Аляксей Доўбаш, адзін з беларусаў, якога правяралі на дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, распавёў, чаму ён апынуўся ў поле зроку спецслужбаў. Поўная версія інтэрв'ю была паказана ў эфіры праграмы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» вечарам 27 сакавіка.

Паводле яго слоў, ім зацікавіліся праваахоўныя органы пасля таго, як ён пабываў у Турцыі.

«Пасля таго як пачалася вайна ў Сірыі, усіх людзей, якія трапляюць у Турцыю з Еўропы, за імі ажыццяўляецца глыбокі кантроль. Пасля вяртання з Турцыі я засвяціўся ў базах спецслужбаў, мой профіль падыходзіў, вось яны мне задалі пару пытанняў датычна таго, дзе я быў, навошта я туды паехаў, што я там рабіў. Усё! Мая справа была адкрыта і адразу ж закрыта», — растлумачыў ён.

Аляксей Доўбаш не ўдакладніў, спецслужбы якой краіны цікавіліся яго знаходжаннем у Турцыі.

Доўбаш-старэйшы таксама распавёў, што быў у аэрапорце Завентэм за дзень да двайнога выбуху — збіраўся ляцець у Беларусь. Ён адзначыў, што паездка была запланавана, квіткі набытыя, а бельгійскай паліцыі за тыдзень паведамлена пра яго ад'езд.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта, навошта ж ён папярэджваў паліцыю Бельгіі аб ад'ездзе — правілы ж гэтага не патрабуюць, — Аляксей Доўбаш спаслаўся на асаблівыя абставіны.

«Мне трэба было папярэдзіць ў гэтым выпадку. У мяне былі такія абставіны, што трэба было папярэдзіць. Я ні на якім кантролі не лічуся, проста мне трэба было папярэдзіць. Таму што я часта прыязджаю сюды, у Беларусь. І праблема як бы ёсць, што я адсутнічаю доўга ў краіне, яны могуць проста пазбавіць мяне адрасу», — паведаміў Доўбаш.

Малады чалавек таксама абверг заяву КДБ Беларусі, што ездзіў у Турцыю з мэтай працаўладкавання.

«На самай справе, я проста паехаў у Турцыю ў адпачынак. Спачатку я паехаў на два тыдні, але зваротны білет не браў. Мне там спадабалася, я застаўся, мне захацелася там пабыць — у Турцыі я прабыў месяц», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?