«Я не магу апісаць гэта пачуццё. Абвінавачваюць у гібелі людзей, рэлігійным фанатызме, нецярпімасці… Гэта быў шок», - заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу АНТ Марат Юнусаў, адзін з трох грамадзян Беларусі, якія па версіі расейскіх СМІ, датычныя да тэрактаў у Брусэлі 22 сакавіка.

Сюжэт быў паказаны ўвечары 26 сакавіка ў праграме «Нашы навіны». З Юнусавым размаўлялі, калі ён ускладаў кветкі, аддаючы даніну памяці загінуўшым у выніку тэрарыстычных нападаў.

«Я звярнуўся ў паліцыю, я жыву па суседстве з паліцэйскім участкам, паказаў беларускі пашпарт, паказаў дазвол на жыхарства ў Бельгіі. Яны ўсё праверылі. Гэта заняло дзве-тры гадзіны. Сказалі, што ніхто нічога не адпраўляў… Ніякіх абвінавачванняў супраць вас не прад'яўлена. Я сказаў, што я адкрыты для любога расследавання, я жыву побач», — распавёў Марат Юнусаў.

Юнусаў хоча звярнуцца ў суд, каб дамагчыся афіцыйнага абвяржэння інфармацыі, распаўсюджанай адносна яго дачынення да тэрактаў.

Нагадаем, некалькі дзён таму КДБ Беларусі афіцыйна заявіў, што як мінімум яшчэ адзін агучаны расійскімі СМІ «падазраваны» ў датычнасці да тэрактаў, 22 мая знаходзіўся не Брусэлі, а ў Гомелі.

Наогул гаворка ішла пра братоў Івана і Аляксея Доўбашаў, а таксама Марата Юнусава.

«Нам дакладна вядома, што на момант здзяйснення тэрактаў Аляксей Доўбаш знаходзіўся ў Гомелі, - заявіў начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын. - Прычым аб сваім выездзе ў Беларусь ён загадзя праінфармаваў бельгійскую паліцыю. А даведаўшыся з інтэрнэту інфармацыю, якая ў дачыненні да яго з братам распаўсюджваецца, папрасіў брата Івана растлумачыцца ў антытэрарыстычных падраздзяленнях Бельгіі, што той і зрабіў».

«Такім чынам, мы можам пэўна сцвярджаць, што Аляксея Доўбаша на момант здзяйснення тэрактаў у Бельгіі не было», - канстатаваў Пабяржын.

Пытанне аб тым, дзе знаходзіліся ў гэты момант Іван Доўбаш і Юнусаў, ён пераадрасаваў бельгійскім спэцслужбам.

Адносна асоб, названых у расійскіх СМІ, Пабяржын адзначыў, што гэтыя людзі знаходзяцца ў полі зроку Камітэта дзяржаўнай бяспекі з 2014 года. З 2015 года іх праверка вялася сумесна з ФСБ Расіі.

«Устаноўлена, што двое з іх на самой справе з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а адзін з'яўляецца выхадцам з Расійскай Федэрацыі. Разам з тым, дадзеных, якія пацвярджаюць іх узаемасувязь, на сённяшні дзень у Камітэта дзяржаўнай бяспекі няма», - заявіў Пабяржын.

Паводле інфармацыі КДБ, браты Доўбашы - Аляксей у 12-гадовым узросце і Іван у 7-гадовым узросце - разам з маці ў 2000 годзе выехалі ў Бельгію, дзе і выхоўваліся. У 2006 годзе Аляксей скончыў школу ў Льежы, пайшоў на секцыю боксу, дзе і пазнаёміўся з прыхільнікамі ісламу. Пасля пад іх уплывам ён таксама прыняў іслам і на першапачатковым этапе пастаянна наведваў мячэць. Па наяўнай інфармацыі, у апошні час мячэць ён не наведвае, а моліцца дома.

«Таксама мы маем інфармацыю аб тым, што ў 2013 годзе ён пазнаёміўся з выхадцам з Сербіі, які пасля выехаў на вайну ў Сірыю. У 2014 годзе прыблізна паўтара месяца знаходзіўся з мэтай пошуку працы на тэрыторыі Турцыі. За парушэнне турэцкага заканадаўства быў высланы назад у Бельгію», - распавёў прадстаўнік КДБ.

КДБ мае дадзеныя аб тым, што браты перыядычна наведвалі Беларусь.

Што тычыцца Марата Юнусава, дык ён ад 1990 года жыў у Беларусі, у Гродзенскай вобласці, у 1999 годзе выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Бельгію. У 2008 годзе прыняў падданства Каралеўства Бельгія. «З гэтага часу мы маем дадзеныя пра пяць наведванняў ім Беларусі. Апошні раз ён быў тут у 2011 годзе», - сказаў Пабяржын.

Ён заявіў, што ў снежня 2015 года інфармацыя пра братоў Доўбашаў і Юнусава была перададзена ў ФСБ Расіі з прапановай аб перадачы яе праваахоўным органам Бельгіі, з якімі КДБ Беларусі кантактаў не падтрымлівае. Ці перададзена гэтая інфармацыя па прызначэнні, у Мінску невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?