1

Чакалядная атмасфэра ўдома. Чакалядная з малаком. Атмасфэра вялікай колькасьці людзей. У кожнага свае мары, праблемы, справы. Яна стамілася. Выйсьце? Хіба толькі ў думках: апынуцца б на даху свайго шматпавярховіку. Выкурыць цыгарэту. Альбо дьзве. Праветрыць стомленую галаву. Глынуць сьвежага, марознага паветра. Каб сьняжынкі ператварыліся ў стразы. А яна зробіць зь іх аздобы.

Пачуцьцё расчараванасьці. Кудысьці, чамусьці і неяк зусім не зважаючы на яе, шургануў выходны, нібы па сваіх справах. Цяпер ужо дарэмны, а раней жа яна мерылася зрабіць нешта важнае. Альбо прыемнае. Напрыклад, адпачыць. Ці пачытаць салодкіх кніжак, паглядзець новых цікавых фільмаў, надумаць геніяльных думак… Але што ні рабі ў такі выходны, кожная гадзіна проста зьнікае. І пакідае табе разуменьне таго, што час — зьява важнейшая за чалавека: яму напляваць, хто і чаго хоча. Таму чалавечкі сыходзяць — куды, мо на Страшны Суд? — а ён, вялікі Час, застаецца. Чакаць наступнага пакаленьня.

2

Паколькі ў сваіх снох галоўнай дзейнай асобай зьяўляесься звычайна ты, то на ўзроўні падсьвядомасьці ўсе падзеі прадказальныя. Хаця і крыху дзіўнаватыя, мякка кажучы. Але ты нават можаш імі кіраваць. Ці ж гэта не прыемнае адчуваньне — быць уладальніцай створанага табою сьвету, які існуе, пакуль ты сьпіш?

3

Урэшце яна там — на ўтульным даху няўтульнага шматпавярховіку. На шыі — мэдальён, які яе абараняе. І нагадвае румяны бублік: з аднаго боку — смачны, духмяны, а зь іншага — проста дзірка.

Яна стаіць на самым краі. Нібы зьбіраецца ў палёт. З птушкамі. Ці птушкай. У галаве — фатаграфічная стужка, бо яна жадае запомніць усё, што зараз адбудзецца. Каб раніцою распавесьці брату, сябрам, усім, што гэта такое — лётаць. Няхай сабе і ў сьне.

На плячы хістаецца дзівоснай прыгажосьці шаўковая сумка. Сымбаль жаноцкай моцы. У сумцы ёсьць усё, неабходнае для палёту-падарожжа. Кавалачак цудоўнага мятнага мыла. Скрынка з рознакаляровымі пацеркамі. Пачак кавы з цынамонам. Гэта — коды любімых пахаў, колераў і іншых сэнсарных пачуцьцяў. Яшчэ ў сумцы ляжыць кніга. Сымбаль ведаў і чалавечага розуму. Але якая — невядома. Адсюль не відаць.

4

Хто сказаў, што ў снох падсьвядома ведаеш усе падзеі? І ці так гэта ўжо добра — ведаць усё? Тады ж няма шляху назад. А іншым часам адступленьне выратоўвае жыцьцё. Чужое жыцьцё ў гэным выпадку. Бо ў дзяўчыны, што стаіць на самым краі даху, абсалютна ўсё ў парадку. У пакоі і ў думках.

5

Нечакана віхор пытаньняў і адказаў у яе галаве зьмяшаўся зь віхром, шоргатам, сьвістам і шэптам ветру.

Палёт.

І гэта ўжо болей ня сон.

6

Вы бачыце там, ля аднаго са шматлікіх вокнаў ужо іншага шматпавярховіку прыгожую белую котку з блакітнымі вачыма? Добра, што бачыце, бо гэна — вельмі незвычайная котка. Калісьці — ня так даўно — яна была кімсьці іншым. Дзяўчынай, напрыклад.

7

Адчыненае акно з празрыстай шыбай. Менавіта празрыстасьць шыбы і прыцягнула ўвагу белай коткі з блакітнымі вачыма. Асьцярожна — каб нікога не спужаць і самой не спужацца — яна зазірнула ў невялікі ўтульны пакойчык, які аказаўся кухняй. Ёй падалося, што калісьці — хутчэй за ўсё ў іншым жыцьці — яна ўжо тут была. Кажуць, што ў белых котак з блакітнымі вачыма дрэнная генэтычная памяць. Учора яе гэта ня вельмі турбавала, а вось зараз яна сапраўды пашкадавала, што анічога ня помніць з таго жыцьця, калі яна была маладзенькай дзяўчынай. Адное, у чым яна ўпэўненая — у гэтай кухні яна ўжо калісьці была. Напэўна, піла мятную гарбату з цытрынавымі цукеркамі.

Ну, тады чаму б не зазірнуць сюды на сьнеданьне і сёньня? Лёгкім скачком яна апусьцілася на ружовую канапу.

І тут у кухню ўвайшоў малады мужчына. Падаўся знаёмым таксама. І дзе яна яго бачыла?

8

Прачнуўся ён неяк зусім нечакана. Нібы хтосьці абудзіў. Хаця зрабіць гэтага ніхто ня мог. Вось ужо чацвёрты год ён жыве адзін. Зразумела, час ад часу зь ім жывуць нейкія асобы жаночага полу. Але ўчора ён засынаў адзін. Гэта ён ведае дакладна. І тым ня менш, штосьці вымусіла яго прачнуцца.

9

Тры гады таму ад яго сышла каханая. Дарэчы, яны абое вырашылі, што так будзе лепей. І больш яны ня бачыліся. У вялікім горадзе цяжка выпадкова сустрэцца — ды і навошта? — тым двум, якія разьвіталіся назаўсёды.

Сапраўднае каханьне звычайна цяжка зьніштожыць, бо пачуцьце еднасьці — аднаго жыцьця на дваіх — застаецца нават тады, калі ўжо прайшло колькі часу з апошняй сустрэчы. Нібы па старой звычцы, працягваеш чытаць яе думкі, вяртаесься мятнымі вечарамі ў найлепшыя з успамінаў і амаль несьвядома робіш тое, што прыйшлося б так даспадобы тваёй згубленай палавіне, калі б яна толькі даведалася.

На працягу трох год пасьля самотна-балючага разьвітаньня ён усё кахаў яе. Але не казаў нікому, кансьпіраваўся, як шпіён. Перад сабою, бацькамі, сябрамі. І асобамі жаночага полу, якім ён падаваўся спакойным і мужным: высокі, шырокія плечы — нішто яго не хісьне, ані вецер зь беларускіх палёў, ані жыцьцёвыя нягоды.

«Ну і няхай сабе ён крыху непрыступны. Ён жа хіміка-біёляг, а яны ўсе такія», — разважалі кабеткі і маладыя дзяўчаты. Некаторыя нават бралі на свае — і хто сказаў, што кволыя? — плечы абавязак залезьці глыбей у яго загадкавую — бо хіміка-біёляга — душу. Але куды там. Яны толькі яшчэ больш аддаляліся ад яго. А потым з пустымі рукамі і нават пакрыўджаныя выходзілі зь яго жыцьця праз маленькія крыштальныя дзьверы, якія ён ім — як сапраўдны галянтны кавалер — адчыняў.

Ніводная зь іх так і не дачакалася цеплыні ў яго чакалядных вачах — гэная чакаляда заўсёды заставалася халоднай; не адчула, якімі пяшчотнымі могуць быць яго далоні з прыгожымі пальцамі; ня ўбачыла, як ён задаволена ўсьміхаецца крайком роту тым сонечным промням, якія рызыкнулі казытаць яго твар летняй раніцай…

З думкамі пра яе — уцякачку, бежанку, здрадніцу, і ўсё адно, самую лепшую — ён прачынаўся, выпіваў кубак кавы альбо чаю, прымаў душ, апранаўся, ішоў на працу, а ўвечары сустракаўся зь сябрамі ў якой-небудзь рэстарацыі ці ішоў на спатканьне да чарговай новай дзяўчыны.

Час ад часу быў у камандзіроўках. Пару разоў удзельнічаў у міжнародных канфэрэнцыях з мэтай абмену прафэсіянальнымі ведамі і ідэямі. Пабачыў розныя землі, вялікія і малыя, эўрапейскія і ня толькі. Зь цікавымі людзьмі знаёміўся і сябраваў. Нават інтэрнацыянальнае каханьне ў яго было. І грошай ён зарабіў. Адным словам, пасталеў хлопец — эмацыйна і прафэсійна.

Але пакуль жыцьцё вось так ішло, яна ўсё роўна займала яго думкі, незалежна ад таго, дзе і з кім ён засынаў.

10

Але сёньня раніцою ён адчуў, што яна нарэшце сышла зь яго жыцьця. Менавіта гэтая думка яго і абудзіла. Цяпер ён свабодны. Ужо назаўсёды.

Яна сышла зь яго жыцьця.

Адчуваньне велізарнай страты. І вялікай палёгкі. Прыгатаваць сабе кавы. Асэнсаваць.

11

Як толькі ўвайшоў у кухню, убачыў, што на яго ўлюбёнай ружовай канапе сядзіць нечаканым сюрпрызам — шаноўнае спадарства, не пакідайце вашыя вокны адчыненымі на ноч — белая котка з блакітнымі вачыма. Прыгожая. Але глядзіць неяк насьцярожана і нават крыху зьдзекліва. Нібы вывучае яго.

Ну і што зь ёю зараз рабіць? Адправіць назад у акно? За дзьверы выкінуць таксама неяк жорстка. Да таго ж, паспрабуй да яе дакраніся! Як учэпіцца сваімі кіпцюрамі ў руку, падзярэ скуру да крыві, а яму потым апраўдвайся ў лябараторыі і трымайся падалей ад стэрыльных матэрыялаў і такіх родных пробавак-шклянак. А як жа ён бязь іх? Не, не чапаць яе пакуль што. Магчымасьць займацца ўлюбёнай справай яму бліжэйшая і даражэйшая. Зрабіць сабе нарэшце кавы.

Цікавая рэч. Пакуль ён насыпаў каву ў каўнік і ставіў яго на пліту, яму чамусьці здавалася, што котка ўтаропілася сваімі блакітнымі вачыма яму ў сьпіну. Ён нават пару разоў азірнуўся, каб упэўніцца, што маленькі зьвер з блакітнымі вачыма не распачне наступ, пакуль ён займаецца іншай справай. Вам сьмешна? Яму — не. Бо ў ягонай кватэры незнаёмая котка. Ахтунг.

Прыемна запахла кава. Зачыніў акно — каб болей ніхто ня ўлез — і сеў за стол. На зэдлік, таму што канапа была акупавана коткай. А яна, зразумеўшы, што гнаць у шыю яе адтуль ніхто не зьбіраецца, утульна разьляглася на ўсю даўжыню свайго кацінага цела.

І толькі зараз, уволю надзівіўшыся нахабнасьці і прыгажосьці коткі, ён зірнуў на гадзіньнік. 8.30. Яго ж чакаюць у лябараторыі а дзявятай! Хутка ў душ, апрануцца, злавіць таксі.

Кінуў разьвітальны позірк на котку, сышоў. Вырашыў яе не турбаваць: яна ўжо і заснуць пасьпела. Лёгка прыстасоўваецца да чужых кватэр, нахабная жывёліна.

12

Калі ён вярнуўся ўвечары дадому, яе ўжо не было. І як яна зьнікла? Дзьверы і акно зачыненыя. Мо іншаплянэтныя істоты завіталі? Усьміхнуўся. Якая розьніца? Запаліў. Зірнуў у акно. Да стомленай за дзень зямлі кацілася ружовае кола сонца.

А ў яго распачалося новае жыцьцё.

Іна Насовіч

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0