вечнай і мы яго больш не пабачылі.

Просім звадзіць у душ пасля сямі дзён. «Не паложана», — кажуць. Тады Аляксей Судак ініцыюе скаргу пракурору. Падпісваюцца ўсе, нават вечна п'яны Максім з Шабаноў, які, абараняючы гонар дамы каля начніка, пагарачыўся і трапіў на Акрэсціна. У той жа дзень нас вядуць у душ (хаця, не ўпэўнены, што гэта была добрая ідэя).

25 Сакавіка бачым праз вакенца, што ў дворыку каля мікрааўтобусіка каля дзясятка АМАПаўцаў лічаць грошы з канвертаў, п'юць газіроўку, смяюцца. І тут нехта з суседняй камеры пачынае крычаць «Жыве Беларусь». Падключаюцца іншыя, гук стаіць на ўвесь будынак. Тыя равуць нам нешта ў бок будынку, паўставалі з лавак. За дзвярыма бегаюць ахоўнікі і стукаюць у дзверы з крыкам «Тіхаааааа».

Ну і які карнавал без шампанскага! Яно было на выхадзе ад абсалютна чужых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?