За дзень да падзеяў 19 сакавіка 2006 году я прыехаў у Мінск са сваімі сябрамі Дзмітрыем Гурневічам і Надзеяй Сычуговай. Праз некалькі дзён на вучобу ў Варшаву з'язджаў ужо адзін — і Надзю, і Дзіму арыштавалі і далі па 10 сутак. Нейкім цудам на свабодзе застаўся адзін я.

Мы прастаялі на Плошчы марозную ноч з 20 на 21 сакавіка разам з уінверсітэцкім таварышам Дзмітрыем Карэнкам. Як было прыемна бачыць там жа свайго школьнага сябра Колю, які з поўным пафігізмам іграў на гітары, нібы не звяртаючы увагі на тое, што нас — пратэстоўцаў узростам ад 16 да 45 — было ўсяго каля трохсот чалавек, а АМАПа толькі ў завулках навокал — некалькі дзясяткаў аўтобусаў.

Я ніколі не забуду, як ад адрэналіну бурбалкамі закіпала кроў, як я, дваццацігадовы, сапраўды не ведаў, ці дастаю жывы і здаровы да ўсходу сонейка. Мы выстаялі. А пасля сёмай раніцы ўскочылі ў аўтобус, да якога яшчэ трэба было дабегчы, каб не трапіць у лапы тых жа АМАПаўцаў і не апынуцца на Акрэсціна ці ў Жодзіне.

Мы ішлі па заледзянелым бруку праспекту ў кірунку плошчы Незалежнасці, абыходзячы міліцэйскія УАЗікі. «Як гэта так, — запытаў мяне 21-гадовы Дзіма, — мы баімся ўласнай міліцыі ва ўласнай краіне, хоць не зрабілі ніякага злачынства?» Я маўчаў. У маёй галаве грала музыка «Акіяна Эльзы», якога мы слухалі ў тую ноч: «Але я вільний, бо живий». І ўпершыню за суткі стала спакойна.

Праз некаторы час я знайшоў найлепшы верш, напісаны пра нас. І напісаны ён быў такім жа студэнтам Рышардам Крыніцкім, які выйшаў на Плошчу — толькі ў камуністычнай Польшчы ў сакавіку 1968 году.

«Мы сапраўды не ведалі»

Можа насамрэч мы былі дзецьмі, не мелі ніякага досведу,
Мы ведалі ведалі толькі, што што нас прымушаюць верыць у хлусню,
І мы сапраўды не ведалі, чаго мы хочам, 
Акрамя павагі да звычайных чалавечых правоў і праўды…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?