23 красавіка ў судзе Лагойскага раёна была абвешчана пастанова Мінскага абласнога суда па справе мінчаніна Віталя Шавейкі.

Ён быў арыштаваны ў студзені 2008 года па падазрэнні ў забойстве сямігадовай другакласніцы Бяларуцкай сярэдняй школы Ірыны Кужэльнай і абвінавачваўся на падставе ч. 1 арт. 169 (распусныя дзеянні), ч. 3 арт. 166 (згвалтаванне) і п. 2 ч. 2 арт. 139 (забойства заведама малалетняга) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Як паведамілі БелаПАН у Мінскім абласным судзе, В. Шавейка вызвалены ад крымінальнай адказнасці. Да яго будуць прыменены меры бяспекі і лячэння ў выглядзе змяшчэння ў псіхіятрычную бальніцу са строгім назіраннем. Судом устаноўлена датычнасць мінчаніна да злачынстваў, што інкрымінаваліся яму.

Тэрмін утрымання ў псіхіятрычнай бальніцы судом не ўстанаўліваецца. Як патлумачылі БелаПАН у Мінскім абласным судзе, кіраўніцтва лячэбнай установы можа накіроўваць у суд пастановы аб яго вызваленні, калі палічыць, што ён не ўяўляе грамадскай небяспекі. Месца ўтрымання такіх асоб вызначае Міністэрства аховы здароўя.

Нагадаем, матэрыялы справы ў дачыненні да В. Шавейкі былі перададзены ў Мінскі абласны суд з пракуратуры Мінскай вобласці ў пачатку красавіка. У канцы лютага псіхолага‑псіхіятрычная экспертыза, якая праводзілася ў Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы «Навінкі» (Мінск), прызнала ў 29‑гадовага мінчаніна стан бессвядомасці.

Абвінавачанне ва ўчыненні забойства В. Шавейку было выстаўлена 11 студзеня — да высноў экспертызы. З санкцыі пракуратуры ён быў арыштаваны.

Цела другакласніцы Бяларуцкай сярэдняй школы (Лагойскі раён Мінскай вобласці) было знойдзена супрацоўнікамі крымінальнага вышуку 3 студзеня пад будаўнічым вагончыкам каля ляснога масіву на адлегласці прыкладна сямі кіламетраў ад пасёлка Бяларучы, дзе дзяўчынка жыла з маці, і двух кіламетраў ад садаводства «Лясное‑90». Устаноўлена, што смерць дзяўчынкі наступіла ў выніку насільных дзеянняў. І. Кужэльная знаходзілася ў вышуку з 23 лістапада 2007 года.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0