Гэтым разам я вырашыў ехаць на Парфенава аўтобусам. Не пайшоў, як зазвычай, праз увесь горад на скрыжаванне з кальцавой дарогай, а зайшоў у «забягалаўку» насупраць аўтастанцыі. Узяў кавы «тры ў адным» у пластыкавым кубачку, піражок з капустай. Сеў за стол, піў каву і чытаў аповесць Мікалая Гогаля «Вечера на хуторе близ Диканьки».

Калі да аўтобуса Докшыцы–Ваўкалаты заставалася пятнаццаць хвілін, я ўстаў з-за стала, сказаў буфетчыцы «Да пабачэння!» і пайшоў на аўтастанцыю. Купіў білет. Сем дзевяцьсот. Адыйшоў ад касы, агледзеўся. Ці няма каго знаёмага, хто на Парфенава або Крулеўшчыну едзе? Няма.

Выходжу на двор, на пасадачныя платформы. І бачу перад сабой прыгарадны аўтобус Докшыцы–Беразіно, а на яго лабавым шкле – вымпел бела-сіне-чырвонага колеру з выявай герба Расійскай Федэрацыі.

«Ды што за халера! – думаю сабе. – Яны што, зусім падурнелі са сваёй Расіяй?!» Я не магу спакойна глядзець на тое, што ў нашай незалежнай дзяржаве развешваюць сцягі і гербы чужой ды агрэсіўнай краіны. Завярнуўся, пайшоў на аўтастанцыю разбірацца.

Каса месціцца ў тым жа памяшканні, што і дыспетчарская. Падыходжу да вакенца.

- Вадзіцель аўтобуса Докшыцы–Беразіно тут?

- Тут. А што такое?

- Няхай ён або здыме герб Расійскай Федэрацыі з лабавога шкла – або я буду пісаць скаргу.

- Знімі ты, — кажа касірка кіроўцу. Відавочна, яна не хоча скандалу.

— А чаго гэта я буду знімаць? Мы ж брацья-славяне, брацкія народы. Хочаце, каб як ва Украіне было? Не буду знімаць! – адазваўся кіроўца.

— Тады дайце, калі ласка, кнігу скаргаў.

— Гэта кніга скаргаў касы. Мы Вас што – абшчыталі, ці білет не далі? Якія ў Вас да нас прэтэнзіі?

— Дайце кнігу скаргаў!

Касірка маўчыць. Я заходжу ў дыспетчарскую, паўтараю сваё патрабаванне. Пасля, можа, дзясятай просьбы супрацоўніца аўтастанцыі працягнула мне кнігу заўваг і прапаноў. Паводле заканадаўства, гэтая кніга павінна выдавацца па першым патрабаванні.

Разгарнуў кнігу. Пішу, што лічу непрымальным, каб у нашай незалежнай дзяржаве вывешвалася сімволіка суседняй краіны. Што пасля таго, як Расія развязала вайну ва Украіне, мне непрыемна бачыць расійскія сімвалы. Што размяшчэнне пабочных прадметаў на лабавым шкле супярэчыць правілам бяспекі дарожнага руху.

А навокал супрацоўнікі аўтастанцыі і пасажыры кідаюць абураныя рэплікі. Мы – радные брацья! Мы – адна кроў! У нас два гасударственных языка! Бандэравец! Міліцыю нада вызваць!

— Ужо вызвалі, — кажа супрацоўніца аўтастанцыі.

Маўчу, у дыскусію не ўлажу. Да адпраўлення майго аўтобуса застаюцца лічаныя хвіліны. Трэба хутка дапісаць зварот, каб паспець сесці на аўтобус.

— Вось, ён піша скаргу супраць расійскага сцяга. Праверце, можа ён які нацыяналіст, — звяртаецца супрацоўніца аўтастанцыі да міліцыянтаў, якія прыехалі раней, чым я скончыў пісаць «скаргу».

Міліцыянты чакаюць, пакуль я дапісваю. Аддаю кнігу заўваг і прапаноў супрацоўніцы.

— Старший прапорщик N. Предъявите, пожалуйста, Ваши документы.

Даю міліцыянту пашпарт. Ён разгортвае, чытае ўголас маё прозвішча, імя, дату нараджэння, месца прапіскі. Ягоны калега запісвае ўсё на аркуш паперы. Перапісалі, аддалі мне пашпарт і паехалі.

Была вечаровая «гадзіна пік» і гэтую дзею бачылі з паўсотні чалавек. Ніводзін за мяне не ўступіўся. Няўжо ўсё так кепска? Няўжо ўсе гэтыя людзі лічаць, што чалавек, які змагаецца супраць вывешвання сімвалаў чужой дзяржавы – дзівак і нацыяналіст?

Іду на пасадачную платформу. Падрульвае белы аўтобус. Разам з натоўпам пасажыраў, якім трэба ў Парфенава, Сітцы, Ваўкалаты, я заходжу ўнутр. Вітаюся са знаёмай дзяўчынай, якая робіць юрыстам у райвыканкаме. Саджуся ў канцы. Аўтобус поўны, занятыя амаль усе месцы.

Калі аўтобус пад’ехаў да прыпынка ў Парфенаве, чую, як адна пасажырка кажа іншай: «Да пабачэння!» Як выйшаў, сустракаю дзядзьку Казіміра, які робіць электрыкам і вяртаецца з работы. Некалькі соцень метраў мы ідзём па вуліцы і размаўляем на літаратурнай беларускай мове. Развітваемся каля прыватнай крамы «Паўлінка», шыльда якой напісаная па-беларуску.

Можа, яшчэ не ўсё страчана ў гэтай няшчаснай краіне?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?