Уразілі навіны з Варвашэні пра магчымае выключэньне з партыі актывіста Губарэвіча за кантакты з палітызаванымі NGO (чытай — рух “За Свабоду”). Вось будзе прыкольна, калі лідэрам франтавікоў спадабаецца працэс чысткі партыі. Новы фэльетон з блогу Лёліка Ушкіна.

Офіс партыі БНХ. Кіраўніцтва: сп. Б-ка і В-кі.

Сп.Б-ка: Такім чынам, на разгляд кіраўніцтва выносіцца рэзалюцыя пра выключэньне з партыі БНХ сп.Івацкевіча за анарха-губарэвічаўскі ўхіл. Хто за?

Сп.Б-ка і В-кі ўздымаюць рукі.

Сп.Б-ка: Адзінагалосна.

Сп.В-кі: Ну вось! Нарэшце мы ачысьцілі партыйныя шэрагі ад унутраных ворагаў — усіх палітызаваных NGOшнікаў. Сябрамі БНХ засталіся толькі вы, калега, і я. Цяпер, нарэшце, мы зможам заняцца сапраўднай эфэктыўнай барацьбой супраць дэспатычнага рэжыму.

Сп.Б-ка: Даўно ўжо пара, калега. Якія ідэі?

Маўчаньне.

Сп.В-кі: А можа яшчэ сярод нас засталіся некаторыя прыхільнікі губарэвічаўскага рэвізіянізму, ну хоць бы губарэвічаўскія сацыял-рэфармісты.

Сп.Б-ка (ажыўляючыся): Не выключаю, калега. Не выключаю. Што Вы, дарэчы, рабілі 19 сакавіка 2006 году?

Сп.В-кі: Здаецца, быў на Кастрычніцкай.

Сп.Б-ка: Іншымі словамі, удзельнічалі ў мітынгу лідэра палітызаваных NGOшнікаў. Дык гэта ж характэрны выпадак апартунізму і фракцыянізму. Я дэталёва апісаў яго ў сваіх капітальных брашурах «Хто вінаваты — Губарэвіч» і «Што рабіць з Губарэвічам».

Сп.В-кі: А што вы рабілі ў той самы вечар?

Сп.Б-ка: Быў на Кастрычніцкай.

Сп.В-кі: Папаўся, рэвізіяніст! Гэта ж тыповая здрада справе партыі. Я акцэнтаваў увагу на гэтым моманце ў сваёй фундамэнтальнай працы «Дзіцячая хвароба Губарэвіча ў кансэрватызьме». Патрабую вынесьці на разгляд кіраўніцтва партыі рэзалюцыю аб выключэньні сп.Б-ка.

Сп.Б-ка: Я ў сваю чаргу патрабую вынесьці на разгляд кіраўніцтва пытаньне пра выключэньне сп.В-кі. Паглядзіце, чым ён займаецца. Адсюль адзіны крок да губарэвічаўскага манархісцкага ўхілу. Хто за? (уздымае руку)

Сп.В-кі: Я супраць! Вы абламаліся: няма большасьці. А хто за тое, каб сп.Б-ка паклаў білет на стол? Я — за! Так — Вы супраць. Такім чынам, зноў няма большасьці. Ведаеце, ні халеры мы ня прымем таго рашэньня. Здаецца, трэба кагосьці вярнуць у партыю, каб нас было як мінімум трох і была тэхнічная магчымасьць большасьці.

Сп.Б-ка: Давядзецца. А каго? Можа, Марачкіна?

Сп.В-кі: Вы што? Гэта ж тыповы адэпт камуністычнага ўхілу. Ён так і не заканспэктаваў маю капітальную распрацоўку «Хто такія палітызаваныя NGOшнікі і як яны змагаюцца з нацыянал-дэмакратамі». А што калі Франак?

Сп.Б-ка: Ха-ха-ха. Вы ж ведаеце, за што яму далі высьпятка з БНХ. Ён дагэтуль ня здаў заліку з маёй фундамэнтальнай працы «Губарэвіч як найвышэйшая стадыя Губарэвіча».

Сп.В-кі: Блін, а болей кандыдатур я і ня ведаю. Усе іншыя — куды ні плюнь — адзіныя антыпартыйцы.

Сп.Б-ка: Пачакайце, здаецца, я ведаю фрыка, які ня меў кантактаў з палітызаванымі NGOшнікамі. (Набірае нумар). Алё, вітаю! Гэта зь сядзібы. У мяне да вас цікавая прапанова, Аляксандар Рыгорыч...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0