У Брусэлі 25 сакавіка затрыманыя тры чалавекі, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі Францыі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на пракуратуру Бельгіі.

Адзін з падазраваных пры затрыманні спрабаваў узяць закладнікаў і быў паранены, паведамляе RTBF. Паводле непацверджаных звестак, пры ім быў заплечнік з выбухоўкай. У апублікаваным RTBF роліку бачна, як робат-сапёр набліжаецца да чалавека, якія ляжыць на трамвайным прыпынку з заплечнікам у руцэ.

Затрыманні прайшлі ў брусэльскай камуне Схарбек. Падчас рэйдаў адбыліся тры выбухі. Па словах прадстаўніка мясцовых уладаў, гэта было кантраляванае размініраванне.

Раней паведамлялася, што раніцай 25 сакавіка ў Брусэлі быў затрыманы падазраваны ў датычнасці да нядаўніх тэрактаў. З шасці чалавек, затрыманых у Брусэлі напярэдадні, трое былі змешчаныя пад варту, паведамляе The Guardian.

Увечары 24 сакавіка ў прыгарадзе Парыжа быў затрыманы чалавек, які падазраецца ў падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі Францыі. Паводле дадзеных французскіх СМІ, яго завуць Рэда Крыкет. Паведамляецца, што ён быў звязаны з Абдэльхамідам Абаудам - меркаваным арганізатарам тэрактаў у Парыжы ў лістападзе 2015 года, забітым падчас спецаперацыі неўзабаве пасля тэрактаў.

22 сакавіка ў Бруселі адбыліся тры выбухі, у выніку якіх загінуў 31 чалавек і 300 атрымалі раненні. Выбухі зладзілі тры смяротнікі, апазнаныя паліцыяй як Ібрагім Бакраві, Халід Бакраві і Наджым Лашраві. Яшчэ два меркаваныя ўдзельнікі тэракту знаходзяцца ў вышуку. Некаторыя выканаўцы выбухаў у Брусэлі былі датычныя да падрыхтоўкі тэрактаў у Парыжы ў лістападзе 2015 года. У прыватнасці, на месцы выбухаў у Парыжы была знойдзена ДНК Наджыма Лашраві.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?