Допуск да здачы экзаменаў на права кіравання транспартным сродкам катэгорыі «В» у парадку самападрыхтоўкі магчымы пасля папярэдняй праверкі экзаменацыйным падраздзяленнем ДАІ ведаў ПДР і навыкаў кіравання.
Пра гэта распавёў начальнік міжраённага экзаменацыйнага аддзела ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Яскавец.
Аднак гэта больш тычыцца жыхароў невялікіх населеных пунктаў, дзе ў сілу пэўных абставінаў чалавек не мае магчымасці наведваць заняткі ў навучальных арганізацыях, а атрымаць правы кіроўцы неабходна.
«Для Мінска гэта пытанне гучыць не так актуальна, як для вяскоўцаў або жыхароў малых гарадоў, — адзначыў Яскавец. -Але калі такія пісьмовыя звароты да нас паступаюць, мы іх разглядаем. У 2015 годзе да нас паступіла ад мінчан каля пяці такіх заяў. І ні адзін з тых, хто звярнуўся, не змог прайсці папярэднюю праверку ведаў ПДР, не кажучы ўжо пра практычны экзамен. Усім было рэкамендавана прайсці навучанне ў аўташколе, а пасля ўжо прыходзіць у ДАІ здаваць на правы».