10 год таму. 19 сакавіка 2006, я, яшчэ зусім патлаты, разам з цудоўнымі Барысом Гарэцкім, Сяргеем Салашам, Яўгенам Скрабутанам, Алесем Зарамбюком і яшчэ шэрагам выдатных людзей, якіх тут не буду згадваць, сустракалі ў адной камэры ў ізалятары на завулку Акрэсьціна. Клааас! Мне толькі споўнілася 18, я яшчэ заставаўся гімназістам і сканчваў 11 клясу… Нават і ня ведаў, што будзе па вяртаньні за парту:).

Напярэдадні дня выбараў мяне разам з Іванам Шылам затрымалі супрацоўнікі КДБ у пад'ездзе дома на вуліцы Мулявіна (мы былі наіўнымі і нейк не маглі падумаць, што ў такіх юных гадах уяўляем такі інтэрас для розных «унутраных органаў»). Івана вызвалілі, бо ён быў непаўналетні, а мяне адвезьлі ў РУУС, склалі пратакол за «лаянку матам» і на Акрэсьціна адвезьлі. Са мной такое здарылася ўпершыню і я ніяк не мог паверыць, што гэта дзейнічае так проста — арыштоўваюць і ўсё.

Мы моцна чакалі вечара, сустрэчы на Кастрычніцкай плошчы, чулі перапалоханыя перамовы ахоўнікаў і ўзмацненьне варты. Спачатку не спадзяваліся, што і тры тысячы выйдзе на Плошчу. Якраз тады кіраўнік КДБ запалохваў людзей расстрэламі.

Але адзін унікальны чалавек змудрыўся пранесьці ў камеру мабілку і ў нас два дні яшчэ была сьвежая і актуальная інфа з месца падзей. (Пасьля высачылі, зрабілі ператрус і канфіскавалі.) Вы б толькі чулі, як скандавала «Жыве Беларусь!» і сьпявала «А дзе ж тыя ваяры» гэтая турма!!! Усе тры паверхі — каля 150 чалавек (можа менш, а мо і больш) Усё быццам трэслася і казала, што хутка краты і муры абрынуцца, а дзьверы і брамы турмы расчыняцца. Што тварылася ў камеры, трэ' было бачыць.

У камэры мы чулі ўсхваляваныя і ўрачыстыя галасы Плошчы і смутак «ускладаньня кветак», навіны пра ўсталяваньне намётавага мястэчка і новыя арышты. Празь які дзень нам у «пакойчык» прынесьлі нумар «Саўбелкі» з выявай вось гэтай расьцяжкі «Верым, Можам, Пераможам!», якую цэлы шэраг выбітных краўцоў, у тым ліку Наста Дашкевіч i ваш пакорны служка, краілі не пакладаючы рук.

Здавалася тады, што гэта дасягненьне ўсяго жыцьця.

Чым гэта ўсё скончылася, вядома. Але й пасьля разгону мястэчка ў краіне стала дыхаць свабодней. Што да мяне? Для мяне тая Плошча і арышт былі ў нейкім сэнсе знакавымі. Я ўпершыню шчыра памаліўся якраз у камэры. Хай перад абедам, хай нядоўга. Для мяне гэта быў, хай і невялікі, але крок да Хрыста.

Ну і вядома, 19 сакавіка дало цьвёрды спадзеў, што «Кастрычніцкая плошча» рана ці позна ўсё-ткі стане плошчай Каліноўскага. І ў гонар Кастуся, і ў гонар тых, хто выйшаў і стаяў, і ў памяць тых, хто баяўся ды спачуваў, і насуперак тым, хто хлусіў, фальшаваў, даносіў, затрымліваў, зьбіваў, судзіў і арыштоўваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?