Аляксей Доўбаш
«Грамадзяне знаходзяцца ў поле зроку Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі з 2014 года. З 2015 года іх праверка вялася сумесна з ФСБ Расіі. Устаноўлена, што двое з іх з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, адзін — выхадзец з Расіі. Разам з тым, дадзеных, якія пацвярджаюць іх ўзаемасувязь, на сённяшні дзень у КДБ няма», — паведаміў начальнік прэс-службы КДБ Беларусі. Гаворка ідзе пра братоў Доўбашаў і Марата Юнусава.
Паводле інфармацыі КДБ, браты Доўбашы (Аляксей і Іван) разам з маці ў 2000 годзе выехалі на тэрыторыю Бельгіі, дзе і выхоўваліся. У 2006 годзе Аляксей скончыў школу і паступіў у секцыю боксу, дзе і пазнаёміўся з прыхільнікамі ісламу. Пасля пад іх уплывам ён прыняў іслам і на першапачатковым этапе пастаянна наведваў мячэць.
«Паводле наяўнай інфармацыі, апошнім часам мячэць ён не наведвае, а малітвы праводзіць дома. Таксама мы маем інфармацыю, што ў 2013 годзе ён пазнаёміўся з выхадцам з Сербіі, які пасля выехаў на вайну ў Сірыю. У 2014 годзе прыблізна каля 1,5 месяцаў ён знаходзіўся з мэтай пошуку працы на тэрыторыі Турцыі. Разам з тым, за парушэнні турэцкага заканадаўства быў назад высланы ў Бельгію», — інфармаваў Дзмітрый Пабяржын.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці бывалі браты Доўбашы ў Беларусі і калі апошні раз, ён адказаў: «КДБ мае дадзеныя пра тое, што браты перыядычна наведвалі Рэспубліку Беларусь».
Адносна трэцяга фігуранта, пра якое паведамляюць СМІ — Марата Юнусава — начальнік прэс-службы КДБ Беларусі адзначыў, што ён з'яўляецца выхадцам з тэрыторыі Расіі, а з 1990 года пражываў на тэрыторыі Беларусі ў Гродзенскай вобласці.
«У 1999 годзе выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Бельгію. У 2008 годзе ён прыняў бельгійскае падданства, і з гэтага часу мы маем звесткі пра пяць наведванняў тэрыторыі Беларусі. Апошні раз Марат Юнусаў наведваў Беларусь у 2011 годзе», - паведаміў Пабяржын.
На пытанне, ці валодае КДБ інфармацыяй пра тое, ці звязаныя паміж сабой браты Доўбышы і Марат Юнусаў, ён сказаў: «На сённяшні дзень КДБ не мае інфармацыі пра ўзаемасувязь паміж братамі Доўбашамі і Маратам Юнусавым».
У снежні 2015 года, як адзначыў Дзмітрый Пабяржын, інфармацыя пра братоў і Марата Юнусава была перададзена калегам з ФСБ Расіі з прапановай аб перадачы яе праваахоўным органам Бельгіі, з якімі КДБ кантактаў не падтрымлівае.
«Ці дастаўлена інфармацыя ў дачыненні да згаданых асоб, нам не вядома», - сказаў начальнік прэс-службы КДБ Беларусі.
Каментуючы магчымасць знаходжання іх на момант тэрактаў у Бельгіі і датычнасці да іх, Дзмітрый Пабяржын заявіў: «Нам дакладна вядома, што на момант здзяйснення тэрактаў Аляксей Доўбаш знаходзіўся ў горадзе Гомель. Прычым аб сваім выездзе ў Рэспубліку Беларусь ён загадзя праінфармаваў паліцыю Бельгіі. Даведаўшыся з інтэрнэту пра нфармацыю, якая ў дачыненні да іх з братам распаўсюджваецца, папрасіў свайго брата Івана патлумачыцца ў антытэрарыстычных падраздзяленнях Бельгіі, што той і зрабіў.
Такім чынам, мы можам пэўна сцвярджаць, што Аляксея Доўбаша на момант здзяйснення тэрактаў у Бельгіі не было. Датычна Івана Доўбаша і Марата Юнусава — давайце гэтае пытанне адрасуем нашым бельгійскім калегам».
«Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі па лініі процідзеяння міжнароднаму тэрарызму гатовы супрацоўнічаць з любой краінай свету», - сказаў Дзмітрый Пабяржын.