Аснову выданняў, якія выстаўлены на сёлетні велікодны распродаж Arche, складаюць пазіцыі, якія ніколі раней не прадаваліся са зніжкамі. Збольшага гэта апошнія бестсэлеры, якія добра разыходзяцца і без дадатковай рэкламы. Гэта высокаякасныя даследаванні аб нашай гісторыі, культуры, мове і ідэнтычнасці.

Пра тое, як атрымаць выданні, чытайце на сайце часопіса Arche.

Вашай увазе прапануецца:

Стэфан Крыстафер Роўэл. Уздым Літвы: паганская імперыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, 1295—1345; пераклад з англійскай мовы Алеся Мікуса. — Мінск: Медысонт, 2015. — 423 с.

У даследаванні паказваецца, як Вялікае Княства Літоўскае ўпершыню набыло вагу на міжнароднай арэне. Разглядаецца шлях Літвы да велічы пад уладай Гедыміна, а таксама закранаюцца дасягненні яго папярэдніка і брата Віценя (1295—1315) і яго выбранага наступніка Яўнута (1342—1345). Найбольшая ўвага надаецца таму, як Вялікае Княства выкарыстоўвала вайсковыя і палітычныя слабасці суседзяў, маніпулявала канфесійнымі межамі каталіцтва ў Прыбалтыцы і праваслаўя на Русі, а таксама яго дыпламатыя ў адносінах з замежнымі ўладарамі, якія былі гатовыя як выступіць разам з паганамі-літоўцамі (і жаніцца з паганскімі князёўнамі), так і падтрымліваць крыжовыя паходы супраць іх.

Леанід Рэйн. Каралі і пешкі: калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны; пераклад з англійскай мовы Вольфа Рубінчыка. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 443 с.

У гэтай кнізе разглядаецца адносна мала даследаваная з’ява перыяду Другой сусветнай вайны — калабарацыя мясцовага насельніцтва Беларусі з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Зроблена спроба прааналізаваць калабарацыю як з’яву. Аналіз калабарацыі выяўляе таксама матывы паводзінаў людзей і рэакцыю грамадства, якое апынулася ў экстрэмальным, ненармальным становішчы.

Антанас Ціла. Скарб Вялікага Княства Літоўскага падчас Дваццацігадовай вайны (1648—1667 гг.); пераклад з літоўскай мовы Алеся Мікуса. — Смаленск: Інбелкульт, 2015.

384 с.

У гэтай працы аўтар імкнецца паказаць рэальнае функцыянаванне скарбу Вялікага Княства Літоўскага падчас вядзення гэтай дзяржавай ваенных дзеянняў у 1648—1667 гг.: фармаванне бюджэту, яго асаблівасці, тыпы падаткаў, паступленні сродкаў, іх штогадовую дынаміку і суадносіны з сапраўднымі патрэбамі, удзел палітычнага грамадства і ўсіх жыхароў краіны ў вырашэнні задач па ахове і абароне дзяржавы, а асабліва па вызваленні краіны ад непрыяцеля. Шмат увагі прысвячаецца рашэнням павятовых соймікаў ВКЛ па падатках, добраахвотнай падтрымцы скарбу з боку паветаў, а таксама пастановам Гарадзенскай канвакацыі, дзейнасці прадстаўнікоў ВКЛ на соймах пры падрыхтоўцы канстытуцый ВКЛ, асабліва на сесіях, якія адбываліся ў Літве, іх сувязі са зборам сродкаў у скарб і фармаваннем дзяржаўнага бюджэту. Робіцца спроба раскрыць асабістыя намаганні ўраднікаў ВКЛ і іншых грамадзян па абароне і вызваленні дзяржавы ад акупантаў.

Артурас Дубоніс. Лейці вялікага князя літоўскага: з гісторыі ранніх дзяржаўных структур літоўскага грамадства; пераклад з літоўскай мовы Рамана Урбановіча. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 146 с.

Гэтая кніга — даследаванне нараджэння, развіцця і заняпаду ў Вялікім Княстве Літоўскім служылага саслоўя лейцяў. Лейці служылі ў якасці памежнай варты, абаранялі замкі, прадстаўлялі велікакняскую ўладу на ўскраінах і ўтаймоўвалі незадаволеных ёй; пазней яны даглядалі коней гаспадара і суправаджалі яго ў падарожжах. Праз звыклую сучаснаму чытачу структуру палітычных і эканамічных адносін, на якіх грунтавалася Вялікае Княства Літоўскае, у кнізе праступае структура асабістых сувязяў паміж яго людзьмі, ад гаспадара да служылага лейця.

Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ склікання: дакументы, факты, каментарыі / укладанне А. В. Кур’яновіча. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 800 с.

У складзе зборніка друкуюцца шматлікія дакументы і матэрыялы, датычныя дзейнасці парламенцкай апазіцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ склікання (1990—1995 гг.). Многія з іх публікуюцца ўпершыню, на аснове архіўных арыгіналаў. Тэксты дакументаў суправаджаюцца грунтоўнымі каментарамі ўкладальніка, а таксама багатым ілюстратыўным матэрыялам. У гэтай кнізе пад адной вокладкай сабраныя асноўныя працы вядомага беларускага навукоўца, прысвечаныя разнастайным кірункам ягоных навуковых зацікаўленняў: праблема ўтварэння і тэрытарыяльнага фармавання Вялікага Княства Літоўскага, гістарычная геаграфія і картаграфія, генеалогія, гістарычная дэмаграфія і інш.

Вячаслаў Насевіч. Беларусы: станаўленне этнасу і нацыянальная ідэя. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 526 с.

 

У гэтай кнізе пад адной вокладкай сабраныя асноўныя працы вядомага беларускага навукоўца, прысвечаныя разнастайным кірункам ягоных навуковых зацікаўленняў: праблема ўтварэння і тэрытарыяльнага фармавання Вялікага Княства Літоўскага, гістарычная геаграфія і картаграфія, генеалогія, гістарычная дэмаграфія і інш.

Вітальд Бярнацкі. Паўстаньне Хмяльніцкага: Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648—1649 г.; пераклад з польскай мовы Антона Кузьміча. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 183 с.

Кніга прысвечаная падзеям на літоўскім тэатры ваенных дзеянняў напрыканцы лета і ўвосень 1648 г. і ўзімку 1649 г., а таксама летняй кампаніі князя Януша Радзівіла, што скончылася ягонай бліскучай перамогай над коннай казацкай арміяй пад Лоевам 30 ліпеня 1649 г.

Паліталёгія = Politikwissenschaft: Паняцьці. Аналізы. Тэорыі: Асноўны курс / Г. Мюнклер, І. Фэчэр, В.-Д. Нар і інш.; Пераклад зь нямецкай мовы: В.Булгакаў і інш. — Выд. 2-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 677 с.

Выданне разьлічана на студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцяў, прафесійных палітыкаў і палітолагаў, а таксама ўсіх, каго пакідае неабыякавым палітычная праблематыка.

Андрэй Катлярчук. У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст.; пераклад з ангельскай мовы Вольгі Калацкай. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 305 с.

 

У манаграфіі знайшлі адлюстраванне спробы Вялікага Княства Літоўскага заключыць дзяржаўную унію са Швецыяй падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гг.

Кампанія 1660 году ў Літве / Кшыштаф Касажэцкі; пераклад з польскай мовы Антона Кузьміча. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 330 с.

У кнізе апісваюцца ваенныя дзеяньні паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй у 1658—1660 гадох. Яна ахоплівае наезд князя Івана Хаванскага, яго дзеяньні на Наваградчыне, а потым наступ літоўскіх і польскіх войскаў, які дазволіў прагнаць маскоўскія войскі за Дзьвіну і Дняпро. У яго рамках знаходзяцца апісаньні бітваў пад Палонкай, на Басі, пад Талачыном і Друцкам.

Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху / Антон Луцкевіч; укладанне, прадмова, каментар, анатаваны індэкс імёнаў Анатоля Сідарэвіча. — Выд. 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 346 с.

 

У зборнік аднаго з заснавальнікаў Беларускае Сацыялістычнае Грамады і беларускае дзяржаўнасьці Антона Луцкевіча (1884—1942) уключаныя яго найбольш вядомыя творы, прысьвечаныя гісторыі беларускага руху.

Томаш Главінскі. Забыты гарнізон. Аддзелы Корпуса памежнай аховы ў Івянцы ў1924–1939 гадах; пераклад з польскай мовы Алеся Пілецкага. — Выд. 2-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 142 с.

Кніга прысвечана гісторыі аднаго з польскіх гарнізонаў на польска-савецкай мяжы, які існаваў у міжваенны перыяд. У той жа час яны з’яўляецца і фрагментам гісторыі Івянецкага краю. Паводле аўтара, гэта «аповед аб свеце, які хоць і не ідэальны, але абуджае сёння ў нас сантыменты і сімпатыю». Гэтая кніга не ёсць аповедам пра вялікую палітыку, вялікія бітвы, ці, нарэшце, пра вялікія падзеі. Гэта аповесць пра малое мястэчка і яго пушчанскія ваколіцы, а таксама пра тых людзей, каму тут выпала жыць, служыць і працаваць.

Віцебскі краёвы слоўнік: (матэрыялы) / Мікола Касьпяровіч; пад рэд. М. Я. Байкова і Б. І. Эпімаха-Шыпілы; [прадмова С. Запрудскага]. — 3-е выд., стэрэатыпнае. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — XIX, 371, [6] с.

Факсімільнае перавыданьне слоўніка, які быў першым з краёвых слоўнікаў часоў беларусізацыі 1920-х гг., створаных у выніку масавай краязнаўчай работы. Слоўнік складаецца з 9703 слоў, зафіксаваных у 591 населеным пункце былой Віцебскай акругі.

Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны / Мікола Шатэрнік; пад рэдакцыяй М. Я. Байкова і Б. І. Эпімаха-Шыпілы; [прадмова С. Запрудскага]. — 3-е выд., стэрэатыпнае. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — [13], 317 с.

Факсімільнае перавыданьне слоўніка, падрыхтаванага на працягу 1927 г. настаўнікам Навасёлкаўскай школы Пухавіцкага раёна Мікалаем Шатэрнікам (1890—1934). Налічвае каля 9 тысяч слоў. Друкуецца паводле: Шатэрнік, М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны / Беларуская Акадэмія навук. Аддзел гуманітарных навук. Камісія для ўкладаньня слоўніка жывой беларускай мовы. Пад рэд. М. Я. Байкова і Б. І. Эпімаха-Шыпілы. — Менск: Выданьне Беларускае Акадэміі навук, 1929. — 328 с.

Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі: сацыялінгвістычнае дасьледаваньне / Міраслаў Янковяк; пераклад з польскай мовы Алены Пятровіч. — Выд. 2-е, папраўленае. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 289 с.

У манаграфіі аналізуюцца беларускія гаворкі, якія функцыянуюць у межах сучаснай Латвіі. Асновай для яе стаў матэрыял, сабраны аўтарам у 2004—2007 гг. у час палявых дасьледаваньняў. Разглядаюцца моўныя рысы беларускіх гаворак (фанэтычныя, марфалягічныя, сынтаксічныя і лексічныя), фэномэн іх жыцьцёвасьці, працэс русіфікацыі. Параўноўваюцца статыстычна выбраныя рысы мовы аўтахтоннага насельніцтва, якое карыстаецца беларускай гаворкай, з мовай прыежджых зь Беларускай ССР у Латвійскую ССР пасьля Другой усясьветнай вайны. У манаграфіі ёсьць таксама вялікі разьдзел пра функцыянаваньне беларускіх гаворак сярод іншых моваў на гэтай тэрыторыі і апісваюцца сфэры жыцьця, у якіх выкарыстоўваюцца беларускія гаворкі. Разьлічана на адмыслоўцаў у галіне беларускага мовазнаўства і ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай і беларуска-балцкім моўным памежжам.

ARCHE № 9 — 2015. Міхал Клеафас Агінскі. Мемуары за 1795-1810 гады. 350 старонак.

Асноўную частку нумара складае публікацыя перакладу на беларускую мову ўспамінаў вядомага польска-беларускага кампазітара і палітычнага дзеяча канца XVIII – пачатку ХІХ стст. Міхала Клеафаса Агінскага «Мемуары пра Польшчу і палякаў». Першая частка гэтых успамінаў, якая ахоплівала 1788—1794 гг., ужо ў свой друкавалася ў «ARCHE» (№ 6 за 2011), у дадзеным нумары публікуецца іх працяг, што ахоплівае 1795—1810 гг. Публікацыя прымеркаваная да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, якое шырока адзначалася ў 2015 годзе.  

ARCHE № 9 (108) — 2011. Аўстрыя: ад імперыі да нацыі.  450 старонак з ілюстрацыямі.

Эсэістыка Робэрта Мэнасэ, Карла-Маркуса Гаўса, Марціна Полака; успаміны Штэфана Цвайга; аналітыка Жанны Кромер, Яраслава Шэбэка; гістарычныя даследаванні Алега Гардзіенкі і Наталі Новік; пераклады класікаў і сучаснікаў аўстрыйскай літаратуры — Франца Кафкі, Райнэра Марыя Рыльке, Артура Шніцлера, Інгеборг Бахман, Фрыдэрыке Майрокер, Томаса Бэрнхарда, Эльфрыдэ Елінэк… Гэтыя і іншыя аўтары — у 9-м нумары за 2011 год на 450 старонак з ілюстрацыямі.

ARCHE № 1-2 (100-101) — 2011. Выбары 19 сьнежня 2010: Панарама падзеі. 277 старонак з ілюстрацыямі.

Нумар прысвечаны падзеям канца 2010 года: чарговым прэзідэнцкім выбарам, брутальнаму разгону Плошчы-2010 і яго наступствам. Аснову нумара склалі сведчанні відавочцаў падзеяў, меркаванні экспертаў.

ARCHE № 4 — 2013. Беларусь у цяні Палесся. 640 старонак.

Нумар цалкам прысвечаны гісторыі і культуры Беларускага Палесся ў ХІХ—ХХІ стст. На яго старонках апублікаваныя матэрыялы па агульнай гісторыі рэгіёна і гісторыі асобных мясцовасцяў, біяграфічныя, этналагічныя і дэмаграфічныя даследаванні, успаміны. Назвы публікацый: «Нацыянальныя працэсы ў Палескім ваяводстве ў 1920-я гг. праз прызму вынікаў выбарчых кампаній у польскі парламент», «Рэчыцкі хранограф канца XVIII— пачатку ХХ ст.», «Мястэчка Гарадная: ад майдэборыі да сельсавету», «Шані, вёска Пружанскага павета. Эканамічнае і сацыяльнае даследаванне».

ARCHE №6 — 2014. Магнатэрыя Вялікага Княства Літоўскага. 385 старонак.

У нумары асвятляюцца пытанні як зараджэння магнацкага стану ў ВКЛ, так і ягонага далейшага развіцця ды заняпаду. Артыкулы прысвечаныя як асобным яскравым постацям, так і гісторыі цэлых магнацкіх родаў, іх уладанняў ды спецыфічных інстытутаў, з імі звязаных. У нумары друкуюцца працы беларускіх (Ніна Скеп’ян, Наталля Сліж, Дзмітрый Віцько, Настасся Скеп’ян), літоўскіх (Рымвідас Пятраўскас, Гянуце Кіркене, Відас Далінскас, Рамуне Шмігельскіце-Стукене, Раймонда Рагаўскене) і польскіх (Томаш Кэмпа, Анджэй Адам Маеўскі, Адам Данільчык, Кшыштаф Касажэцкі, Марыюш Савіцкі, Аляксандра Зёбер).

ARCHE №11 — 2014. Гарадзенскі міленіум. 396 старонак.

 

Асноўнай тэмай дадзенага нумара «ARCHE» стала Гародня як цэнтр прыцягнення. Геаграфічнае становішча дало магчымасць гораду быць важным адміністрацыйным цэнтрам на працягу стагоддзяў. Адпаведна Гародня паўплывала на рэгіён, стала месцам гістарычных падзей, істотных не толькі для Гарадзеншчыны, але і для краіны. Артыкулы нумара ахопліваюць перыяд ад Сярэднявечча да сучаснасці, дадаючы ў агульную скарбонку новыя веды па гісторыі Гародні і Гарадзеншчыны ў сферы палітыкі, архітэктуры, культуры, эканомікі і інш. Сярод аўтараў нумара — Алег Ліцкевіч, Наталля Сліж, Вячаслаў Швед, Андрэй Кіштымаў, Андрэй Вашкевіч, Таццяна Касатая і іншыя беларускія, польскія і расійскія даследчыкі.

ARCHE №12 — 2014. Бітва пад Оршай: месца памяці і канфлікт інтэрпрэтацый. 754 старонкі.

Нумар уяўляе сабой публікацыю больш чым на 750 старонак з 68 старонкамі каляровага друку, якая прэзентуе самы грунтоўны на сёння набор навуковых ведаў на беларускай мове аб перадгісторыі Аршанскай бітвы, а таксама пра абставіны і хаду самой сечы, яе вынікі і значэнне для гісторыі Беларусі і Еўропы. У нумары – больш за два дзясяткі тэкстаў гісторыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Сярод аўтараў нумара – Генадзь Сагановіч, Кшыштаф Квяткоўскі, Гедымінас Лясмайціс, Уладзімір Канановіч, Конрад Бабятынскі, Стывэн Роўэл, Віктар Якубаў і інш.

ARCHE №1-2 — 2015. Дэн Браўн. «Код да Вінчы». 420 старонак.

У нумары друкуецца поўны пераклад на беларускую мову культавага раману Дэна Браўна «Код да Вінчы» і іншыя артыкулы.

ARCHE №3 — 2015. Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIX стагодзьдзе». Частка 2. Паўстаньні і рэвалюцыі. 732

 

Нумар з’яўляецца лагічным працягам тоўстага № 7 часопіса за 2009 год «Гістарыяграфія 1920-х: Сярэднявечча і раннемадэрны час» і № 9 за 2014 год «Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIXстагодзьдзе»: мова і нацыя».

У нумары друкуецца вялікая кніга (300 старонак) Усевалада Ігнатоўскага «1863 год на Беларусі. Нарыс падзей», якая ніколі не перадрукоўвалася пасля першапублікацыі. Таксама ў нумары: двухсотстаронкавае даследаванне Сяргея Цытовіча «1863 год у Горы-Горках быўшай Магілёўскай губэрні. (Падзеі паўстаньня)», «Сынхраністычная табліца падзей паўстаньня на Беларусі, Літве i Польшчы ў 1830—1831 гг.» Лявона Бабровіча і Івана Шпілеўскага, «Кастусь Каліноўскі (к 60-годзьдзю яго сьмерці). Біяграфічна-гістарычны нарыс» Івана Цьвікевіча і інш.

ARCHE №5 — 2015. Польшча ў Другой сусветнай вайне». 408 старонак.

Нумар «ARCHE», які прапануецца ўвазе чытачоў, ахоплівае сваім зместам асноўныя вехі з гісторыі польскага ўзброенага чыну падчас Другой сусветнай вайны.

Чытач знойдзе ў ім артыкулы, прысвечаныя чыста вайсковай праблематыцы (гісторыя стварэння і баявога шляху паасобных вайсковых фармаванняў), а таксама даследаванні, якія тычацца ваенна-палітычнай сітуацыі ў Польшчы напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны. Мяркуем, што беларускаму чытачу будзе цікава пазнаёміцца з гісторыяй як рэгулярных вайсковых фармаванняў, якія дзейнічалі на розных франтах вайны, так і з гісторыяй незалежніцкага партызанскага руху. Так, артыкул даследчыка з Гданьска Яцэка Тэбінкі прысвечаны тэме Польшчы і польскіх вайсковых фармаванняў у якасці суб’екта міжнароднай палітыкі падчас Другой сусветнай вайны. Трагічныя падзеі верасня 1939 г. і іх наступствы з’яўляюцца прадметам даследчыцкай увагі варшаўскіх прафесараў Войцеха Матэрскага і Юліюша Тыма. У сваю чаргу, удзелу польскіх войсках на заходніх франтах вайны тычацца працы Януша Зузяка з Варшавы, Томаша Гаёўніка з Ольштына, Паўла Яворскага з Уроцлава, Яна Шкудлінскага з Гданьска. Гісторыя стварэння і дзейнасці польскіх вайсковых фармаваннях на ўсходнім фронце аналізуецца варшаўскімі даследчыкамі Чэславам Гжэлякам і Збігневым Пальскім, а таксама гісторыкам з Лодзі Альбінам Главацкім. Праблематыцы польскага незалежніцкага падпольнага і партызанскага руху прысвечаныя артыкулы Анджэя Хмеляжа з Варшавы, а таксама даследчыкаў з Гродна Станіслава Сільвановіча, Віталя Барабаша і Анджэя Пачобута.

ARCHE № 6 — 2015. Князі Радзівілы. 302 старонкі.

Гэты нумар закліканы садзейнічаць пашырэнню ведаў беларускага чытача пра славуты магнацкі род. Дзеля гэтага ў нумары сабраныя артыкулы вядомых гісторыкаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, якія займаюцца даследваннем роду Радзівілаў.Пералічым назвы некаторых артыкулаў, апублікаваных у нумары: «Закладанне родавых традыцый на прыкладзе Мікалая Мікалаевіча Радзівіла», «Каралева і яе брат: адносіны Барбары Радзівіл з Мікалаем Радзівілам Рудым», «Крыштаф Радзівіл Пярун — першы сенатар Вялікага Княства Літоўскага», «Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка і Берасцейская унія», «На службе караля і Рэчы Паспалітай: удзел літоўскага крайчага Жыгімонта Караля Радзівіла ў Смаленскай вайне 1632—1634 гг.».

ARCHE № 7–8 — 2015. Артур Голдэн «Мемуары гейшы». 414 старонак.

Аснову нумара складае пераклад на беларускую мову культавага рамана Артура Голдэна «Мемуары гейшы». У нумары таксама друкуюцца ўспаміны ўраджэнца Гродна Рыгора Хасіда «Пра Гродна, жыцьцё гарадзенскіх габрэяў да вайны, пра адносіны з польскім насельніцтвам, прычыны вітання мясцовым габрэйствам прыходу Чырвонай арміі ў 1939-м і аб тым, што прынесла габрэям савецкая ўлада» і гутарка з Барысам Кітом пад назвай «Я ёсць доктар матэматычных навукаў», якую запісаў нямецкі гісторык Фелікс Акерман напярэдадні 105-годдзя знанага беларуска-амерыканскага навукоўца.

Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў. Расійска-беларускі слоўнік. 704 старонкі, цвёрдая вокладка.

Кніга ўяўляе з сябе перавыданне найлепшага і найпаўнейшага расійска-беларускага слоўніка міжваеннага часу, першае выданне якога выйшла ў 1928 годзе. Слоўнік уключае больш за 60 тысяч слоў і быў створаны паводле выбаркі лексікі са «Словаря белорусского наречия» І. Насовіча, «Смоленского областного словаря» У. Дабравольскага, «Беларуска-польска-рускага слоўніка» Я. Ціхінскага, «Віцебскага краёвага слоўніка», «Практычнага вайсковага слоўніка», рукапісных слоўнікаў П. Шпілеўскага і С. Мядзьведзкага, а таксама з выбраных літаратурных твораў і народнай мовы. Аўтары імкнуліся ўхіляцца ад штучных наватвораў: перавагу аддавалі словам, якія існуюць у народнай і літаратурнай мове.

Марк Бартушка. Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941—1944 гг. 194 старонкі.

 

У кнізе нямецкага гісторыка даецца агляд дзейнасці розных партызанскіх фармаванняў на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў 1941—1944 гг. Геаграфічныя межы, якія былі абраныя для гэтай працы, практычна ахопліваюць тэрыторыю сучаснай Беларусі, але пры гэтым разглядаюцца таксама падзеі ў рэгіёне вакол Вільні і на землях, якія ў 1939 г. увайшлі ў склад СССР, аднак пасля 1945 г. былі зноў перададзеныя Польшчы.

Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі / Зборнік артыкулаў пад рэд. Валера Булгакава. — Аналітычны Грудок, 2003. — 297 с.

Мясцовыя выбары ў Беларусі, як любая важная падзея ў палітычным жыцьці краіны, маюць як кароткатэрміновыя, так і сярэдне- і доўгатэрміновыя наступствы. Яны даюць уяўленьне аб цяперашнім стане палітычнай сцэны краіны, аб палітычных капіталах яе асноўных актараў і ўзроўні сацыяльнага даверу да іх. Адзін з аўтараў зборнікаў – Віталь Сіліцкі.

ARCHE № 4 — 2007. 240 старонак.

 

У гэтым нумары — артыкул Андрэя Вашкевіча «Нашы сцягі над Заходняй», нарыс Андрэя Казакевіча «Палітычная геаграфія Беларусі», даследаванне амерыканскага гісторыка Барбары Скінэр «Грамадскія каштоўнасці Ўніяцкай царквы ў XVIII ст.», аналітыка Грыгорыя Ёфэ «Беларусь: дзяржава, але яшчэ ня нацыя», а таксама іншыя цікавыя тэксты.

ARCHE № 2 — 2004. 240 cтаронак.

У гэтым нумары — рэцэнзія Віталя Сіліцкага на так і нявыдадзеную кнігу (выйшлі толькі сігнальныя асобнікі) Аляксандра Лукашэнкі «Исторический выбор Беларуси. Лекции, прочитанные в высших учебных заведениях г. Минска» (Минск: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2003.), даследаванне Аляксандра Фрыдмана «Невядомы генацыд: знiшчэнне беларускіх цыганоў у 1941—1944», рэцэнзія Андрэя Катлярчука на беларускі пераклад кнігі Райнэра Лінднэра «Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ-ХХ ст.», і іншыя цікавыя тэксты.

ARCHE №1 — 2004. 240 cтаронак.

У гэтым нумары — крытыка Віталя Сіліцкага «Страшны сон расейскамоўных лібэралаў» (рэцэнзія на кнігу Леонид Злотников. В петле популизма: идеология, политика и экономика в независимой Беларуси. Минск: Энциклопедикс, 2002.), нарыс Алісы Бізяевай «Знікненне аўтара: беларуская сеціратура», эсэ Данілы Жукоўскага «У лабірынце з постмадэрністам» і іншыя цікавыя тэксты.

ARCHE №6—2003. Еўропа на ўсход ад Еўропы. 240 старонак.

У нумары: артыкул Алега Латышонка «Гантынгтан, правераны часам. Беларусь і постсавецкія краіны ў канфлікце цывілізацыяў», гутарка з брытанскім тэарэтыкам нацыяналізму Эндру Ўілсанам «Толькі мова можа быць асновай нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў», даследаванне шатланадскага палітолагам Стывэна Уайта «Эўрапейскі ці славянскі выбар? Замежная палітыка і грамадзянскія пазіцыі у постсавецкай Еўропе» і іншыя цікавыя тэксты.

ARCHE №2 — 2003. Туманнасці беларускай гісторыі. 200 старонак.

У нумары: даследаванне Джэймса Фліна «Кантрасты падабенства: біскупы Трой у Ірляндыі і Лісоўскі ў Беларусі ў эпоху Вялікай францускай рэвалюцыі», рэцэнзія Андрэя Катлярчука «Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны» на нашумелую кнігу Цімаці Снайдэра «The Reconstruction of Nations.Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus 1569—1999», архіўная публікацыя Анатоля Сідарэвіча «Правобраз Акту 25 Сакавіка», і іншыя цікавыя тэксты.

ARCHE №3 — 2002. 300 старонак.

У нумары: поўны пераклад геніяльнага раману «Малы апакаліпсыс» Тадэвуша Канвіцкага на беларускую мову, разважанні Валера Булгакава «Пра класычныя і неклясычныя нацыяналізмы», Лісты Яна Станкевіча да Антона Адамовіча часоў другой сусветнай вайны, і іншыя цікавыя тэксты.

ARCHE №8 — 2000. 76 старонак.

 

У нумары: эсэ Андрэя Екадумава «Мёртвыя сярод жывых. Стаўленне да смерці ў постсавецкай Беларусі», Выступ амерыканскага палітолага Рычарда Пайпса ў Маскоўскай школе палітычных дасьледаваньняў «Што Расіі ўзяць у XXI стагодзьдзе і што пакінуць у мінулым?», і іншыя цікавыя тэксты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0