У сталічным кінатэатры «Ракета» ужо тыдзень ідзе «Лобстар» – стужка грэцкага рэжысёра Ёргаса Лантымаса, якая нарабіла шуму на мінулым Канскім кінафестывалі.

З'яўленне стужкі ў сталічным (няхай і строга абмежаваным) пракаце стала падзеяй. Напрыклад, у Расію гэты адзін з самых гучных фільмаў мінулага года патрапіў на пару фестываляў і – толькі яго і бачылі. Адважных дыстрыб'ютараў там не знайшлося. Прыемна, што праект Cinemascope гэта не спыніла: «Лобстар» ідзе ў «Ракеце» і, здаецца, нядрэнна прыжыўся ў нашым клімаце — паказ адбудзецца да канца сакавіка.

Пра новы фільм Ёргаса Лантымаса, аўтара намінаванага на «Оскар» у 2009 годзе «Ікла», ўжо столькі ўсяго напісана, што наўрад ці ўдасца дадаць да гэтых меркаванняў што-небудзь арыгінальнае.

У недалёкай будучыні ў адпаведнасці з суворымі законамі Горада, адзінокіх людзей накіроўваюць у Гатэль, дзе яны павінны на працягу 45 дзён знайсці сабе пару. Калі ім гэта не ўдаецца, іх ператвараюць у жывёл і накіроўваюць у Лес.

Для мяне «Лобстар» стаў вялікім расчараваннем. Але не ў мастацкім плане – гэта расчараванне ў сабе і навакольным свеце. Аўтар узяў на ўзбраенне ўвесь свой цынізм і сарказм, паступова выбудаваў не вельмі прыемны таталітарны мікракосм, у якім даволі лёгка пазнаецца сучаснае грамадства.

Тут афіцыйна дзейнічаюць патрыярхальныя парадкі: адзінота з'яўляецца недапушчальнай раскошай, а сем'і будуюцца пад прымусам грамадства, на аснове нязначных падабенстваў індывідаў (напрыклад, абодва любяць катацца на лыжах). Не хочаш жонку ці мужа – ператворышся ў любую абраную жывёліну.

Побач спее апазіцыя – адзіночкі-партызаны, якія пад страхам смерці адмаўляюцца ўтвараць пары. І нават спецыяльна слухаюць электронную музыку, каб не было жадання з кім-небудзь патанчыць.

Гіпертрафаваная метафара грамадскай маралі, дзе трэба быць як усе.

Абодва гэтыя аднолькава выхалашчаныя светы аказваюцца жудасным выпрабаваннем для звычайных людзей, накшталт меланхалічнага вусатага архітэктара (Колін Фарэл) і яго блізарукай сяброўкі (Рэйчал Вайс). Яны не прыстасаваны да жыцця ва ўмовах, дзе выхаду паміж молатам і кавадлам проста няма.

І ў гэтым галоўная памылка «Лобстара». Яго героі, няхай і выглядаюць механістычнымі, ажно да дыялогаў, але ім хочацца суперажываць. Лантымос пазбаўляе гледача такой магчымасці. А значыць, толькі і застаецца, што пакінуць залу з думкамі – чорнымі, як хмара.

 ***

«Лобстар» («The Lobster»), 2015.

Рэжысёр: Ёргас Лантымас.
Жанр: драма, фантастыка.
Краіны: Ірландыя, Вялікабрытанія, Грэцыя, Францыя, Нідэрланды, ЗША.
У ролях: Колін Фарэл, Рэйчал Вайс, Леа Сэйду, Джэсіка Бардзін, Алівія Колман, Эшлі Джэнсэн і інш.
Працягласць: 118 хвілін.

Фільм дэманструецца на англійскай мове з рускімі субцітрамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?