Маленькая дачка фігуранта «справы графіцістаў» жыве ў Магілёве. Яе маці — маладая паэтка Вераніка Міхалёва, больш вядомая пад псэўданімам Роня Роніч. У інтэрвію «НМ» яна распавяла, як перажыла падчас цяжарнасці арышт мужа і маральны гвалт. Брутальны ціск на яе сям’ю адбіўся на яе творчасці.

***

Роня Роніч:

Калi маё сэрца ня стане бiцца,
Калi кyлю спаткae патылiца,
Калi cьцiснуцца моцна ськiвiцы —
Я не памру, можаш не дзiвiцца.

Графіці

Бацька дачкі Роні Роніч — Яраслаў Ульяненкаў праходзіў падазраваным па крымінальнай справе за нанясенне патрыятычных графіці, што з пункту гледжання беларускага аўтарытарнага рэжыму «груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства».

На графіці былі напісаныя словы «Беларусь мае быць беларускай». Усяго 11 жніўня мінулага году было арыштавана чацьвёра хлопцаў. «Крымінальнае» графіці на фота:

Вось як пра затрыманне ўспамінае сам Яраслаў:

«Калі я быў у ванне, пачалі ламацца ў дзверы і крычаць: «Адчыніце, міліцыя!» Не паспеў нават нікога са сваякоў папярэдзіць, як дзверы зламалі. Мяне выцягнулі з ванны, надзелі кайданкі, кінулі на падлогу. Усё гэта суправаджалася зьбіццём: мяне ў кайданах цягалі, білі па твары, па рэбрах, па нагах. Я пасьпеў заўважыць, што яны былі ў масках і з пісталетамі, мне потым увесь час казалі, каб я стаяў ілбом у сцяну і не глядзеў у іх бок.

А потым яны сышлі і зайшлі, відаць, апэратыўнікі. І пачаўся ператрус. Толькі цяпер зьявіліся панятыя, мае суседзі. Яны забралі пяць пар абутку, лічбавыя носьбіты, а таксама фарбы».

Як пазней высветлілася, Яраслаў тыя графіці, пра якія кажуць міліцыянты, бачыў толькі ў сеціве і нават ня ведае, дзе яны зробленыя. Хлопца выпусцілі з турмы адным з першых.

Яраслаў Ульяненкаў, фота радыё «Свабода»

Яраслаў Ульяненкаў, фота радыё «Свабода»

Але гэта яшчэ не ўсё. Супрацоўнік сілавых органаў Ігар Паўлавіч Луневіч падчас допыту пагражаў тым, што дабярэцца да цяжарнай на той момант жонкі Яраслава, якая знаходзілася ў Магілёве. Да дому Веранікі Міхалёвай насамрэч прыходзілі невядомыя асобы ў цывільным, якія нахабна спрабавалі трапіць унутр. Пасля пільнавалі яе пад пад’ездам.

Пазней з той нагоды Вераніка Міхалёва напіша такі верш:

Што такое Свабода?

Свабода… 
Гэта калі 
Некалькі пар рук 
І некалькі пар ног 
Пераступаюць парог 
І прыводзяць мінімум 
Двух. 
Панятых. 
Нічым не занятых. 
З тварам памятым. 
Свабода 
Гэта калі 
Некалькі пар ботаў, 
Берцаў такіх вялізных, 
З амапаўскаю пяшчотай 
Праходзяць па чыстай тваёй бялізьне.
Свабода 
Гэта калі 
Дадолу ляцяць майткі, 
Станікі. 
Па іх ходзяць чужыя ногі. 
І ветлівыя карнікі легчы просяць 
Цябе на падлогу. 
Яны гаспадары тут. 
Начальнікі. 
Твой дом, твая крэпасьць — Іх.
Забудзься на панятых, 
Што з тварам памятым, 
З ложку ўзьнятых, 
Свабода 
Гэта калі 
Маеш права не мець свабоду. 
Прычым неабмежавана. 
І гэтае права за нашым народам 
Да сьмерці замацавана.

Вераніка Міхалёва нарадзілася ў Магілёве ў 1992 годзе. Скончыла школу і адвучылася на фармацэўта ў Магілёўскай медычнай вучэльні. З 2013 года навучаецца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Акрамя паэзіі па-аматарску захапляецца акварэлямі:

Акварэль Веранікі Міхалёвай

Акварэль Веранікі Міхалёвай

Творчасць і дыктатура

Пасля выступу на паэтычным батле, што адбыўся на выходных у магілёўскім грамадскім цэнтры, Вераніка пагадзілася адказаць на некаторыя пытанні карэспандэнта «НМ».

— Вераніка, распавядзі, калі ласка, як вы пазнаёміліся з Яраславам?

— Усё вельмі проста і празаічна. Я вывучылася на фармацэўта і далей атрымала накіраванне на абавязковую адпрацоўку ў Менск. У 2014 годзе мы пазнаёмілася з Яраславам на Дні вышыванкі.

— Як ты даведалася пра тое, што мужа арыштавалі? Што адчула?

— Калі затрымлівалі хлапцоў, я ўжо на апошніх тыднях цяжарнасьці знаходзілася ў маці ў Магілёве. У дні мы стэлефаноўваліся з мужам, як звычайна. Але раптам ягоныя тэлефанаванні перапыніліся і да самага позьняга вечару ніякіх званкоў не было – гэта мяне вельмі насьцярожыла. Патэліўшы позна ноччу і пачуўшы напружаны голас, адразу зразумела, што здарылася нешта надзвычайнае. А калі ўжо даведалася, што адбылося, то проста доўга не хацелася ў гэтае верыць. Адзін гэты дзень перавярнуў усё жыццё. Усе планы, надзеі і мары засталіся ахапкам рэчаў, вопраткі і бялізны на падлозе, на якіх, як плявок, засталіся сьляды амапаўскіх берцаў.

— Калі спецслужбы пачалі выконваць тое, што абяцалі Яраславу на допыце – цкаваць цябе, што ты адчула?

— Я нават і словаў такіх не магу падабраць, каб выказаць сваё абурэньне ў той момант. Уявіце, жанчына, то бок я, знаходзіцца на 38-м тыдні цяжарнасці, вось-вось народзіць, а тут яе (і не толькі ўжо яе) здароўе падвяргаецца такой рызыцы, стрэсу. Лічу, што гэта проста ўжо не ўпісваецца ані ў якія рамкі. Тыя людзі ў цывільным некалькі дзён запар прыходзілі да мяне да дому, дый у такі час, калі ўсе звычайна на працы. Званілі бясконца ў дзверы, глядзелі ў замочную адтуліну – я якраз неяк выйшла ў трапны момант у калідор і проста гэтае ўсё бачыла. Потым гэтую адтуліну мы з маці заляпілі ад граху падалей. Потым яны яшчэ доўгі час сядзелі пад вокнамі ў скверы. Шчыра кажучы, адчуванне небясьпекі не пакідала ані мяне, ані маці. З бацькамі пасля таго ў мяне напружаныя адносіны.

— Яраслаў вымушаны быў тэрмінова пакінуць краіну. Як вы кантактуеце і як перажываеце растанне?

— Растанне перажываецца вельмі балюча. Бо ён жа нават не паспеў адчуць асалоду бацькоўства і пазнаёміцца са сваім дзіцём. Сям’я на адлегласці – гэта вычварэнства. А маніпуляваць чалавекам, выкарыстоўваючы дасведчанасць у становішчы яго жонкі – гэта яшчэ большае вычварэнства. Дзякуючы сучасным тэхналогіям мы маем магчымасць размаўляць і нават бачыць адзін аднаго. Але ж гэта праз шкло манітору, якое ніколі не заменіць сапраўдную прысутнасць. Гэта балюча.

— Аматары паэзіі заўважаюць, што амаль усе твае вершы, так ці іначай, звязаныя з тэмай уціску. Гэта драма тваёй сям’і так адбілася на творчасці?

— Усе мае вершы маюць сувязь з рэчаіснасцю. Мая творчасьць выцякае з таго, што адбываецца навокал. Гэта мая рэфлексія. Безумоўна, апошнія падзеі не маглі не адгукнуцца на маім пісаньні. Усё гэта адчутае, набалелае і, напэўна, таму такое не прыкрыта шчырае. Наша гісторыя – толькі кропля ў моры падобных, а то і больш балючых гісторый. Калі сказанае ў вершах перажыта насамрэч, не выдумана, не ўзята «дзеля прыгожага слова», а перацёрта млынам жыцьця, такія вершы, мяркую, і кранаюць. Такія вершы застануцца ў памяці многіх, хто, магчыма пазнае ў іх сябе. На маю думку, гэта і ёсьць прызначэньне аўтара: стварыць, крануць і растварыцца, даўшы магчымасьць адрасату пабыць сам-насам з творам.

— Дзякуй за інтэрвью.

Вераніка Міхалёва на паэтычным батле

Вераніка Міхалёва на паэтычным батле

***

Гэтае сьвятло больш нагадвае цемру.
Свабода ўсё больш пачынае паходзіць на сьцены.
Свабода.
А ці была? А ці ёсьць? А ці будзе?
Свабодныя.
Хочаце? Будзеце? Можаце, Люююдзі?!
Гэтае Сонца больш нагадвае вогнішча.
А гонар і годнасьць занесьлі яны ў гушчар.
Сонца. А грэе? А грэла? А будзе?
Жыць.
Хочаце? Будзеце? Можаце?
Гэтыя вуліцы нагадваюць больш лабірынты.
А коўдры ў ложках бы пліты граніту.
Выйсьце.
А ці было? А ці ёсьць? А ці будзе?
Выйсьці.
Хочаце? Будзеце? Зможаце?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?