Рок‑фэст на беларуска‑літоўскай мяжы be2gether адбудзецца ў другі раз. Гэтым разам ён пройдзе ажно на трох сцэнах. Арганізатары сёлета не выстаўляюць аніякіх палітычных лёзунгаў і прысьвячаюць фэст Вільні. Беларускіх гуртоў сёлета будзе яшчэ болей. Але выступяць яны не на галоўнай сцэне…

Рок‑фэст пройдзе ў тры дні — з 14 па 17 жніўня ў Нарвілішках, у некалькіх дзясятках мэтраў ад беларускай мяжы. Выступоўцы — гурты з усяго сьвету — будуць разьмеркаваныя па трох сцэнах пад адкрытым небам, плянуецца яшчэ і клюбная пляцоўка. Арганізатары пакуль не абвяшчаюць сьпіс хэдлайнэраў be2gether‑2008. Праграмны дырэктар фэсту Давід Блюўштэйн кажа, што плянавалася запрасіць у Нарвілішкі гурт Metallica ды яшчэ колькі сусьветных зорак, але перамовы яшчэ ня скончаныя.

— Так, я вёў перамовы з Metallica, хацелі іх бачыць на фэсьце, але ў іх тур сканчаецца за 10 дзён да пачатку нашай імпрэзы. У астатнім на 80% праграма ўжо складзена, але пакуль перамовы ня скончаныя з усімі, абвяшчаць хэдлайнэраў ня будзем.

Сярод удзельнікаў буйнога эўрапейскага фэсту па традыцыі ўжо будуць і беларусы. Летась у be2gether‑2007 узялі ўдзел гурты «Ляпіс Трубяцкой», Drum Ecstasy і IQ48. Давід Блюўштэйн кажа, што сёлета іх будзе болей. Праўда, на галоўнай сцэне наўрад ці нехта зь іх выступіць.

— Магу сказаць, якія беларускія дыскі стаяць на маім стале — Зьміцер Вайцюшкевіч, «Крамбамбуля», «Серебряная свадьба», beZ bileta. Відаць што беларускія гурты будуць выступаць на трэцяй сцэне. У Беларусі тая ж праблема, што і ў літоўцаў — няма гуртоў, годных першай сцэны, на якой будуць выступаць вядомыя заходнія каманды.

Адзін з арганізатараў фэстывалю Антон Нікіцін дадае, што сёлета будзе выяўлены яшчэ больш клопат пра гледачоў — нават адмысловы дзіцячы садок будзе працаваць, у якім бацькі змогуць пакінуць сваіх дзетак. А мастакі дык наогул могуць прыяжджаць у Нарвілішкі за 10 дзён да фэсту.

— Для ўсіх цікаўных творцаў будуць зладжаныя творчыя майстэрні. Ужо на пачатку жніўня можна прыязджаць у Нарвілішкі ды спрабаваць сябе ў розных відах мастацтва, а паказаць свае працы будзе магчымасьць на самім фэстывалі.

Пакуль што квіткі be2gether можна атрымаць, як бонус да DVD‑фільму пра леташні фэстываль коштам 100 літаў (ля 45 даляраў). Адмыслова для беларускіх гледачоў плянуецца зрабіць пэўныя зьніжкі. Разьлік арганізатараў фэсту — на 15 000 чалавек.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0