24.03.2016 / 23:10

Станцыя Коласава: ад дыпламатыі да жорсткіх забойстваў

Станцыя Коласава. Фота John Philips для часопіса LIFE, 1938 г.

Чыгуначная станцыя Коласава, што ў Стаўбцоўскім раёне, сёння нічым адметным не вылучаецца. Але падзеі амаль векавой даўніны робяць яе выключнай. Менавіта тут пралягала мяжа з Заходняй Беларуссю і адбываліся абмены палітычнымі вязнямі паміж СССР і Польшчай.

Калі выходзіш з электрычкі, то ў першую чаргу ў вочы кідаецца станцыйны будынак — звычайная невялікая пабудова — такіх у краіне шмат.

Чыгуначная станцыя Коласава. Сучасны выгляд. 

Простыя вясковыя хаты, а вакол мястэчка спрадвечны лес, разрэзаны дарогамі, у якіх цяжкавата арыентавацца.

Коласава з боку чыгункі: паміж дрэў можна распазнаць хаты мястэчка. 

Навакольныя лясы карыстаюцца папулярнасцю ў грыбнікоў і ягаднікаў. А ў самім мястэчку жыве каля 250 чалавек.

Раней жа тут нічога не было: толькі станцыя, службовыя пабудовы ды пункт пропуску, а вакол непраходныя лясы, — распавядае мясцовая жыхарка Марыя Аляксандраўна Быліновіч.

Яна пераехала сюды ў 1964 годзе, працавала ў бібліятэцы і даследавала гісторыю мясцовасці, вывучала розныя крыніцы. Выпадкова ёй на вочы трапіла кніга, у якой узгадваліся падзеі 30-х гадоў – абмен палітычнымі зняволенымі ля станцыі Коласава. Яна пачала цікавіцца, распытваць у старых людзей з надзеяй, што хтосьці мог штосьці цікавае бачыць або чуць.

— Я знайшла аднаго старога. Яго звалі Іван Жыхар. Памёр гадоў 15 таму. У 30-х працаваў на чыгунцы, жыў на хутары ў Засуллі. Калі я пачала яго распытваць, то пачула шмат цікавага, — расказвае Марыя Аляксандраўна.

Аднак спачатку варта вярнуцца да падзей, якія папярэднічалі «коласаўскім» абменам.

Паводле Рыжскай мірнай дамовы, заключанай у сакавіку 1921 года, Беларусь падзялілі на дзве часткі, у выніку чаго заходнія землі БССР адышлі да Польшчы. Коласаву было лёсам наканавана стаць адным з пунктаў пропуску ў памежнай зоне.

Карта Заходняй Беларусі. Памежная станцыя Коласава абведзена авалам. 

Ад станцыі Коласава было два шляхі: ці да першай польскай станцыі Стоўбцы, ці ў адваротны бок — да савецкай станцыі Негарэлае.

Чыгунка на «польскія» Стоўбцы.

Беларускія грамадскія дзеячы асудзілі Рыжскую дамову. І не дзіва, бо беларускі бок не меў ніякага дачынення да падпісання пагаднення. Абурэнне тых, хто застаўся ў Заходняй Беларусі, вылілася ў падпольны нацыянальна-вызваленчы рух. Імпэту яму надавалі паланізацыя і асадніцтва на заходнебеларускіх землях. Хутка пачалі з’яўляцца і першыя палітычныя вязні. Яны сталі прадметам абмену паміж двума бакамі: польскім і савецкім. Менавіта ля станцыі Коласава ў верасні 1933 года «саветы» абмянялі вядомага беларускага драматурга і публіцыста Францішка Аляхновіча на не менш вядомага грамадска-палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча, які быў пазбаўлены волі ў Польшчы.

— Пра тое, што тут адбудзецца абмен палітзняволенымі, Іван Жыхар дазнаўся выпадкова, — працягвае аповед Марыя Аляксандраўна Быліновіч. — На станцыю прыйшла нейкая паперка, у якой папярэджвалі пра гэта. Такую вестку трэба было захоўваць у таямніцы, але чуткі ўсё ж прасачыліся, бо некаторыя работнікі на станцыі даведаліся: хутка пачнецца нешта цікавае.

Але чаму так сталася, што дзве выбітныя асобы, два патрыёты беларускай зямлі сталі ахвярамі палітычных гульняў Польшчы і СССР?

Аляхновіч і Тарашкевіч: шляхі да Коласава

Шматлікія п’есы Францішка Аляхновіча ў той час ставіліся трупай Уладзіслава Галубка, да таго ж — рознымі калектывамі Заходняй Беларусі, Латвіі і Чэхіі. Драматург займаўся рэдактарскай працай, пісаў публіцыстычныя артыкулы, за адзін з якіх яшчэ да Першай сусветнай вайны паспеў адсядзець у Лукішскай турме.

Францішак Аляхновіч трапіў у савецкую пастку. 

Пасля падзелу Беларусі Аляхновіч апынуўся ў яе заходняй частцы, але імкнуўся наладзіць стасункі з Мінскам. Яго запрашаюць на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У БССР пісьменніка прызначаюць літаратурным кіраўніком Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. 23 снежня 1926 года Аляхновіч атрымлівае грамадзянства БССР і, так здарылася, што тым самым трапляе ў пастку: ужо 1 студзеня новага года наваспечанага грамадзяніна Савецкай Беларусі змяшчаюць у ізалятар мінскай турмы. Яго абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Польшчы. Не дапамог і зварот, які падпісалі і даслалі ў Цэнтрвыканкам Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі і іншыя пісьменнікі. Францішак Аляхновіч атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

Шматлікія спробы выратаваць культурнага дзеяча ўсё ж такі ажыццявіліся ля чыгуначнай станцыі Коласава, дзе яго абмянялі на Браніслава Тарашкевіча.

Браніслаў Тарашкевіч змагаўся супраць палякаў, а загінуў ад рук саветаў. 

Шлях Тарашкевіча да Коласава склаўся інакш. Навуковец вядомы не толькі выданнем «Беларускай граматыкі для школ», але і як адзін з лідараў вызваленча-рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Апошні раз польскія ўлады надзелі на яго кайданкі ў лютым 1931 года пры спробе праехаць у Берлін. А ў лістападзе 1932 прысудзілі да васьмі гадоў катаргі.

Францішак Аляхновіч і Браніслаў Тарашкевіч сталі выратаваннем адзін для аднаго. Ды вось даведаліся яны пра тое толькі падчас абмену. Абмену палітзняволенымі, які здзейснілі восенню 1933 года недалёка ад памежнай чыгуначнай станцыі Коласава.

«Сядзелі ў кустах і назіралі за тым, як іх мяняюць»

Зразумела, што цяпер ужо немагчыма знайсці сведкаў тых падзей. Нават тых, хто хаця б жыў у тыя часы каля мяжы. Але мне ўсё ж крыху пашчасціла ў пошуках.

Мяжа каля Коласава. Польскі патруль. Фота John Philips для часопіса LIFE, 1938 г.

Участак дарогі, на якім мы з Марыяй Аляксандраўнай апынуліся, шмат гадоў таму паказаў ёй той самы дзед Жыхар. Ён распавёў ёй і пра тое, што дакладнае месца падзеі знаходзілася сярод лясоў і балот, на драўляным мастку пасярэдзіне звычайнай дарогі, якую называлі «кацярынаўкай».

Праўда, зараз там ужо не такі беспрасветны лес, бо яшчэ ў часы акупацыі немцы пачалі пілаваць спрадвечныя дрэвы і вывозіць іх у Германію. З аднаго боку дарогі сапраўдны бор, а вось з другога — усё забудавана дамамі. Драўлянага мастка таксама няма, замест яго бетонны, зроблены значна пазней.

Марыя Аляксандраўна расказвае працяг гісторыі:

— Нягледзячы на тое, што паперка прыйшла на станцыю, зняволеных туды не прывозілі. Мянялі ў іншым месцы. Туды і выправіліся Жыхар і Маліноўскі, які недалёка пасвіў кароў. Прыйшлі і схаваліся сярод лесу, у кустах. Заселі так, каб было бачна дарогу. Абмен ладзіўся днём, гадзін у дванаццаць. З двух бакоў дарогі паказаліся машыны.

Машыны рухаюцца з Польшчы ў СССР паблізу станцыі Коласава.

— На пэўнай адлегласці адна ад адной машыны спыніліся. Спачатку выйшлі людзі з паперамі і перадалі гэтыя паперы адзін аднаму. І кожны вярнуўся да сваёй машыны. Потым з машын вылезлі па тры чалавекі. У сярэдзіне кожнай «тройцы» — вязні. Канвойныя трохі правялі і адпусцілі іх. На сярэдзіне мастка абодва сустрэліся. Некалькі секундаў глядзелі адзін на аднаго. Напэўна ж, былі знаёмыя. А потым разышліся, і кожны з іх пайшоў у сваю машыну. Калі ўсе паселі на месцы, машыны развярнуліся і паехалі ў процілеглыя кірункі. Жыхар успамінаў, што ўсё гэта заняло не больш за 15—20 хвілін.

Як чытачы з Еўропы і Амерыкі маглі даведацца пра існаванне Коласава

Два вялікіх сыны Беларусі раз’ехаліся ў розныя бакі, каб не сустрэцца ўжо ніколі. Лес каля невялікай станцыі Коласава стаў яшчэ адным супольным, што было ў жыцці двух беларусаў.

Лес ля станцыі Коласава. 

Потым Браніслаў Тарашкевіч мусіць працаваць на карысць СССР і верыць у светлую будучыню камунізму. Але станецца так, што яго арыштуюць, а ў студзені 1938 года прысудзяць да расстрэлу. І толькі ў 1957 рэабілітуюць.

А Францішак Аляхновіч вернецца ў Вільню. Днямі будзе пісаць новыя п’есы, а па начах стагнаць ад жудасных сноў, якія пачне бачыць пасля перажытага ў Салаўках. Зноў будзе адчуваць сябе ў небяспецы, калі перад Вялікай Айчыннай «камуністыя» прыйдуць у Заходнюю Беларусь. Два гады будзе хавацца па хутарах. А сакавіцкім вечарам 1944-га на сваёй віленскай кватэры будзе застрэлены невядомым забойцам. Але ўсё ж такі пакіне пасля сябе кнігу ўспамінаў аб савецкім лагеры «У капцюрох ГПУ». Гэта першая ў свеце кніга на лагерную тэматыку, якую адразу надрукуюць на сямі мовах.

Вокладка кнігі «У капцюрох ГПУ». 

Аляхновіч на старонках свайго твора ўзгадае і коласаўскі абмен: «Я ўжо вырозніваў твары людзей, якiя да нас падыходзiлi. Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. З iм — з двума палiцыянтамi па бакох — той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч…»; «Цырымонiя абмену. Адданне чэсцi, паклон капялюшом, сцiсканне рук, падпiсанне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер — чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi. Звычайныя астрожныя камплiменты: «Добра выглядаеш»— «Ты таксама». — «Дзякуй, але сумляваюся» Пасля — колькi горкiх словаў за манлiвыя мiражы, але тут спынiў нашую гутарку старшыня польскае рэпатрыяцыйнае камiсii: — Panowie mieli mówić sprawach prywathych, panowie mówią о polityce*A савецкi генерал, пачуўшы нашую гутарку «на политические темы», не ведаў, што рабiць, быў «захвачен врасплох». Урэшце — апошняе халоднае пацiсканне рук. — Бывай здароў!..»

Коласаўскае забойства з нагоды «патрыятычных памкненняў»

Былі прыклады і няўдалых «ракіровак». Сакавік 1925-га. На станцыі Коласава вось-вось пройдзе абмен зняволенымі: у СССР адправяцца польскія камуністы Багінскі і Вечаркевіч, а ў Польшчу — арыштаваныя Лашкевіч і Усас. Усё падрыхтавана, вагон з Багінскім і Вечаркевічам ужо пачаў рухацца ў напрамку Коласава, але раптам адзін з паліцэйскіх выхапіў рэвальвер і некалькі разоў стрэліў. Вечаркевіч быў забіты адразу, а Багінскі сканаў ад ран трохі пазней. Небаракі Лашкевіч і Усас так і засталіся ў руках бальшавікоў.

Валеры Багінскі. 

Дарэчы, лёс кожнага з гэтай чацвёркі палітвязняў цікавы для даследавання. Дык хто ж яны такія і як здарылася, што апынуліся разам ля станцыі Коласава? Для кожнага з іх гэты дзень павінен быў стаць днём вызвалення, паваротным у жыцці. Але для двух з іх навакольныя лясы каля мяжы былі апошнім, што яны бачылі ў жыцці.

Польскія афіцэры-камуністы паручнік Валеры Багінскі і падпаручык Антоній Вечаркевіч (адзін з кіраўнікоў баявога аддзела камуністычнай рабочай партыі Польшчы) былі арыштаваны ў маі 1923 года. Іх абвінавацілі ў арганізацыі выбуха ў Варшаўскім універсітэце. Тады загінула некалькі чалавек. Таксама лічылі, што так званы «сезон бомбаў» — серыя выбухаў у розных месцах Польшчы — гэта справа іх рук. Праўда, як мае быць даказаць дачыненне афіцэраў да выбухаў не атрымалася. Аднак ужо ў лістападзе Багінскага і Вечаркевіча прысудзілі да смяротнага пакарання. Потым чамусьці смяротны прысуд замянілі на 15 гадоў турмы.

Чаму рашэнне змянілі? Ёсць некалькі версій. Адна з іх — ціск з боку Савецкага Саюза, які пагражаў, што анулюе важныя для Польшчы фінансавыя і эканамічныя абавязацельствы. Польскі прэзідэнт Станіслаў Вайцяхоўскі быў вымушаны саступіць і адмяніць смяротнае пакаранне, а праз некаторы час у выніку напору згадзіўся нават абмяняць Багінскага і Вечаркевіча, калі савецкі бок таксама дасць узамен вартых і годных вязняў.

Цікава было тое, што бальшавікам прыйшлося шукаць кандыдатаў на абмен. Магчыма, што менавіта дзеля такой авантуры быў арыштаваны Іосіф Лашкевіч. Ён быў загадчыкам канцылярыі па справах польскіх грамадзян пры італьянскім консульстве ў Тыфлісе (цяпер — горад Тбілісі).

Ролю другога «зменшчыка» было вырашана надаць ксяндзу, эксперту польскай дэлегацыі ў змяшанай савецка-польскай рээвакуацыйнай камісіі Браніславу Усасу. Ён трапіў у рукі ДПУ ў лістападзе 1924 года. Справу сфабрыкавалі, а па выніках суда Усас быў пазбаўлены волі на шэсць гадоў. Два арышты палякаў у СССР толькі паскорылі згоду на абмен — бальшавікі дамагліся свайго.

І вось, пасля шматлікіх затрымак, калі ўсе пытанні двухбакова абмеркавалі і давялі да ладу, вязняў пад канвоем выправілі ў кірунку Коласава. Цягнік з польскімі камуністамі пад’язджаў ужо амаль да мяжы, як здарылася нечаканае: канваір Юзаф Мурашка робіць некалькі стрэлаў з рэвальвера і забівае абодвух палітзняволеных. Потым забойца скажа, што «выконваў абавязак патрыёта». Маўляў, не змог змірыцца з тым, што пацярпелі невінаватыя людзі, а злачынцы адправяцца на волю ў СССР. Але такое выкананне патрыятычнага абавязку польскі суд ацаніў непаўнавартасна і прызначыў Мурашку два гады за кратамі.

P.S. Гісторыя — навука своеасаблівая. Калі чалавецтва забудзе нейкую тэарэму матэматыкі, то яе хтосьці дакажа зноў, не інакш. Калі забыць нейкі закон фізікі, то які-небудзь разумнік абавязкова падставіць сваю галаву пад падаючы яблык і, паціраючы гуз на лбе, дадумаецца яшчэ раз да гэтага закону. І толькі ў гісторыі — калі нешта забыць, выкінуць з памяці – вярнуць вельмі цяжка, бо крыніцы маюць звычку знікаць, губляцца ў часе. Менавіта таму варта помніць і ведаць гісторыю нават самага маленькага мястэчка. Бо аднойчы можа адкрыцца, што з гэтым мястэчкам лёсам звязаныя людзі, падзеі, якія надаюць яму частку сваёй, можа, больш важнай і вялікай гісторыі. Так сталася і са станцыяй Коласава, дзе яшчэ сто гадоў таму былі амаль адныя лясы.

*Panowie mieli mówić sprawach prywathych, panowie mówią о polityce (польск.) – Панам дазволілі размаўляць пра асабістыя справы, а яны размаўляюць пра палітыку.

Сяргей Саланкевіч