Агулам у святкаванні Дня Волі ў Мінску прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Было два эпіцэнтры вулічнай акцыі. Мікола Статкевіч, Павел Севярынец і іншыя прыйшлі да помніка Янку Купалу, што ў парку насупраць цырку, пасля ўскладання кветак, яны прайшлі шэсцем да Акадэміі навук. У ім брала ўдзел каля 700 чалавек. Было шмат сцягоў, а таксама крэатыўных плакатаў. Частка ж людзей прыйшла адразу на дазволеную ўладамі пляцоўку – каля кінатэатра «Кастрычнік». А адтуль прайшлася да ўніверсама «Рыга». Але адмовіліся ісці на плошчу Бангалор.

Сілавікі ніяк не заміналі ў правядзенні вулічнай акцыі.

Сёлета ўдзельнікам спрыяла яшчэ надвор’е. Быў ясны, сонечны вясновы вечар. Праз гэта ва ўдзельнікаў быў добры настрой. Людзі шмат спявалі, асабліва хіты «Ляпіса Трубяцкога».

Акцыя расцягнулася па часе амаль на тры гадзіны, і таму нямногія здолелі ўзяць у ёй удзел ад пачатку да канца. Людзі прыходзілі і сыходзілі. 

Рыгор Кастусёў заклікаў працягнуць святкаванне дома.

19:35

Частка людзей сышла, прычым людзі вяртаюцца па Сурганава са сцягамі, засталося стаяць каля 100 чалавек.

Пісьменнік Анатоль Івашчанка, які прыйшоў на акцыю сям'ёй, кажа, што ад акцыі ў яго самыя станоўчыя ўражанні.

Сям'я Карнелюкоў: ад помніка Янку Купалу пачалі шэсце чацвёра. Дзеці сышлі каля кінатэатра «Кастрычнік» на вечаровыя секцыі, затое далучылася стрыечная бабуля.

19:30

Афіцыйна акцыя скончана, але частка ўдзельнікаў застаецца на месцы.

Аляксандр Мілінкевіч у каментары НН выказвае меркаванне, што сёння свята было весялейшым, чым у ранейшыя гады. «Было ўрачысцей», — кажа ён.

19:28

Людзі не хочуць разыходзіцца. Сіўчык просіць разысціся.

19:24

Калона дайшла да «Рыгі». Вячаслаў Сіўчык заклікае людзей разыходзіцца, ён дзякуе людзям за ўдзел у акцыі і просіць разыходзіцца.

Павел Севярынец выказвае надзею, што на «Чарнобыльскі шлях» прыйдзе больш народу.

Моладзь масава скача на адным месцы: «Хто не скача, той маскаль».

19:18

Калона ідзе па вуліцы Сурганава ля цэнтра «НЛО». Спяваюць песні.

Людзі пачынаюць крыху пакідаць шэсце.

А асобы ў цывільным працягваюць блакаваць банер «Мая хата з краю».

19:15

Частка ўдзельнікаў акцыі пераходзіць вуліцу Якуба Коласа.

19:11

Калона дайшла да вуліцы Якуба Коласа. Спяваюць «Воіны святла» «Ляпісаў». Спяваюць «Тры чарапахі».

Здаецца, што шэсце па праспекце было больш весялейшым.

Фота Арцёма Шрайбмана, Tut.by

Фота Арцёма Шрайбмана, Tut.by

19:04

Прахожыя па-рознаму рэагуюць на ўдзельнікаў шэсця. Нехта ўхвальна вітае, нехта хуценька праходзіць міма.

Адзін з удзельнікаў акцыі прыйшоў са сцягам і нямецкім аўчаркам. У яго ў руках плакат «Не трухай РОВД».

19:00

Наперадзе калоны, што дайшла да вуліцы Сурганава, з палітыкаў ідуць Аляксей Янукевіч і Віталь Рымашэўскі. Ідзе Аляксандр Мілінкевіч.

Людзі плануюць дайсці да супермаркета «Рыга» і разысціся. Спяваюць песні «Ляпісаў».

18:54

Калона зноў пачала рух. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь», спяваюць песні «Ляпісаў».

Фота Tut.by

Фота Tut.by

18:52

Удзельнікі акцыі зноў збіраюцца ў калону. Наперадзе трымаюць банер «Дзень Волі» з фатаграфіямі дзеячаў Рады БНР.

18:48

Людзі вырашылі не ісці на Бангалор. Сіўчык прапануе ісці да ўніверсама «Рыга». Віталь Рымашэўскі прапанаваў дайсці да «Рыгі» і разысціся да дамах.

Закаханыя на Дні Волі каля кінатэатра «Кастрычнік»

Закаханыя на Дні Волі каля кінатэатра «Кастрычнік»

18:42

Людзі перыядычна гукаюць: «Жыве Беларусь!» Мітынг працягваецца.

Нехта слухае выступоўцаў, большасць разбілася на групкі і гамоніць пра сваё.

18:41

На адным з банераў гаворыцца: «Верым, можам, пераможам. Грунвальд — Орша».

18:37

Мноства самаробных маленькіх плакатаў з чорнымі птушкамі: «Дзе нашы пенсіі? Дразды здзяўблі». «Дзе нашы грошы? Дразды здзяўблі». «Дразды да адказу».

Адзін з удзельнікаў кажа: «Галоўная наша праблема — гэта Дразды».

18:35

Выступае сацыял-дэмакрат з Барысава Алесь Абрамовіч.

18:31

Выступае ад імя прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Кажа, што будуць збіраць подпісы ад імя ІП і перадаваць у Канстытуцыйны суд. Адна з акцый прадпрымальнікаў плануецца на красавік.

Ён таксама заклікае вызваліць з турмы кіраўніка «Платформы» Андрэя Бандарэнкі.

З'явіўся сцяг Нарвегіі.

Фота Tut.by

Фота Tut.by

18:27

Выступае Анатоль Лябедзька. «Дзе вашы заробкі? — іх скралі Дразды. Дзе вашы пенсіі? Іх скралі Дразды. Дзе права выбару? Іх скралі Дразды», — кажа ён.

18:23

Выступае старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Дзясяткі тысячаў беларусаў ахвяравалі сваім жыццём дзеля незалежнасці, каб яна адбылася. І мы павінны яе адстаяць. Імперская Расія ніколі не пагодзіцца, каб Беларусь была незалежнай». «Беларусь жыве і будзе жыць», — сканчае ён прамову.

Людзі гукаюць «Жыве Беларусь!».

18:21

Выступае Алесь Лагвінец, ён зачытаў зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. «Беларусь некалі далучыцца да еўрапейскіх народаў. Трэба ў гэта верыць».

18:19

Шэсце дайшло да Акадэміі навук, дзе іх чакалі іншыя ўдзельнікі. Усяго каля кінатэатра «Кастрычнік» каля 1 000 чалавек.

Ля Акадэміі навук у чаканні асноўнага шэсця, фота Паўлюка Быкоўскага.

Ля Акадэміі навук у чаканні асноўнага шэсця, фота Паўлюка Быкоўскага.

18:17

Галава калоны амаль дайшла да кінатэатра «Кастрычнік», што каля Акадэміі навук.

Някляеў таксама кажа, што ісці на Бангалор не варта.

18:13

Калона набліжаецца да Акадэміі навук, перыядычна сігналяць машыны.

18:06

Мікола Статкевіч кажа, што не збіраецца ісці на Бангалор, а скончыць акцыю ля Акадэміі навук.

Істотна вырасла колькасць удзельнікаў акцыі пасля таго, як калона дайшла да Якуба Коласа. У калоне, па розных падліках, ад 500 да 700 чалавек.

Фота Tut.by

Фота Tut.by

18:03

Удзельнікі акцыі, якая рухаецца ад парку Янкі Купалы, дайшла да рэстарана «Лідо». 

Нясуць вялікі банер «Лідскі край — шляхам волі». Яго аўтары прыехалі з Ліды.

18:02

Да будынка Акадэміі навук прыйшоў з новай карцінкай мастак Алесь Марачкін. На ёй адлюстраваны Пуцін, які ляціць на чорным самалёце з зялёнымі чалавечкамі.

18:00

Шэсце дайшло да былога будынка Алімпійскага камітэта.

17:55

Ля помніка Якубу Коласа да ўдзельнікаў акцыі звяртаюцца Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў.

Фота Tut.by

Фота Tut.by

У той жа час ля Акадэміі навук знаходзіцца каля 250 чалавек, шмат бел-чырвона-белых сцягоў.

Шэсце рушыла ў бок Акадэміі навук.

17:54

Маладыя людзі: 98 год БНР — гэта важная дата і для нас не пусты гук. Таму мы вырашылі адзначыць.

17:53

Удзельнікі акцыі дайшлі да плошчы Якуба Коласа.

Фота Tut.by

Фота Tut.by

17:52

Некалькі ўдзельнікаў прыйшлі сюды цэлымі сем'ямі.

17:47

Шэсце рушыла далей. Ідуць да плошчы Якуба Коласа. Галава калоны знаходзіцца каля беларускамоўнай гімназіі №23. Перыядычна сігналяць машыны.

***

Фота Паўлюка Быкоўскага

Фота Паўлюка Быкоўскага

17:42

Галава калоны прайшла трамвайныя рэйкі на вуліцы Казлова. Людзі перыядычна гукаюць «Жыве Беларусь!» і «Верым, можам, пераможам!». 

У маніфестацыі бярэ ўдзел мужчына без нагі, на куртцы ў яго бел-чырвона-белы сцяжок. Ён кажа: «Сяброў тут многа, я і 100 км прайду».

Фота Tut.by

Фота Tut.by

Шэсце спынілася на рагу праспекта і Казлова, чакаюць пакуль усе пяройдуць.

17:38

Галава калоны падыходзіць да вуліцы Казлова. У шэсці бярэ ўдзел каля 350 чалавек.

Некаторыя машыны пачынаюць сігналіць.

17:34

Галава калона дайшла да Плошчы Перамогі. Людзі не спускаюцца ў падземны пераход, а ідуць наземным. Гукаюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».

Грамадскі актывіст Павел Юхневіч прыйшоў на акцыі з дачкой Евай, якую трымае на шыі. «Гэта свята, і дачка гэта ведае», — кажа ён.

17:33

Запалілі першыя фаеры. «Выйдзі на вуліцу, вярні сабе свабоду», — скандуюць некаторыя ўдзельнікі акцыі.

17:31

Ціхары ідуць так уздоўж праспекта, каб закрываць банеры, што нясуць удзельнікі, і адпаведна, каб іх не было відаць з праспекта.

17:28

Прыйшоў хлопец, загорнуты ва ўкраінскі сцяг. Ён кажа, што Украіна стала прыкладам, а таксама выказвае падтрымку Надзеі Саўчанка.

17:25

Калона расцягнулася ад моста праз Свіслач да цырка. На акцыю прыехалі людзі з Баранавічаў і Маладзечна.

17:23

Калона выйшла на праспект і крочыць у бок Плошчы Перамогі. Дзяўчына ў бел-чырвона-белым вяночку раздае шакаладныя цукеркі ўдзельнікам акцыі.

17:22

Людзі пашыхтаваліся ў калону, каб рухацца праспектам у бок плошчы Якуба Коласа

17:19

Каля 300 чалавек у парку. Узнята каля 15 сцягоў.

На адным з плакатаў напісана, што ў пацярпелых ад Чарнобыля рэгіёнах пенсійны ўзрост павінен быць 60 гадоў для мужчын, 55 — для жанчын.

Фота Віктара Гіліцкага, kp.by

Фота Віктара Гіліцкага, kp.by

Сіўчык прапануе ўшанаваць хвілінай маўчання памяць памерлых дысідэнтаў Валерыя Сядова і Сяргея Ханжанкова.

17:15

Выступае Уладзімір Някляеў. «Мы хочам жыць не ў лукашэнкаўскай Беларусі, а ў купалаўскай».

У парку — 250 чалавек.

Бацькі героя Майдану Міхаіла Жызнеўскага на акцыі ў Мінску

Бацькі героя Майдану Міхаіла Жызнеўскага на акцыі ў Мінску

17:13

Выступае Анатоль Лябедзька. Ён крытыкуе апошнія эканамічныя падзеі: «Больш за 20 гадоў у нас няма права выбару». Усё больш людзей пачынаюць верыць, што трэба нешта мяняць у краіне, кажа ён. «Будучыня залежыць ад нас. Толькі мы павінны вырашаць, якія святы святкаваць у краіне».

17:10

Выступае Вячаслаў Сіўчык. 

На адным з плакатаў: «Твая хата з краю? Крайняя хата першая і гарыць».

Фота Віктара Гіліцкага, kp.by

Фота Віктара Гіліцкага, kp.by

17:07

Выступае Севярынец. Ён дзякуе ўсім, хто прыйшоў сюды.

17:05

«Сёння вялікая дата ў беларусаў. Беларусь нагадалі свету, што яны нацыя, што яны хочуць незалежнасці», — кажа Статкевіч. У парку — 200 чалавек. 

Ніна Багінская прыйшла з плакатам «Драпежная ўлада, прэч расійскія фашысты».

17:03

Севярынец гукае «Незалежнасць», людзі гукаюць у адказ.

Хлопец трымае плакат «БНР паўстала без дазволу гарвыканкама».

17:03

Пачалі гукаць «Жыве Беларусь», узнялі першыя бел-чырвона-белыя сцягі.

Статкевіч пачаў выступ.

17:01

Каля помніка ўжо 100 чалавек. Прыйшлі грамадская актывістка Вольга Нікалайчык, Марына Адамовіч.

16:58

Палітыкі пачалі ўскладаць кветкі. Статкевіч віншуе беларусаў з Днём Волі. «Тое, што здарылася ў 1918-м, спраўдзілася ў 1991-м. Але трэба гэта пацвярджаць».

16:52

У парку Янкі Купалы — некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі падыходзяць. Разгортваюць сцягі. Прыйшлі Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Павел Вінаградаў.

Статкевіч прапануе ўскласці кветкі і прайсці праспектам, па дарозе спыніўшыся ля помніка Якубу Коласу.

16:48

Мікола Статкевіч прапанаваў а 17-й ускласці кветкі да помніка Янку Купалу.

16:42

За Палацам Рэспублікі стаіць некалькі аўтазакаў, паведамляе ў сваім фэйсбуку Іна Кулей.

Сёння, 25 сакавіка, адзначаецца Дзень Волі. 98 гадоў таму, у 1918 годзе, ва ўмовах сусветнай вайны была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Тады ўпершыню ў найноўшай гісторыі беларусы заявілі пра сваё права на дзяржаўнасць.

А 18-й гадзіне ля Акадэміі навук мае распачацца афіцыйна дазволенае шэсце ў гонар Дня Волі.

Мікалай Статкевіч прапанаваў перад ім, а 17-й гадзіне, сабрацца ў парку Янкі Купалы для ўскладання кветак да помніка нацыянальнаму паэту, а потым прайсці ў бок Акадэміі навук. На думку Статкевіча, улады зрабілі памылку, ігнаруючы Дзень Волі самі і не даючы дазволу на яго адзначэнне ў цэнтры горада.

«Наша Ніва» будзе весці відэа і тэкставы анлайн з акцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?