Што рабіць, калі сабака пагрыз 4 мільёны рублёў? Чытач «Нашай Нівы» сутыкнуўся акурат з такой праблемай. Аказалася, ехаць трэба ў касы Нацбанка, якія знаходзяцца ў Мінску ў будынку на вуліцы Талстога, 6.

Тыя самыя пагрызеныя грошы. Фота Сяргея Гудзіліна

Тыя самыя пагрызеныя грошы. Фота Сяргея Гудзіліна

У незвычайную сітуацыю трапіў наш чытач з Мінска Віталь Несцераў. Ягоны сабака залез у пакінутую на падлозе сумку, у якой ляжаў канверт з грашыма — чатырма мільёнамі рублёў купюрамі па дзвесце тысяч.

Як выявілася, сабака весела прабавіў час. Калі гаспадар вярнуўся дахаты, ад рублёў засталіся толькі шматкі…

«Калі б не памятаў, колькі дакладна грошай ляжала ў канверце, ніколі б не паверыў, што такое магчыма. Бо раскіданых па падлозе шматкоў было, мякка кажучы, нямнога», — узгадвае Віталь.

Ён сабраў рэшткі грошай і стаў збіраць з іх «мазаіку».

«На сайце Нацбанка сказана, што, калі захавалася 55% ад старой купюры, можна памяняць грошы на новыя. Прычым неабавязкова, каб захавалася цэльным кавалкам. Можна і некалькі шматкоў, але каб яны адназначна належалі пэўнай купюры. І якраз з гэтым была праблема. Вось ёсць у мяне сярэдняя частка банкноты, а краі, на якіх надрукаваны нумар, не засталіся. І ўсё, такі кавалак можна толькі на сметніцу. Карацей, як змог, разабраў рэшткі і адправіўся на абмен», — тлумачыць Віталь. Ехаць трэба ў касы Нацбанка, якія знаходзяцца ў Мінску ў будынку на вуліцы Талстога, 6.

«Касірка, як пабачыла шматкі, схапілася за галаву. Аказалася, літаральна ўчора яна тры гадзіны разбірала падобны набор кавалкаў. Прыйшлі падзівіцца і работніцы з суседніх вокнаў, — расказвае Віталь. — Усе, вядома ж, цікавіліся, хто так папсаваў грошы. Адна з работніц прызналася: «Нашыя галоўныя «ворагі» — сабакі і дзеці». І яшчэ досыць часта прыносяць грошы, якія прайшлі выпрабаванне пральнай машынай».

Па яго словах, працэдура праверкі простая. У касірак ляжаць спецыяльны разлінеены аркуш паперы. Да яго трэба прыкласці рэшткі купюры, абвесці абрыс, а пасля пералічыць, колькі квадрацікаў замалявана. Так вызначаецца, ці захаваліся патрэбныя 55%. Інструкцыя строгая, таму задобрыць касірку наўрад ці атрымаецца.

«У выніку мне выдалі на рукі 1,4 мільёна — то бок толькі 7 з 20 купюр захаваліся ў дапушчальным стане, — кажа Віталь. — Рэшткі грошай, якія не прайшлі праверку, вяртаюць гаспадарам, але ніякай карысці ад іх няма».

…А што з сабакам? Дактары ў ветэрынарнай клініцы запэўнілі, што ў страўніку іншародных прадметаў няма. Грошы ў арганізме не пераварваюцца, значыцца, рублі выйшлі натуральным шляхам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?