Памерла Ганна Вольская — жонка і прадзюсарка Лявона Вольскага. Ёй было 40 гадоў
Яна сышла з жыцця 23 сакавіка ад раку малочнай залозы.

Пра яе смерць паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года. Скончыла Інстытут культуры. У 1995—1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле легендарнага «Радыё 101.2», дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У іх нарадзілася дачка Адэля, якой роўненька ў дзень смерці мамы споўнілася 18 гадоў.
Без Ганны не было б многіх выдатных песень Вольскага. Яна была менеджаркай культуры — і пры гэтым чалавекам, глыбока адданым радзіме і свабодзе.
Ганна была дырэктаркай гурту N.R.M., з’яўлялася нязменнай прадзюсаркай музычнага праекта «Крамбамбуля» і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала суаўтаркай сцэнару, прадзюсаркай і нават акцёркай у некалькіх праектах для тэлеканала «Белсат» («Снежны завулак», «Назад у будучыню»).
«Наша Ніва» далучаецца да спачуванняў сям'і нябожчыцы.
Каментары