Расійскі бок пакуль не прыняў рашэнне аб зніжэнні цаны на газ, што пастаўляецца Беларусі, паведаміў 25 сакавіка журналістам у Мінску намеснік старшыні праўлення ААТ «Газпром» Андрэй Круглоў.

«У цяперашні час мы кіруемся міжурадавым пагадненнем і заключаным кантрактам. Мы са свайго боку зыходзім з таго, што дамоўленасці існуюць, і разлічваем на іх выкананне», — сказаў намеснік кіраўніка «Газпрома».

Разам з тым, паводле яго слоў, працягваюцца «пэўныя кансультацыі» паміж бакамі. «З боку нашых беларускіх калег было пажаданне аб зніжэнні цаны на газ, але пакуль, наколькі мне вядома, ніякіх рашэнняў не прынята. А паколькі такіх рашэнняў не прынята, мы зыходзім з дзейных дамоўленасцяў і кантрактаў», — завіў Круглоў.

Як раней паведамлялася, 2 сакавіка ў Маскве прайшлі перамовы віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі з расійскім калегам Аркадзем Дварковічам, а таксама паміж міністрамі энергетыкі дзвюх краін Уладзімірам Патупчыкам і Аляксандрам Новакам. Паводле звестак расійскага «Коммерсанта», Беларусь просіць у Расіі часовую зніжку на прыродны газ. Пры гэтым крыніцы кажуць пра два варыянты зніжэння цаны: зніжку 25 даляраў з базавай цэны кантракта або дысконт да канчатковай цаны кантракта.

13 студзеня Дварковіч і Сямашка ўжо правялі перамовы па гэтым пытанні, аднак не змаглі дасягнуць згоды. Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі раней заявіў, што яго ведамства разлічвае на зніжэнне цаны расійскага газу ў 2016 годзе больш чым на 10 даляраў за 1 тыс. кубаметраў. Хоць, паводле яго слоў, і цяпер яна прымальная — 142,37 даляра за 1 тыс. кубаметраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?